ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

З каталіцкага друку (29)

Прэса

“Вярнуць нармальнасць”
    А. Павел Крупа ОР,
   № 5, 2012-05-18

Аўтар з часопіса “W drodze” прапанаваў а. Паўлу Крупе паразмаўляць на тэму, што Маці Божая можа даць мужчыне. А. Павел з самага пачатку кажа, што сёння постаць Марыі патанае ў хвалі сфемінізаванага жыцця: мужчыну ад калыскі да смерці павучаюць жанчыны: маці, настаўніцы, жонкі, дочкі. Калісьці постаць Маці Божай на духоўным грунце навучала далікатнасці, добрым манерам, шчырай павазе. Гэтай лагоднасці і мяккасці Марыі тагачасны Касцёл моцна патрабаваў, бо меў ваяўнічы і брутальны характар, змагаўся з грахамі, язычнікамі, ерэтыкамі. І пастава Марыі была як лагодны павеў у тым рыцарскім свеце. Аўтар пытае, ці тая роля Марыі ў сённяшнім свеце стала ўжо гісторыяй. А. Павел лічыць, што адукацыйная роля Марыі як Каралевы рыцарства скончылася са смерцю апошняга рыцара. Святар заўважае, што сучасныя мужчыны выхоўваюцца ў цеплыні і камфорце, абавязак ці патрабаванне ўспрымаюць як атаку на асабістую свабоду. Ці можа Марыя вучыць такіх мужчын далікатнасці і тонкасці – рытарычнае пытанне. У такім выпадку сучасныя мужчыны могуць вучыцца ў Марыі маўчанню і цярплівасці.
“Нам, мужчынам, вельмі патрэбна цнота цярплівасці. Перш за ўсё да саміх сябе, нашых слабасцей, з якімі мы ўвесь час змагаемся. Лёгка выйграць бітву – дастаткова трохі бравуры. Але каб выйграць вайну, патрэбна тона цярплівасці”, – мяркуе а. Павел. Што датычыцца веры, Марыя можа навучыць актыўнаму ўдзелу ў справах Бога і людзей, лічыць а. Павел. “Заўважым, што заданне, якое Марыя атрымала ад Анёла Пана, павінна было яе нямала напалохаць. Аднак яна ўзялася за яго. Дарасла. [...] Такая пастава ў сучаснай інфантыльнай Еўропе сёння на вагу золата. Гэта для нас, мужчын, сапраўдны выклік. І няма чаго грымаснічаць, што нам гэта ўказвае жанчына. Таму што Яна вучыць вельмі мужчынскай рысе, якой ад нас чакаюць блізкія нам жанчыны, – адказнасці”, – дадае святар.



“Салодкім шляхам да неба”

   Кс. Лукаш Вішнеўскі, 
   6 мая 2012

Другі матэрыял з агляду каталіцкай прэсы датычыцца акурат разважанняў польскага святара Лукаша Вішнеўскага, які мае другое імя Марыя. Святар разважае над тым, якую апеку ён адчувае ўвесь час, атрымаўшы ад бацькоў гэтае другое імя. “Усе мае браты і сёстры, а нас даволі шмат, носяць імя Марыя. Сямейная традыцыя? Так, але найперш жаданне бацькоў, каб заступніца была найлепшай з магчымых. Зрэшты, Яе заступніцтву мы вельмі абавязаны”. Святар прыводзіць прыклад, як у дзяцінстве ён трапіў у аварыю і дзякуючы малітвам усёй групы пілігрымаў, якія ішлі ў марыйны санктуарый, вельмі хутка паправіўся. “Гэта Яна вывела мяне з семінарыйнага крызісу, падчас якога па ініцыятыве рэктара мне спадарожнічаў Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі” св. Людвіка Марыі (!) Грыньён дэ Манфор. Сапраўднай сувязі з Марыяй я вучуся да сёння”. Бо, як піша кс. Лукаш, мужчыне нялёгка знайсціся ў далікатных вобразах Маці Божай, якія малююць шматлікія казнадзеі, маёвыя чытанні і марыйныя жанчыны. Хоць у жыцці Марыі не было шмат сентыменталізму. Таму трэба шмат цярплівасці, каб з асадку не да канца належнай пабожнасці здабыць шляхетныя рысы Марыйнага аблічча. “Марыя можа нас, мужчын, шмат чаму навучыць. Адвазе і мужнасці – дакладна. Адказнасці і настойлівасці – тым больш. Як жа нам патрэбна звычайнае трыванне пры Богу. Штодзённая вернасць у малых рэчах”, – даводзіць аўтар.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.