ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня 2024 года |
Тры пытанні пра сакрамант канфірмацыі
Канфірмацыя з’яўляецца другім з сямі святых сакрамантаў. У сакраманце хросту чалавек першы раз атрымлівае Святога Духа. У сакраманце канфірмацыі кожны атрымлівае поўню Яго дароў, дзякуючы якім будзе ўмацаваны ў веры і больш дасканалым чынам будзе сведчыць пра Бога ў сваім асяроддзі. Хрост уводзіць маленькае дзіця ў Божую сям’ю. Дзіця сталее і праз пэўны час вучыцца само кіраваць сваім жыццём. Змяняецца і яго рэлігійнае жыццё. Надыходзіць момант, калі чалавек усё больш пачынае разумець вызнаваную веру, калі пачынае самастойна прымаць рашэнні ў выбары паміж дабром і злом, а часам яму даводзіцца абараняць свае перакананні. На гэтым складаным этапе духоўнага жыцця Бог зноў прыходзіць да чалавека з дапамогай у сакраманце канфірмацыі. Катэхізіс тлумачыць, што канфірмацыя – гэта сакрамант, праз які Святы Дух умацоўвае хрысціяніна, каб ён мужна вызнаваў і абараняў сваю веру, а таксама жыў паводле яе. Слова “confirmatio” на лацінскай мове азначае ‘ўмацаванне’. Часта гэты сакрамант нават у дарослых людзей выклікае пытанні. Паспрабуем разабрацца з некаторымі з іх. †
|
Ні Святое Пісанне, ні хрысціянская традыцыя не падаюць канкрэтных звестак, калі і як быў усталяваны сакрамант канфірмацыі. Аднак Святое Пісанне ўтрымлівае выразныя доказы таго, што Хрыстос устанавіў гэты сакрамант. На пяцідзесяты дзень пасля ўваскрашэння Хрыста сабраныя ў Вячэрніку Апосталы атрымалі ў дары абяцанага Хрыстом падчас Апошняй Вячэры Святога Духа. Так здзейснілася першая канфірмацыя. Дух напоўніў Апосталаў адвагай і мужнасцю, таму яны з вялікай стараннасцю аддаліся апостальскай працы. У той жа час Апосталы атрымалі права ўдзяляць гэты сакрамант іншым вернікам. Паводле Дзеяў Апосталаў, калі Апосталы ўскладалі на ахрышчаных рукі, тыя таксама атрымлівалі Святога Духа (Дз 8, 14-17). Падобнае адбываецца і падчас прыняцця сакраманту канфірмацыі: вернік атрымлівае Святога Духа, у ім паглыбляецца Божае жыццё, ён як бы адчувае знышнатуральную дапамогу на шляху да ўзмацнення і сведчання веры.
|
Канфірмаваны робіцца сталым вызнаўцам Хрыста і таму павінен не толькі клапаціцца пра ўласнае збаўленне, але і прычыніцца да ўмацавання веры іншых хрысціян, і паказваць Бога тым, хто яшчэ не прыйшоў да веры. Выконваючы наступныя абавязкі, вернік павінен памятаць, што Святы Дух удзяляе яму патрэбную дапамогу.
1. Вернасць Хрысту. Гэта азначае заўсёды кіравацца Божымі запаведзямі і слухаць вучэнне Касцёла. Пры гэтым трэба ўмець супрацьстаяць спакусам сатаны, намовам дрэнных людзей, а таксама старацца перамагаць уласныя недасканаласці. Чалавек, асвечаны Божай ласкай, здольны выбіраць дабро.
2. Пазнаванне Хрыста. Гэта можна рабіць праз удзел у катэхезе, у размовах са святаром, з іншымі глыбока веруючымі людзьмі, праз чытанне рэлігійных кніг і часопісаў і, безумоўна, праз чытанне Святога Пісання.
3. Цярпенне для Хрыста. Вернік, умацаваны дарамі Святога Духа, павінен быць гатовы зносіць розныя выпрабаванні ці нават цярпенні за веру. Цярпенні не толькі могуць выпрабаваць сталасць у веры, але і стаць сведчаннем для іншых людзей. Акурат дары Святога Духа даюць моц выйсці пераможцамі з хваробаў, няўдач, крызісаў, дрэнных учынкаў іншых людзей.
4. Праца для Хрыста. Чалавек жыве сярод людзей – найперш, у сваёй сям’і, а таксама на працы, у вучобе. Калі ён ажыўлены духам Евангелля, то зможа таксама перадаць яго іншым. Сваімі паводзінамі, сваёй жыццёвай паставай чалавек дапамагае бліжнім перамагаць зло і ўмацоўвацца ў добрым.
|
Пры выбары імя для дзіцяці падчас хросту рашэнне прымаюць бацькі. Касцёл кажа, каб гэтае імя было “святым”, ці тым, якое мелі нейкія святыя ці блаславёныя. Так робяць, каб дзіця мела свайго святога заступніка.
У дарослым жыцці чалавек перад канфірмацыяй робіць свядомы выбар, абіраючы імя таго ці іншага святога, жыццёвы прыклад якога падаецца блізкім. Кандыдат да канфірмацыі можа самастойна выбраць святога ці блаславёнага, дарога да святасці якога натхняе і заахвочвае найбольш. Такім імем можа быць і імя, атрыманае падчас хросту.
Падчас выбару не варта кіравацца прыцягальнасцю ці мілагучнасцю імя, але варта ўгледзецца ў прыгажосць жыццёвага сведчання таго, каго вернік выбірае сабе ў якасці святога заступніка. Праз пасрэдніцтва гэтага заступніка чалавек звяртаецца да Бога і аддаецца Яму ў апеку.
Каб прыняцце сакраманту канфірмацыі не стала толькі фармальным жэстам, які павінен выканаць “кожны сапраўдны католік”, варта добра задумацца, з якой матывацыяй і якімі намерамі мы прымаем гэты сакрамант. Спадзяёмся, вышэй згаданыя пытанні падштурхнуць нашых чытачоў да роздуму і заахвоцяць да пошуку адпаведнай літаратуры.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 29 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.