ГРОДНА
Субота,
08 лютага 2025 года |
Парафіяда стала духоўным феноменам гродзенскага Касцёла


– Сёлетні дэвіз павінен быць падрыхтоўчым этапам да таго, што ў кастрычніку Бенедыкт XVI абвесціць у Касцёле Год веры. Арганізацыйны камітэт Парафіяды таксама падкрэсліў моц праўды, што Касцёл павінен шукаць спосабы паказаць дзецям і моладзі, што жывой верай можна жыць штодзённа, нягледзячы на пагрозы сённяшняга свету.
Адна з частак трыяды – “Святыня” – будзе асаблівым момантам, у якім мы і плануем рэалізаваць словы з ліста св. Якуба. Склалася добрая традыцыя, што для справавання Эўхарыстыі на кожны дзень Парафіяды мы запрашаем новага святара прамаўляць Божае слова. Святароў, якія сёлета прыедуць з казаннямі, арганізатары будуць прасіць, каб гэтая тэма стала падставай для ўсяго тэкста гаміліі. Адпаведная дэкарацыя таксама павінна стварыць патрэбную атмасферу ў рэалізацыі гэтага дэвіза. Плануецца сустрэча са Святым Пісаннем, а таксама конкурсы: біблійны, пластычны, “Sacro song”, конкурс з жыцця і гісторыі Касцёла, у якіх гэтай тэматыцы будзе надавацца шмат увагі. Таксама вельмі важнымі будуць ранішнія і вячэрнія малітвы. У час спаборніцтваў у межах часткі “Стадыён” удзельнікі перад стартам будуць адгаворваць малітву, тэкст якой кажа пра тое, што значыць добры ўчынак падчас старту ў спартыўных спаборніцтвах.
– Якія моманты Парафіяды самыя ўдалыя з вопыту папярэдніх гадоў? На што дзеці і моладзь адгукаюцца найбольш ахвотна?
– Дзеці і моладзь нашай дыяцэзіі любяць як малітву, так і забавы. Цяжка сказаць дакладна, што было самым удалым. Напэўна, самі ўдзельнікі могуць лепш пра гэта расказаць. Кожны год парафіядны камітэт пасля сканчэння Парафіяды робіць падсумаванне, што ўдалося ў гэтым годзе, а што не. Мы робім усё, каб на наступнай Парафіядзе было яшчэ лепш. Мы адкрытыя на парады адносна арганізацыі Парафіяды.
– Хто з прафесіяналаў дапамагае святарам рыхтаваць конкурсы ў межах спаборніцтваў “Тэатр” і “Стадыён”? Такія асобы ўвогуле запрашаюцца, ці ўсе спаборніцтвы рыхтуюцца сваімі сіламі – Касцёлам?
– Калі казаць пра “Тэатр” і пра ўсе конкурсы, падрыхтаваныя ў гэты дзень, то тут кс. Віктар Ханько (Гродна-катэдра) і а. Віктар Бохан (Гродна-Дзевятоўка) адказваюць за іх падрыхтоўку. Я ўпэўнены, што з гэтым яны вельмі добра справяцца. Калі ўзнікае патрэба, ёсць людзі, да якіх святары могуць звярнуцца па дапамогу.
У межах спаборніцтваў на стадыёне мы ўжо некалькі гадоў супрацоўнічаем з дырэктарам ЦСК “Нёман” Францішкам Лецяга, які таксама з’яўляецца членам Беларускай асацыяцыі футбола. Мы запрашаем прафесійных суддзяў на футбол (са Слоніма і Гродна), настольны тэніс, бадмінтон, лёгкую атлетыку. Як і штогод, сёлета падрыхтоўкай спаборніцтваў па шашках будзе займацца кс. Антоні Абухоўскі, які таксама з’яўляецца старшынёй спартыўных аб’ектаў. Старшынёй спартыўнай камісіі будзе Артур Кахоцкі, студэнт, ён будзе сачыць, каб усё адбывалася своечасова. У падрыхтоўцы секцыі “Стадыён” таксама наладжана супрацоўніцтва са школай лёгкай атлетыкі ў Гродне і Слоніме.
– Якія складанасці ўзнікаюць падчас падрыхтоўкі Парафіяды? Чаго не хапае для найлепшай арганізацыі і правядзення гэтага вялікага мерапрыемства?
– Калі размова ідзе пра арганізацыю акцыі, цяжкасці ёсць усюды. З Божай дапамогай, а таксама з дапамогай спонсараў і ахвярадаўцаў мы даём сабе рады. Кс. Максім Бачарнікаў, аканом Парафіяды, адказвае таксама і за падачу праектаў на падтрымку Парафіяды.
– Якія ўзнагароды Вы рыхтуеце пераможцам?
– Сёлета апрача дыпломаў, кубкаў, медалёў і статуэтак будзе спецыяльная ўзнагарода для парафіі, якая пераможа ў спаборніцтвах на стадыёне, а таксама ў частках трыяды “Тэатр” і “Святыня”. І канешне, будуць узнагароды для трох найлепшых парафій, якія здабудуць найбольш балаў ва ўсёй трыядзе. Кожны ўдзельнік Парафіяды атрымае дыплом.
– Кс. Артур, чым для Вас з’яўляецца Парафіяда?
– Для мяне гэта час сустрэчы з вялікай і жывой сям’ёй Хрыста, з жывым Касцёлам, які павінен быць нашай будучыняй. Падчас Парафіяды кожнае дзеянне, будзь гэта “Святыня”, “Тэатр” ці “Стадыён”, прасякнута думкай пра Бога і бліжняга.
– Дзякуй за размову!
|
|
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 327 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.