ГРОДНА
Нядзеля,
15 верасня 2024 года |
У пілігрымцы веры да Марыі
Сёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях адбудуцца 6 – 7 ліпеня
Аб пілігрымаванні і веры сучасных людзей, аб санктуарыі і просьбах, якія ўзносяцца перад абразом Маці Божай Тракельскай, з кусташам санктуарыя ў Тракелях, кс. Паўлам Галіньскім, размаўляў кс. Павел Салабуда.
- Ксёндз Павел, дэвіз сёлетняй сустрэчы гучыць: “У пілігрымцы веры да Марыі”. Да чаго ён павінен заклікаць вернікаў?
- У першую чаргу да таго, што мы з’яўляемся пілігрымамі на гэтай зямлі, нашай Радзімай з’яўляецца Неба, а Марыя, як найпрыгажэйшы плод менавіта гэтай зямлі, – гэта наша Кіраўніца, наша Маці, якая ідзе разам з намі ў гэтай пілігрымцы да Езуса. І менавіта гэта найважнейшае для кожнага чалавека: дайсці да збаўлення, а Марыя спадарожнічае нам, каб мы дасягнулі мэты, якой з’яўляецца збаўленне, жыццё ў доме нашага Айца. †
- У першую чаргу да таго, што мы з’яўляемся пілігрымамі на гэтай зямлі, нашай Радзімай з’яўляецца Неба, а Марыя, як найпрыгажэйшы плод менавіта гэтай зямлі, – гэта наша Кіраўніца, наша Маці, якая ідзе разам з намі ў гэтай пілігрымцы да Езуса. І менавіта гэта найважнейшае для кожнага чалавека: дайсці да збаўлення, а Марыя спадарожнічае нам, каб мы дасягнулі мэты, якой з’яўляецца збаўленне, жыццё ў доме нашага Айца. †
- Вы як кусташ гэтага святога месца штодзённа сустракаецеся з вялікай колькасцю вернікаў, якія прыходзяць да Маці Божай. Якая іх вера?
Частка людзей прыходзіць з глыбокай верай, з падзякай да Маці Божай як нашай Заступніцы. Некаторыя прыходзяць з просьбай аб паглыбленні веры, аб трыванні пры Хрыстовым крыжы. Сустракаюцца таксама людзі, якіх закранулі няшчасці, хваробы ці нейкія жыццёвыя няўдачы. У гэтых цяжкасцях яны спрабуюць знайсці Бога. Людзі прыходзяць да Найсвяцейшай Маці, просячы здароўя, выхаду з алкагольнай залежнасці, і ў гэтых складаных момантах свайго жыцця яны знаходзяць Бога. Можа, некалі яны былі далёка ад Бога, але гэтыя цяжкія хвіліны жыцця наблізілі іх да Яго. Такіх людзей шмат. Яны прыбываюць з розных куткоў Беларусі. З аднаго боку, прыязджаюць як шукальнікі, а з другога – як тыя, хто верыць, што Найсвяцейшая Маці дапаможа ім, пакажа дарогу, узмоцніць. Часта здараецца менавіта так, што дзякуючы фізічнаму аздараўленню ці таму, што атрымалі ласку, людзі пачынаюць верыць і ў жыцці, а перш за ўсё ў сэрцы, знаходзіць Бога, Яго прысутнасць, Яго любоў.
- Ксёндз Павел, прайшоў год з апошняй сустрэчы на старонках нашай газеты. Скажыце, калі ласка, ці гэты паломніцкі рух у санктуарый надалей развіваецца?
- Гэты рух усё больш развіваецца, у санктуарый прыязджае шмат людзей. Апошнім часам, можа, цяжэй з групамі пілігрымаў, бо крызіс усё-такі мае вялікі ўплыў на жыццё, але я штодзённа сустракаю тых, хто прыязджае сюды з цікавасці, каб убачыць абраз ці дакрануцца да яго. Іншыя прыязджаюць з просьбай, з падзякай, з верай. Такім чынам, штодзённа хтосьці наведвае санктуарый. Я думаю, што Бог кожнага асабіста прыхінае, да кожнага дакранаецца, і кожны з нас мае гэты асабісты шлях для збаўлення. Ёсць таксама і тыя, хто прыязджае ўбачыць абраз з пункту гледжання мастацтва, але большасць з іх – гэта людзі веры, людзі любові да Бога. У нас шмат імшальных інтэнцый аб здароўі, мацярынстве, а таксама інтэнцый падзякі за атрыманыя ласкі.
- Скажыце, калі ласка, каго перад абразом больш: тых, хто пакутуе са слязамі на вачах, ці тых, хто становіцца перад Маці, каб падзяліцца сваёй радасцю?
- Больш слёз, просьбаў, ёсць слёзы пакуты. У нашых асяроддзях вельмі шмат п’янства, а таксама, як я ў апошні час заўважаю, вельмі шмат людзей, хворых на рак. Гэтыя просьбы, якія ўзносяцца да Маці Божай, звязаны з людской бядой. Але таксама ёсць вельмі шмат людзей, якія прыязджаюць з падзякай, якія прывозяць нейкія воты для Маці Божай за атрыманыя ласкі.
- Якая будзе сёлетняя праграма ўрачыстасці? Ці ёсць нейкія новыя духоўныя пункты адарацыі?
- Праграма нязменная. Ёсць людзі, якія пэўным чынам будуць новыя. Будзе а. Джэймс, які з’яўляецца харызматыкам, чалавекам глыбокай веры. Ён правядзе адарацыю і канферэнцыю. На галоўную св. Імшу мы таксама запрасілі юбіляраў з усёй дыяцэзіі, якія адзначаюць юбілей сужэнства. Запрошаны і святары, якія ў гэтым годзе адзначаюць свае юбілеі святарства. Перш за ўсё, будзе жывая малітва і спеў, праз які мы будзем славіць Бога. Усё гэта мае сэнс, калі чалавек сапраўды верыць і давярае, што Бог выслухоўвае яго і прымае яго малітву.
- І традыцыйнае пытанне: якое надвор’е будзе ў гэтым годзе?
- Надвор’е будзе цудоўнае і добрае для кожнага з нас. Канешне, хацелася б, каб было цёпла і сонечна, хаця б днём, ноччу ўжо можа не быць сонца. Мы молімся за гэта з усёй парафіяй. Думаю, што пост пробашча будзе заўважаны і надвор’е будзе найлепшае.
На заканчэнне нашай размовы прашу Вас як кусташа санктуарыя ў Тракелях запрасіць вернікаў на супольную малітву перад абразом Маці Божай.
Мае дарагія, як апякун гэтага святога месца ад усяго сэрца запрашаю Вас на адпустовыя ўрачыстасці, звязаныя з Наведваннем Найсвяцейшай Маці Божай. Запрашаю Вас з усім Вашым жыццём, з клопатамі і цяжкасцямі. Знаходзячыся ў гэтым месцы, я з’яўляюся сведкам, як моцна Бог любіць чалавека, які прыходзіць да Яго з адкрытым сэрцам, як моцна любіць Найсвяцейшая Маці, якая кожнага прытуліць да свайго сэрца, і як добрая Маці выслухае, суцешыць, дасць сілы. Ад усяго сэрца запрашаю і таксама прашу Вашай малітвы ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў, а сам таксама вельмі часта малюся перад гэтым цудатворным абразом за парафіян, за ўсю нашу дыяцэзію і ўсіх вернікаў.
- Дзякуй за размову.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 108 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.