ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пакора. Што гэта?

Задай пытанне

Кс. Алег КанановічСучасны чалавек не дастасоўвае да сябе паняцця пакоры, паколькі яна для яго асацыіруецца з тым, што не з’яўляецца добрым ці хаця б карысным для сённяшняга часу. Вядома, што гэта не прыніжэнне сваіх заслуг, а ўзвялічванне заслуг іншых. І даць сёння адказ на пытанне “Што такое пакора?” не так проста.
    Большасць слоўнікаў, як і інтэрнэт-крыніцы, падаюць, што пакора – гэта маральная цнота, якая ў агульным разуменні палягае на прызнанні асабістай абмежаванасці, не ўзвышэнні сябе над іншымі і пазбяганні хвалення сваімі дасягненнямі.
    А хрысціянская трактоўка гаворыць, што пакора палягае на прызнанні сваіх грахоў і Бога за крыніцу паходжання ўсіх даброт.
    На жаль, у касцёльным асяроддзі існуе дастаткова частае стэрэатыпнае мысленне аб тым, што добры католік павінен быць пакорным, ніколі не прызнаваць свае таленты і дасягненні і асабліва не вылучацца. Таму пакора, якая з’яўляецца вельмі важнай і цэннай каштоўнасцю, можа быць няправільна зразумета.
Мы часта прымяншаем свае станоўчыя якасці і дасягненні, гаворачы, што гэта выпадковасць. Але адначасова трэба аб’ектыўна сябе ацэньваць, заўважаць у сабе тое, што мы сапраўды ўмеем добра рабіць.
    Прыкладам пакоры для католікаў, безумоўна, з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён ведаў, што Ён – Бог, што Ён вялікі, што тое, што Ён абвяшчае – гэта найважнейшыя праўды жыцця. Ён не баяўся гаварыць аб гэтым.
    На сустрэчы “Ці Езус быў паслухмяным хлопцам?” кс. Пётр Паўлюкевіч скіраваў да студэнтаў такія словы: “Памятайце, пакора – гэта праўда. Калі ты прыгожа танцуеш, то ты прыгожа танцуеш. Калі ты прыгожа спяваеш, то ты прыгожа спяваеш. Калі ты прыгожая і ўсе на вуліцы азіраюцца на цябе, то ты прыгожая. Усе б не памыліліся. Калі ты добрая вучаніца, то ты добрая вучаніца. Калі ў цябе адныя пяцёркі ці шасцёркі ў залікоўцы, то ў цябе адныя пяцёркі. Але калі ты чагосьці не ўмееш рабіць, то ты не ўмееш гэтага рабіць. Пакора – гэта праўда. Ганарыстасць – гэта фантазія. Нават калі мы з гэтай фантазіяй ляцім уніз. Гэтыя нашыя: «прыгожа спяваеш – ай, я толькі мычу», «прыгожа малюеш – ай там, крэмзаю», «у цябе прыгожая сукенка – дзе там, такая старая, яшчэ маміна». Замест гэтага мы павінны казаць: «Табе падабаецца? Здорава. Я таксама лічу, што яна прыгожая»”.
    Усе таленты мы маем ад Бога. Калі мы прымяншаем іх, то адначасова змяншаем уздзеянне Пана Бога ў нашым жыцці. Мы павінны развіваць нашыя таленты, выкарыстоўваць іх, а калі трэба, то паказваць іх, праслаўляючы гэтым Стварыцеля.
    Сучасны свет патрабуе добрасумленных менеджараў, старанных журналістаў, адданых урачоў, аб’ектыўных суддзяў і юрыстаў, актораў і рэжысёраў, якія кіруюцца каталіцкімі каштоўнасцямі. Не трэба баяцца ставіць сабе смелыя выклікі і імкнуцца да поспехаў.
    Няшчырая пакора забівае ў нас таленты і шчасце. Умеючы ацэньваць свае станоўчыя якасці і дасягненні, а таксама аб’ектыўна гледзячы на свае недахопы, мы можам развівацца, атрымліваць матывацыю для працы над сабой, пераадольваць сапраўдныя слабасці, рабіць чарговыя дасягненні і такім чынам рэалізаваць мэты, да якіх нас заклікае Бог.
    Такім чынам, пакора не заключаецца ў прыніжэнні сябе. Пакора – гэта нармальнасць у прыняцці як сваіх недахопаў, так і добрых якасцей. Гэта прыняцце не толькі сваіх недасканаласцей, але і бачанне таго, што мы можам. Быць пакорным значыць таксама здолець сказаць: “Гэта я раблю добра”.
    Таму пакора – гэта здольнасць бачыць, якія мы і які Бог. Здольнасць прымаць праўду, якая датычыць нас, што мае наступствы ў нашым развіцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.