ГРОДНА
Субота,
09 лістапада
2024 года
 

Важная падзея ў нашым жыцці

Лісты чытачоў

Хвала Хрысту! Я хачу падзяліцца з Вамі сваімі ўражаннямі, якія мне і многім жыхарам Маладзечна давялося адчуць і перажыць летась. Гаворка ідзе аб візітацыі абраза Езуса Міласэрнага ў наш горад.
“Езу, давяраю Табе!” – гэтыя сардэчныя словы сталі сапраўдным дэвізам для маладзечанцаў з парафіі св. Юзафа ў перыяд падрыхтоўкі да ўрачыстай сустрэчы з абразом Езуса Міласэрнага. А рупліва рыхтаваліся ўсе: пачынаючы ад нашага ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і завяршаючы самымі маленькімі парафіянамі. Бо гэта ж сапраўды падзея ў жыцці кожнага католіка! Сам Езус Міласэрны дае нам магчымасць сустрэцца, адчуць і зразумець важнае, задумацца аб вечных хрысціянскіх каштоўнасцях. Або проста ў нашым тэхнагенным, інфармацыйным, імклівым жыцці з’яўляецца момант, каб спыніцца і ўзважыць свае “дасягненні”, азірнуцца назад і знайсці час на прабачэнне і просьбу...
Аб гэтых важных акалічнасцях кожны чалавек абавязкова зразумее дзесьці напрыканцы жыцця, але як цудоўна прыйсці да гэтага разумення намнога раней, калі штосьці яшчэ можна выправіць! Вось такая магчымасць, такі шанец і быў у нас, маладзечанцаў. Усё пачалося з чарговага дэканальнага спаткання, якое адбылося на пачатку чэрвеня мінулага года. Важна было абмеркаваць усе арганізацыйныя пытанні, каб годна прывітаць цудоўны абраз.
   Урачыстая сустрэча адбылася 12 чэрвеня ў касцёле св. Юзафа. Абраз Езуса Міласэрнага прыбыў да нас з Бабруйска. Наша радасць ад сустрэчы была яшчэ большая, бо на ўрачыстасць завітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У нас была цудоўная магчымасць павіншаваць шаноўнага арцыбіскупа з 30-гадовым юбілеем святарства і выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за адданае служэнне Богу і людзям.
   У адной са сваіх апошніх кніг “Будзь воля Твая” Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напісаў, што “корань слова «святар» – «святы», а галоўнае заданне святара – несці святасць у свет дзеля яго духоўнага аднаўлення”. Сапраўды, нашы святары сваім духоўным служэннем спрыяюць нам, свецкім людзям, каб мы маглі адчуць і зразумець шчасце сакраментальнага яднання чалавека з Богам, мець надзею на вяртанне свабоды і годнасці для нас – дзяцей Божых.
   Тое, што ў вялікую ўрачыстасць Спаслання Святога Духа мы маглі яшчэ і сэрцам прывітаць абраз Езуса Міласэрнага, – гэта адна з праяў духоўнага выхавання, выражэнне клопату і апекі з боку нашых святароў. Мы ж, у сваю чаргу, стараліся як мага прыгажэй і дастойней выразіць свае пачуцці і настрой: касцёл і тэрыторыю вакол яго прыгожа і святочна аздобілі кветкамі і стужкамі, жанчыны з аб’яднання “Легіён Марыі” сплялі з дубовых галінак вянок, дзеці апранулі белыя ўбранні. Як заўсёды ліліся і краналі душу шчымлівыя арганныя мелодыі і песні. Цэлы тыдзень вернікі нашага дэканата мелі магчымасць адараваць у малітве абраз Езуса Міласэрнага. На каленях перад Яго святым абліччам стаялі і праваслаўныя, і католікі. Езус Міласэрны чуў просьбы і словы прабачэння ад дарослага і малога, ад тых, хто практыкуе сваю веру, і тых, хто прыходзіць у святыню толькі па вялікіх святах. Галоўнае – паспець кожнаму звярнуцца да Бога! Ён абавязкова пачуе!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  53

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.