ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Касцёл св. Юрыя Мучаніка ў Новай Рудзе

Парафіі і святыні

Касцёл св. Юрыя Мучаніка  ў Новай РудзеДэканат Гродна-Усход
Капліца ў Новай Рудзе ад Азёрскай парафіі дзейнічала ў сярэдзіне ХIХ ст., але была зачынена, верагодна, на хвалі рэпрэсій пасля паўстання 1863 – 1864 гг. Мясцовы касцёл пад тытулам св. Юрыя Мучаніка быў узведзены з дрэва ў 1914 г. Тады гэта была невялікая святыня ў неагатычным стылі, прамавугольная ў плане, безапсідная, з невялікай вежай-званіцай над уваходам (выгляд святыні вядомы з малюнка 1930 г., які захоўваецца ў касцёле; мастак – А. Левандоўскі). У тым жа годзе ў Новай Рудзе была заснавана самастойная парафія.
    У 1930-я гг. маленькая святыня ўжо не магла змясціць шматлікіх парафіян, таму было вырашана будаваць новы, больш велічны касцёл. Новы драўляны касцёл у стылі мадэрн быў пабудаваны вернікамі пад кіраўніцтвам кс. Казіміра Грабоўскага ў 1938 г. і асвечаны пад гістарычным тытулам. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 1300 чалавек.
У 1956 г. тагачасны пробашч кс. Юзаф Грасевіч (стаў тут пробашчам у 1944 г., у 1951 г. арыштаваны НКУС) перавёз сюды з віленскага касцёла Святога Духа знакаміты абраз Езуса Міласэрнага, які па просьбе св. сястры Фаўстыны з Таварыства сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) намаляваў у 1934 г. мастак Яўген Казіміроўскі. Абраз Казіміроўскага быў першым, другім стаў абраз пэндзля Пятра Сергіевіча з Каменкі (Шчучынскі дэканат). У 1970 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл, вырашыўшы прыстасаваць будынак пад сховішча, і толькі цуд захаваў ікону ад знішчэння. У 1986 г. абраз быў вывезены ў Вільню і з часам вярнуўся на сваё былое месца – у касцёл Святога Духа. Тагачасны пробашч касцёла кс. Аляксандр Кашкевіч (сённяшні гродзенскі біскуп) адрэстаўрыраваў абраз і памясціў яго ў бакавым алтары. А ў наварудскім касцёле была змешчана копія, якую намалявала гродзенская мастачка Марыя Шоцік.
    Касцёл вярнулі парафіянам у 1989 г. З 1990 г. пробашчам парафіі з’яўляецца а. Андрэй Шчупал CSsR. Стары маленькі касцёл стаяў да 1990-х гг., пакуль не быў разабраны як струхнелы. Перад касцёлам стаяць высокія драўляныя крыжы, як знак святых місій 1990 г., 1999 г. і 2010 г., якія праводзілі ў парафіі айцы-рэдэмптарысты. Па-за касцёлам створана сімвалічная магіла кс. Казіміра Грабоўскага, які загінуў у гітлераўскім палоне.
    Драўляны касцёл, пабудаваны ў стылі мадэрн, уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Аб’ём нартэкса і хораў над ім трошкі меншы за шырыню малітоўнай залы, галоўны ўваход пазначаны велічным прытворам-крухтай. Усе аб’ёмы касцёла накрыты асобнымі высокімі бляшанымі дахамі: асноўны аб’ём – двухсхільным і вальмавым, завершаны васьміграннай шатровай глаўкай у цэнтры, схілы даху над алтаром пераходзяць у дахі над сакрыстыямі.
    Інтэр’ер, падзелены чатырма слупамі на тры навы і перакрыты падшыўнымі столямі (цэнтральная нава – каробчатай, бакавыя – паўцыліндрычнымі), упрыгожваюць тры драўляныя алтары. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне, над левым алтаром – абраз Маці Божай Вастрабрамскай, над правым – абраз св. Юрыя. Знакаміты абраз Езуса Міласэрнага змешчаны над аркай прэсбітэрыя. Арганныя хоры зроблены ў выглядзе лоджыі. У двухметровых вокнах прэсбітэрыя ў 2010 г. усталяваны вітражы, якія прадстаўляюць св. с. Фаўстыну і бл. кс. Міхала Сапоцьку.
    Званіца, чацверыковая, трох’ярусная (верхні ярус скразны) пад чатырохсхільным дахам, з нахіленымі сценамі, пастаўлена асобна – злева ад касцёла. Касцёльны ўчастак у мінулым годзе быў абнесены новай каменна-шчыкетнай агароджай, а сцежкі былі вымашчаны тратуарнай пліткай.
    На тэрыторыі парафіі захаваліся дзве прыдарожныя капліцы. У 1945 г. на скрыжаванні ў в. Глушнева мясцовыя жыхары – браты Стэфан і Браніслаў Кісялеўскія, “за тое, што Пан Бог падчас вайны захаваў вёску”, пабудавалі прыдарожную каплічку. Гэта чацверыковы мураваны і пабелены слуп пад бляшаным чатырохсхільным дахам, з нішамі, дзе ўсталяваны фігуркі Пана Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі, і надпісам: “Беззаганнае Сэрца Марыі, валадар намі. 1945”. У в. Забалоцце ў добрым стане захавалася прыдарожная капліца. Яе адразу пасля вайны перавезлі сюды з лясніцтва ў Гаёўцы (цяпер Літва). Каплічка – слуп са ствала дрэва, у нішы якога змешчана фігурка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.