ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сэрца святара перастала біцца каля алтара

З жыцця Касцёла

Гэтыя словы вельмі хутка абляцелі ўсю дыяцэзію і Беларусь ва ўрачыстасць Святой Тройцы 3 чэрвеня. Кс. Пётр Крыкшчукайціс, пробашч парафіі Пеляса, памёр падчас галоўнай св. Імшы, справаванай за сваіх парафіян, якім ён служыў 22 гады. Святар прысеў падчас Імшальных чытанняў і ўжо больш не ўстаў, і нічога не сказаў сваім парафіянам. Гэта быў яго апошні ўрок навукі Хрыста, пачуты на зямлі ў парафіі, якую ён моцна любіў і якой стараўся верна служыць.
На пахавальную ўра­чыстасць 6 чэрвеня ў парафіяльны касцёл у Пелясе прыехала шмат святароў на чале з кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам. Хтосьці падчас пахавання сказаў, што ў Пелясе ніколі не было столькі святароў і вернікаў. Кс. Пётр сабраў каля сваёй труны ўсіх братоў у святарстве з розных дыяцэзій і краін, вернікаў са сваёй і навакольных парафій.
   На пачатку Эўхарыстыі была адспявана Ютрань, якую ўзначаліў кс. Андрэй Бародзіч, што на сённяшні дзень працуе ў Мінску. Кс. Андрэй расказваў, што на працягу многіх гадоў, ідучы з групай вернікаў з Ваўкавыска ў Тракелі, ён заўсёды быў вітаны светлай памяці кс. Пятром. Святары, падзеленыя на два хоры, разам з вернікамі адспявалі пахавальныя малітоўныя псальмы, просячы Божай міласэрнасці і ласкі вечнага жыцця ў небе для памерлага святара.
На пачатку св. Імшы да вернікаў звярнуўся кс. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскай акругі, які прывітаў усіх на пахавальнай св. Імшы і заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы за памерлага святара. Кс. Уладзімір нагадаў прысутным, што яшчэ нядаўна ў гродзенскай катэдры ўсе цешыліся тым, што кола прэзбітэрату нашай дыяцэзіі павялічылася на чатырох маладых святароў, а сёння “мы злучаемся ў малітве за памерлага кс. Пятра, просячы, каб міласэрны Бог адарыў яго вечным жыццём”. Аб патрэбе супольнай малітвы прыгадаў таксама кс. бп Аляксандр, звяртаючыся да вернікаў па-літоўску.
   Супольная Эўхарыстыя, у якой прынялі ўдзел клерыкі нашай семінарыі, мясцовы хор і вялікая колькасць людзей, з’яднала ў гэты дзень усіх: беларусаў, палякаў, літоўцаў, якія ў малітве прасілі неба для памерлага пробашча.
Казанне прамовіў кс. Уладзімір Гуляй, які ўжо на пачатку казання адзначыў, што для вернікаў парафіі перыяд чэрвеньскага набажэнства пачынаецца асаблівым чынам, паколькі “перад ахвярным алтаром стаіць труна душпастыра”. Кс. Уладзімір таксама падкрэсліў, што такім з’яўляецца шлях святара, які павінен заўсёды ісці за Хрыстом, а кс. Пётр менавіта гэта і рабіў. Гаворачы пра жыццёвы шлях, казнадзей наблізіў прысутным постаць памерлага, які перажыў далёкую жыццёвую вандроўку з Коўна (Літва), дзе нарадзіўся, праз Душанбэ (Таджыкістан), дзе служыў вернаму люду, ажно да Пелясы (Беларусь), дзе заўсёды адчуваў сябе як дома.
   “Ён быў яшчэ ў росквіце святарскага жыцця, меў, напэўна, шмат душпастырскіх планаў, разам з якімі яго паклалі ў гэтую труну. Пасля ахвяры св. Імшы ксёндз будзе давераны Вашай магільнай зямлі”, – сказаў казнадзей. Ксёндз Пётр, жывучы праз Хрыста і з Хрыстом для іншых, памёр у Ім як у сваім Пану і Настаўніку. Менавіта так казнадзей ахарактарызаваў памерлага святара: “Жыў з Хрыстом для Вас”.
У сваім казнадзейскім разважанні кс. Уладзімір узгадаў запавет невядомага святара, які, запісваючы сваю апошнюю волю, напісаў, што жыццё кожнага святара-чалавека заканчваецца ў руках міласэрнага Бога. “Працуючы над чалавечымі душамі, мы, святары, – сказаў кс. Уладзімір, звяртаючыся да братоў у святарстве, – мусім памятаць, што мы таксама маем душу і павінны дабратворна працаваць над ёй”.
Адзін са святароў, які прыбыў на пахаванне з Літвы, пасля гаміліі ўзгадаў шмат цікавых момантаў, звязаных з жыццём с.п. кс. Пятра. Кс. Пётр прайшоў ажно тры дзіцячыя дамы. Як святар ён мог вярнуцца ў сваю родную дыяцэзію ў Літве, аднак, калі ксёндз біскуп прапанаваў яму вярнуцца, кс. Пётр адказаў, што там, дзе ён знаходзіцца, адчувае сябе як дома. Бясспрэчна, што шматлікія вернікі, якія прыступалі ў гэты дзень да св. Камуніі, ахвяравалі яе за памерлага святара.
   На заканчэнне св. Імшы прамовіў кс. дзекан Генрык Яблоньскі, які падзякаваў усім тым, хто дапамагаў у арганізацыі пахавання, і ўсім, хто на яго прыбыў, а таксама яшчэ раз згадаў, што ніхто не заменіць ксяндза пры алтары. Як сказаў кс. Генрык: “Парафіяне больш за ўсіх адчулі пустату. Як толькі пры алтары перастала біцца сэрца пробашча, парафіяне зразумелі, што ўжо каля алтара няма каму стаць. Усе справы трэба даручыць Богу, а Ён дапаможа”. Ксёндз дзекан таксама паінфармаваў сабраных, што св. Імша на 30-ты дзень пасля смерці кс. Пятра Крыкшчукайціса будзе адпраўлена 3 ліпеня ў 11 гадзін.
   Вернікі на чале са святарамі вырушылі ў пахавальнай працэсіі на парафіяльныя могілкі. Воляй памерлага святара было тое, каб быць пахаваным сярод свайго вернага люду. Кс. Казімір Жыліс на могілках цудоўна павучаў вернікаў, што пра памерлага святара трэба гаварыць альбо добрае, альбо маўчаць. Кс. Жыліс ужо даўно ведаў кс. Пятра, смела гаварыў пра яго як пра свайго сябра, заўсёды поўнага надзеі і адвагі. Да вернікаў на могілках са словамі спачування звярнуўся таксама дырэктар школы: “Наш пробашч заўсёды быў з вернікамі, заўсёды казаў нам, што трэба любіць адзін аднаго”.
   Безумоўна, кс. Пётр сваёй любоўю дзяліўся з іншымі да апошняга дня жыцця. Давайце ахвяруем свае малітвы за памерлага святара.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.