ГРОДНА
Нядзеля,
23 чэрвеня
2024 года
 

Пілігрымка ў Рым

Лісты чытачоў

Шляхі, якія мы абіраем, прыводзяць нас да нашай мэты, мары. Так, Гродзенскае каталіцкае душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў на чале з ксяндзом Антоніем Грэмзам у 10-ю гадавіну свайго існавання абрала шлях на Ватыкан, у самае сэрца Рыма.
Кожная пілігрымка пачынаецца з агульнай св. Імшы для ўсіх пілігрымаў, якую адправіў ксёндз Антоні ў пабрыгіцкім касцёле. З Божым словам і блаславеннем мы вырушылі ў паломніцтва ў святыя для ўсіх католікаў месцы.
Надвор’е нам спрыяла. Наш утульны горад Гродна развітваўся з пілігрымамі ласкавым сонейкам і сакавітай зелянінай дрэў і травы. Такой далёкай здавалася наша мара, але, як кажуць, усе дарогі вядуць у Рым, так і наша пілігрымка, пераадолеўшы доўгія кіламетры дарог, дасягнула сваёй мэты. Цікава было назіраць, як змяняўся ландшафт, расліннасць, малюнкі за акном. І вось ужо зеленавата-шэрыя галінкі аліў, ярка-зялёныя разгалінаваныя вінаградныя лозы і цэлыя палі макаў вітаюць гасцей з Беларусі.
Спыняючыся ў розных гарадах на начлег, мы мелі магчымасць удзелу ў св. Імшы. Пілігрымы з Гродна ўдзельнічалі ў св. Імшы ў Каленбергу, Вене, Падуі, на могілках Монтэ-Касіна, у базіліцы Маці Божай Няспыннай Дапамогі ў Рыме, у Асізі і напрыканцы вандроўкі ў Чанстахове ў Польшчы. Але галоўная св. Імша адбылася, канешне, у Ватыкане.
Кожную сераду на плошчу святога Пятра ў Ватыкане з’язджаюцца католікі з усяго свету. Наша пілігрымка была запрошана і размешчана ў пэўным сектары. Заняўшы свае месцы, усе з нецярпеннем і хваляваннем чакалі з’яўлення папы Бенедыкта ХVI. На тварах людзей былі ўсмешкі, а ў вачах – радасць. Праз пэўны час на плошчу выехаў Бенедыкт XVI на папамабіле. Праязджаючы сярод паломнікаў, Папа Рымскі пільна ўглядаўся ў вочы кожнага, павольна вітаў рукой. І паломнікі ў сваю чаргу таксама стараліся зазірнуць у вочы Пантыфіка. У такія хвіліны яднання людзей цябе перапаўняюць эмоцыі, і ты адчуваеш сябе часткай чагосьці вялікага, магутнага.
   У час аўдыенцыі Бенедыкт ХVI на розных мовах вітаў пілігрымаў з розных куткоў свету: з Бразіліі, з Коста-Рыкі, з Польшчы, з Іспаніі, з Беларусі, з Афрыкі. Вельмі кранула, калі Пантыфік вітаў групы школьнікаў з Італіі. Гэта быў выбух эмоцый дзетак. Яны запускалі ў паветра шарыкі з эмблемамі сваіх школ. Стрымаць эмоцыі ў гэты час было немагчыма, радасць дзетак перадавалася дарослым. На тварах прысутных ззялі ўсмешкі, радасць і захапленне. Аўдыенцыя на плошчы скончылася супольнай малітвай, тэкст якой разам з Папам кожны чытаў на італьянскай мове. Пазней Бенедыкт ХVI удзяліў усім Божае бласлаўленне. Духоўна ўзнёслыя і крыху ўзбуджаныя, але такія шчаслівыя, мы пакідалі плошчу святога Пятра.
   Кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. А яшчэ лепш адзін раз перажыць. Майская сустрэча 2012 года з Папам Рымскім Бенедыктам ХVI запомніцца нам на ўсё жыццё. Думаецца, такія эмоцыі ўжо ніколі ў жыцці не паўторацца. Ад імя ўсіх пілігрымаў хочацца выказаць словы падзякі кс. Антонію Грэмзу і сп. Людміле Гапонік за арганізацыю гэтай пілігрымкі, а таксама пажадаць ім здароўя і плёну ў працы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.