ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

I Кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі адбудзецца ў Гродне

З жыцця Касцёла

З 24 па 26 жніўня ў Гродне адбудзецца I Кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі. Сімпозіум пройдзе пад дэвізам “Інтэрнэт, радыё, прэса, тэлебачанне: католікі – мы тут ёсць!” Пра тое, чаму ўзнікла неабходнасць правядзення такой сустрэчы і што на ёй будзе адбывацца, мы распыталі кс. Паўла Салабуду, адказнага за правядзенне I Кангрэса каталіцкіх СМІ ў Беларусі.
– Ксёндз Павел, як з’явілася ідэя кангрэса каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі?
    – У частых размовах з кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам, які адказвае за развіццё каталіцкіх СМІ ў Беларусі, мы не раз закраналі тэму таго, што трэба зрабіць Касцёлу, каб каталіцкія СМІ развіваліся далей. За апошні час можна заўважыць, што нашыя медыі пайшлі наперад: назіраецца развіццё каталіцкай прэсы, праводзіцца вялікая праца ў інтэрнэце, медыйная дзейнасць на радыё і тэлебачанні, штораз болей паўстае артыкулаў на рэлігійныя тэмы. Таму і ўзнікла такая думка, каб сустрэцца ўсім разам, каб супольнасць каталіцкіх журналістаў, якія працуюць у каталіцкіх і свецкіх СМІ, пазнаёмілася. Вельмі важна таксама абмяняцца поглядамі, думкамі. Напэўна, вынікі кангрэса дадуць новы кірунак нашай наступнай евангелізацыйнай працы ў медыях.

   – Якія пытанні для дыскусіі будуць прапанаваны падчас кангрэса?
    – Ёсць 4 найважнейшыя кірункі, гэтак званыя секцыі: інтэрнэт, радыё, тэлебачанне, друк. Мы хочам супольна засяродзіцца на тым, што яшчэ трэба зрабіць, каб голас Касцёла быў пачуты на гэтых медыйных прасторах. Мы хочам спыніцца над тым, што яшчэ трэба зрабіць, каб інтэрв’ю было цікавейшым, каб напісаць цікавую навіну з жыцця Касцёла, у якой прысутнічалі б моманты катэхізацыі. Таксама, што трэба зрабіць, каб інтэрнэт-старонкі былі на ўзроўні, які кірунак далейшага развіцця працы ў сацыяльных сетках, блогах і г.д. Будзе таксама шмат практычнай інфармацыі, напрыклад, на тэму, як змагацца з плагіятам і непраўдзівай інфармацыяй, што ў такой сітуацыі павінен зрабіць каталіцкі журналіст. Можна будзе даведацца, як знайсці грошы для развіцця каталіцкіх медый. Чарговай важнай праблемнай сферай будзе разважанне над тым, як падаць сённяшняму чытачу як мага больш хрысціянскага зместу, у тым ліку каталіцкага. А сёння нам не хапае артыкулаў на рэлігійную тэму. Мы таксама будзем думаць і над гэтым. Будзем разважаць, як палепшыць супрацу са свецкімі СМІ. Усіх дакладчыкаў я прасіў менавіта аб тым, каб яны падказалі, што яшчэ трэба зрабіць для лепшага развіцця нашай медыйнай дзейнасці ў Беларусі, а большасць з іх ведае нашыя рэаліі.

    – Што можна ўбачыць у праграме кангрэса?
    – Перш за ўсё, будуць рэфераты на розныя тэмы, звязаныя з дзейнасцю католікаў у мас-медыях. Калі ўдасца прыехаць журналістам з Украіны, то ў нас будзе магчымасць паслухаць, як развіваецца ўжо арганізаваная супольнасць каталіцкіх журналістаў на Украіне. Штодня прафесійныя журналісты будуць праводзіць майстар-класы, з якіх шмат чаму можна будзе навучыцца. Будуць таксама арганізаваны круглыя сталы – паводле, безумоўна, заявак – дзе можна будзе задаць канкрэтныя пытанні прафесіяналам з-за мяжы, а таксама ўбачыць, якія рэаліі развіцця каталіцкіх медый у Беларусі. Напрыканцы нашага кангрэса мы хочам адзначыць узнагародамі тых людзей, якія ўжо шмат зрабілі ў медыйнай працы як католікі.

    – На Вашу думку, якія будуць вынікі гэтага кангрэса?
    – Увогуле, думаю, што вынікі гэтай сустрэчы будуць вельмі важнымі ў жыцці нашага Касцёла. Мы не звяртаем увагі на колькасць асоб, якія прыедуць на гэты кангрэс, а глядзім у першую чаргу на якасць. Гэта будуць людзі, якія штодзённа працуюць з мас-медыямі і вераць у Бога. Таму тое зерне, якое будзе засеяна на іх журналісцкую глебу, дасць вялікія плады. Я спадзяюся, што кангрэс змабілізуе нас да актыўнага ўдзелу і большай працы на медыйнай ніве, каб лепш абвяшчаць Евангелле праз сродкі масавай камунікацыі. Разам мы можам зрабіць шмат. Я заахвочваю Вас прачытаць пасланне Святога Айца на Дзень сродкаў масавай камунікацыі, дзе ён адзначае, што працуючы на евангелізацыйным полі пры дапамозе сродкаў масавай камунікацыі, мы можам нанава абвяшчаць Хрыста ў сучасным свеце.

    – Дзякуй за размову!


   Агульная інфармацыя
    Да ўдзелу ў I Кангрэсе каталіцкіх СМІ запрашаюцца працаўнікі беларускай каталіцкай прэсы, інтэрнэт-сайтаў, блогеры,
   асобы, якія супрацоўнічаюць з радыё і тэлебачаннем, а таксама журналісты-католікі, якія працуюць у свецкіх СМІ.
    У праграме кангрэса – майстар-класы, дыскусіі, круглыя сталы і канферэнцыі, якія правядуць цікавыя аўтарытэтныя асобы.
   Падчас кангрэса будзе таксама арганізавана выстава-продаж рэлігійнай літаратуры.
    Форум пройдзе ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне па вул. Парыжскай Камуны, 1.
   Арганізатары забяспечваюць начлег і харчаванне. Удзел у кангрэсе бясплатны.
    Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца да 20 жніўня на сайце catholic.by.
    Праграма кангрэса з’явіцца пазней на сайтах grodnensis.by, catholic.by.

    Больш інфармацыі па тэлефоне:
    +375 29 637-07-17 – кс. Павел Салабуда, адказны за арганізацыю кангрэса.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.