ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

У чым зло акультызму і магіі? (частка 1)

На шляху да святасці

“Ніхто не застрахаваны ад меркантыльных спакус, я і сама раней наводзіла на людзей сурокі (порчу) за грошы... Але аднойчы я зразумела, што ўсе мае ўчынкі дрэнныя... Дапамагаючы адным, я калечу іншых. Я зразумела, што ісці на здзелку з д’яблам заўсёды небяспечна”. Гэта словы адной вядзьмаркі – зоркі папулярнага расійскага шоу, якое прапагандуе магію і акультызм. Ужытая тут цытата – гэта не ўрывак з пакаяння чараўніцы. Наадварот. Гэта спроба пераканаць людзей у тым, што акультызм – гэта добра і карысна. Дастаткова толькі адрозніваць “белую” магію ад “чорнай”.
У наш час ужо не модна, як у мінулым стагоддзі, быць атэістам. Сучасная культура навязвае нам іншы вобраз супергероя – індыга, валадара патаемных сіл. Нам насаджаюцца фільмы і тэлепраграмы аб акультызме, чарах. Пад уздзеяннем прапаганды нават веруючыя хрысціяне пачынаюць сумнявацца ў шкоднасці магіі. Новае пакаленне, выхаванае на прыкладах герояў тыпу Гары Потэра, вабіць свет акультызму. На пытанне “Ці існуе розніца паміж «белай» і «чорнай» магіяй?” сучасны абывацель паспяшаецца адказаць: “Існуе вялікая розніца! Дрэнная толькі «чорная» магія, а «белая» – добрая і карысная”. А калі вы тое самае пытанне зададзіце святару-экзарцысту, да якога пастаянна прыводзяць ахвяр “нявінных” гульняў з духамі, то адказ будзе адназначны: кожная магія па сваёй прыродзе – зло. На жаль, наіўныя ахвяры шарлатанаў, ведзьмароў і злых духаў не жадаюць чуць праўды. Аднак, назіраючы за тым, як моцна фінансуецца прапаганда магіі ў мас-медыях, ёсць над чым задумацца.
   
Адкуль паходзяць чары?
Кожны разумны чалавек, сустрэўшыся з феноменам акультызму, задумаецца ў першую чаргу аб яго паходжанні. Навукоўцы лічаць, што існуюць тры гіпотэзы, якія нейкім чынам маглі б растлумачыць экстрасэнсорныя паводзіны некаторых людзей.
    Паводле першай гіпотэзы, экстрасэнс ці вядзьмар можа быць проста хітрым ашуканцам. Добра апанаваўшы метады псіхаманіпуляцый і гіпнозу, ён лёгка можа зманьваць публіку. Ашуканец імкнецца працаваць індывідуальна або з вузкім колам псіхалагічна слабых і ўражлівых людзей. Ён заўсёды будзе хавацца за аўрай патаемнасці, як гэта робіць фокуснік (шырма, ілюзіянізм, іншыя сродкі адцягвання ўвагі).
    Паводле другой гіпотэзы, экстрасэнсорыка (даслоўна – “адчуванне чагосьці па-за”, “звышадчувальнасць”) можа быць звязана з індывідуальнымі асаблівасцямі псіха-фізічнай натуры чалавека. Гэта значыць, што незвычайныя здольнасці могуць быць звязаны з гіперадчувальнасцю асобы на знешнія і ўнутраныя раздражняльнікі. Гэта выражаецца ў адмысловай суперінтуіцыі. Чалавек адчувае тое, на што іншыя проста не звяртаюць увагі. А калі такая звышадчувальная асоба мае яшчэ надзвычай развітыя здольнасці сінтэтычнага мыслення (складвання фактаў, вывадаў), то можа з высокай доляй праўдападобнасці прадбачыць наступствы падзей і паводзін чалавека. Такія здольнасці, на мяжы псіхапаталогіі, для простага абывацеля будуць выглядаць як звышнатуральныя.
    Некаторыя прыхільнікі гэтай гіпотэзы дапускаюць існаванне неадкрытых навукай фізічных і псіхічных уласцівасцей чалавечай прыроды. На гэтай гіпотэзе грунтуюцца пошукі навукоўцаў, якія вераць у магчымасць паўстання новага чалавецтва “супермэнаў”, “індыга” і т.п. Гэтая версія гіпотэзы балансуе на мяжы навуковай фантастыкі і наіўнай веры ў бязмежны (боскі) патэнцыял чалавека.
    Трэцяя група вучоных схіляецца да гіпотэзы, што звышнатуральныя здольнасці могуць быць звязаны з уздзеяннем на чалавека іншай разумнай і нябачнай істоты. Гэтая навуковая гіпотэза блізкая да таго, што сцвярджае Біблія і вучэнне Касцёла. Вучоныя гэтай катэгорыі разгублена аналізуюць дзівосныя факты і шукаюць істот з “паралельнага свету”.
    Хрысціянства са шматвяковага досведу ведае аб існаванні рэальных духоўных істот. Акрамя таго, Касцёл мае канкрэтныя інструменты і адпрацаваныя спосабы, як сябе паводзіць у сітуацыі кантакту з духоўнымі істотамі. Мы ведаем, што гэта разумныя Божыя стварэнні, якія не маюць фізічнага цела, здольныя ўступаць з людзьмі ў кантакт. Яны падзяляюцца на дзве катэгорыі: анёлы (добрыя духі, пасланцы Бога, памагатыя і ахоўнікі людзей) і дэманы (злыя духі, былыя анёлы, збунтаваныя супраць Бога, якія кіруюцца ідэяй выкарыстання і вынішчэння людзей).
    Вучэнне Касцёла адназначна перасцерагае хрысціян, каб яны ніколі не прымалі ўдзелу ў нейкіх сеансах, звязаных са звышнатуральнымі патаемнымі сіламі. Гаворка тут ідзе пра рэальную пагрозу нават пры пасіўным удзеле ў магічных практыках (глядач, памагаты або спадарожнік асобы, якая ідзе да “бабкі”). Касцёл, маючы шматвяковы вопыт змагання з дэманічнымі сіламі, перасцерагае вернікаў, што заўсёды існуе пагроза ўздзеяння дэманічных сіл на чалавека нават пры пасрэдным удзеле (per accidens) у нейкай “гульні” з патаемнымі сіламі. Бо звычайнаму чалавеку суб’ектыўна можа падавацца, што ўсё нармальна, бо ён не бачыць фізічнай пагрозы. А адкрыць нейкую асобу на дзеянне злога духа можна вельмі проста, пераконваючы яе, што гэта проста шоу, гульня, звычайная праграма на тэлебачанні.
    Таксама, калі нейкі маг ці экстрасэнс пераконвае кліента, што ён дзейнічае ад Бога, не азначае, што так ёсць на самой справе. Нават наяўнасць пабожных “дэкарацый” у знахара можа быць манёўрам псіхалагічнай маніпуляцыі (падману). Акрамя таго, на пачатковым этапе нават самі медыумы, “бабкі” ці экстрасэнсы могуць паддацца суб’ектыўнаму перакананню, што яны маюць надзвычайныя сілы. Але дастаткова мінімум самакрытычнасці, каб адкрыць жахлівую праўду: паранармальныя магічныя здольнасці – гэта дзеянне не самога чалавека, а рэальнага дэмана, якога ён упусціў у сваё жыццё.

Працяг у наступным нумары

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.