ГРОДНА
Субота,
29 студзеня
2022 года
 

Сеяць разумнае, добрае!

Лісты чытачоў

24 мая 2012 года ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што знаходзіцца ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна, было свята – 20 гадоў, як ксёндз Ян Рэйшаль выконвае тут свой святы абавязак. Шмат віншаванняў, добрых пажаданняў, кветак. Гучыць арганная музыка, віншаванні ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, Жалудоцкага пасялковага Савета. На юбілеі былі і праваслаўныя святары: айцец Міхаіл са Шчучына, айцец Анатоль з Дзембрава, айцец Сергій з Ваўкавыска. З іх вуснаў – асобыя віншаванні.
Ксёндз Ян – адзіны сын у маці. Ён рос без бацькі. Раскошы не было. Маці ўсю сваю любоў і пяшчоту аддавала сыну. Для яе хлопчык быў святлом у вакенцы. Сын рос паслухмяным. Але ў дзяцінстве з ім здараліся і кур’ёзныя выпадкі.
Сям’і жылося цяжка, маці даводзілася эканоміць, берагчы кожную капейку. Яна была веруючай жанчынай і свайго сына таксама з дзяцінства прывучала да веры. У сям’і свята верылі ў Бога і заўсёды спадзяваліся на Яго дапамогу і блаславенне. Словы маці Ян прымаў глыбока да душы, з ахвотай вучыў малітвы. У дзесяць год ён ведаў усё, што трэба ведаць, ідучы да першай споведзі.
    У касцёл хадзілі ў Вялікія Эйсманты, за дзесяць кіламетраў. Набажэнствы адбываліся па выхадных днях і святах. Цяжка было дабірацца да касцёла зімой, бо дарогі не чысцілі. Ішлі па снежнаму цаліку, ступаючы след у след. Дзесяць кіламетраў для дасціпнага і цікаўнага хлопчыка не былі перашкодай.
    Вось і касцёл. Тут Яну было ўсё цікава. Можна было пастаяць і памаліцца каля кожнага абраза, пакаяцца, папрасіць дапамогі. У час набажэнства Ян быў сур’ёзны, уважліва слухаў пропаведзі, паўтараў малітвы. У святыні яму было лёгка, і дарога дамоў здавалася карацейшай.
    У школе Ян вучыўся роўна, стараўся. Як і ўсе ў тыя часы, быў піянерам і насіў чырвоны гальштук. У Камсамол уступаць адмаўляўся, але прыйшлося. Пасля заканчэння школы Яну вельмі хацелася паступіць у духоўную семінарыю. Для гэтага яму патрэбна была характарыстыка ад святара. Але атрымаць яе было няпроста. У мясцовым касцёле служба не вялася, а ксяндзы іншых парафій не рашаліся характарызавать юнака.
    Ян стаў працаваць паштальёнам і прарабіў на пошце аж дванаццать гадоў. Вясёлага і кемлівага, яго любілі і паважалі ў калектыве, дапамагалі, падтрымлівалі парадамі. За час працы Ян стаў дарослым, набыў жыццёвы вопыт. Яму прапаноўвалі паступіць у тэхнікум сувязі. Але ён не мог здрадзіць сваёй мары стать святаром. Былі і “добразычліўцы”, якія спрабавалі адвесці юнака ад пастаўленай мэты, адгаварыць ад паступлення ў духоўную семінарыю. Але Ян ад сваіх жыццёвых прынцыпаў не адмовіўся, як яму ні пагражалі. Маці ўвесь час жыла ў трывозе за сына. А ён, як мог, стараўся яе, любімую, родную, не засмучаць.
    Час ішоў, і Ян свядома набліжаўся да сваёй мэты. Каб паступіць у семінарыю быў патрэбны дазвол Упаўнаважанага па справах рэлігіі пры аблвыканкаме горада Гродна. І пачалося блуканне па пакутах. Упаўнаважаны пісьмовага дазволу не даў. А без гэтага дакумента да ўступных іспытаў не дапускалі. Некалькі гадоў Ян настойліва дабіваўся дазволу на паступленне. У канцы канцоў чыноўнікаў уразіла такая мэтанакіраванасць. У 1987 годзе Ян паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю.
    Вучоба і пражыванне ў семінарыі былі бясплатнымі, а на іншыя патрэбы паступала дапамога ад удзячных вернікаў з вёскі Рэпля і іншых суседніх вёсак малой радзімы. Людзі адабралі настойлівасць Яна, падтрымлівалі яго і спадзяваліся калі-небудзь мець свайго ксяндза. За час вучобы ён вельмі рэдка бачыўся з маці, сумаваў. І вось, вучоба ў семінарыі скончана. Цяпер ужо ўпэўнены ў сабе, адукаваны, ён пачаў новае жыццё.
    24 мая 1992 года Яна пасвяцілі ў духоўны сан. А 1 ліпеня гэтага ж года ён пачаў служыць у касцёле Унебаўзяцця НПМ у гарадскім пасёлку Жалудок. Маладыя парафіянкі прыходзілі ў касцёл не толькі памаліцца, але і паглядзець на маладога і прыгожага ксяндза. Усмешлівы і гаваркі, ён хутка заваяваў сэрцы парафіян.
    Некалькі гадоў ксёндз Ян жыў у старым доме, а потым, па настойлівай прапанове свайго выхаванца, маладого ксяндза Андрэя Таўрука, вырашылі будаваць новы дом. Яго будаўніцтва пачалося ў 2005 годзе. Значная дапамога прыйшла з-за мяжы. Пастаянную падтрымку аказвалі парафіяне. Цяпер гэта ўтульны куток, дзе можна адпачыць пасля цяжкага працоўнага дня. Ксяндза Яна наведваюць аднакурснікі па семінарыі. Сярод іх арцыбіскуп з Малдовы.
    Кс. Ян патраціў шмат сіл, каб захаваць і аднавіць жалудоцкі касцёл Унебаўзяцця НПМ, архітэктурны помнік 1853 года. У касцёле знаходзіцца родавы склеп Тызенгаўзаў. На працягу больш за 200 гадоў мястэчка Жалудок належала гэтаму знакамітаму роду. На сучасным гербе Жалудка адрозны знак – выява быка. Ён запазычаны з герба рода Тызенгаўзаў. Пры ўваходзе ў касцёл на сцяне размешчана мемарыяльная дошка ў гонар Канстанціна Тызенгаўза – знакамітага арнітолага з сусветным імем. Касцёл Унебаўзяцця НПМ у 2013 годзе адзначыць сваё 160-годдзе.
    Цяпер у святыні і навокал яе ўтульна і прыгожа. Кс. Ян – вялікі аматар кветак, таленавіты дызайнер. Тут часта бываюць экскурсіі, кветкавыя кампазіцыі прывабліваюць і захапляюць гасцей.
    Працы ў ксяндза хапае. Паўсюль трэба паспець: пагутарыць з парафіянамі, даць параду, наставіць на правільны шлях. Ён карыстаецца аўтарытэтам не толькі сярод парафіян. Ксяндза Яна запрашаюць у школу на святочныя лінейкі, бывае і на мітынгах у пасёлку, удзельнічае ў пасяджэннях Жалудоцкага пасялковага выканкама. Да яго парад прыслухоўваюцца. Кс. Ян таленавіты ва ўсім. На памяць прыходзяць словы Маці Тэрэзы: “Аддавай усё, колькі можаш, а табе скажуць, што гэтага мала. Што будзе, то будзе – аддавай колькі можаш”.
    Блаславі, Божа, ксяндза Яна на многія гады плённай працы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  337

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.