ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Святы Пасхальны Трыдуум

З жыцця Касцёла

Акаджэнне эўхарыстычных дароў падчас св. Імшы Хрызма
Вялікі чацвер: устанаўленне сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства
У Вялікі чацвер у катэдры зранку была адпраўлена св. Імша Хрызма, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Святары з усёй Гродзенскай дыяцэзіі прыехалі прыняць удзел у літургіі, падчас якой біскуп блаславіў алеі хворых і катэхуменаў, а таксама асвяціў святое хрызма. Гэта таксама вялікае свята для кожнага святара, таму што ў Вялікі чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамант святарства.
    На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы за святароў, за новыя святарскія пакліканні, а таксама за стойкасць у ласцы паклікання да канца жыцця.
    А 19-й гадзіне ў катэдры была адпраўлена св. Імша Вячэры Пана, якая распачала Святы Пасхальны Трыдуум.
    Апошні раз падчас гімна “Хвала на вышынях Богу” зазванілі званкі, якія да Пасхальнай Вігіліі былі заменены драўлянымі ляскоткамі, сціхнуў арган.
Гамілію прамовіў кс. Павел Салабуда, які ў сваім казанні засцерагаў вернікаў ад духоўнай руціны, калі нам часам падаецца, што Пасхальны Трыдуум і Вялікдзень штогод такія самыя. Насамрэч, для кожнага верніка кожная сустрэча з уваскрослым Хрыстом іншая, выключная, таму што яна тычыцца сустрэчы з жывым Богам. Калі бачыць у святах толькі абрадавы бок, то яны сапраўды могуць стаць аднолькавымі. Але шчырае запрашэнне ў сваё сэрца жывога Бога ніколі не будзе руцінай, якая паўтараецца штогод.
    Напрыканцы св. Імшы Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў цямніцу, дзе трывала адарацыя.

    Пачатак літургіі Вялікай пятніцы
Літургія Вялікай пятніцы ў катэдры
У гэты дзень св. Імшы не адпраўляюцца. Гэта дзень павагі, засяроджання і посту, калі асабліва ўшаноўваецца дрэва крыжа. У дзень смерці Езуса Хрыста вернікі катэдральнай парафіі пачалі разважанне мукі Пана з Крыжовага шляху, які па традыцыі правялі святары.
    Літургію Мукі Пана, якая складаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і абрадаў св. Камуніі, узначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі ў цішыні вернікі са сваім пастырам разважалі вялікую таямніцу веры – смерць Езуса. Збаўчую падзею згадвае Евангелле, пасля якога да вернікаў звярнуўся кс. Віктар Ханько, які заахвоціў усіх прысутных да глыбокай удзячнасці Богу, які аддаў жыццё за кожнага з нас.
    Пасля малітвы да алтара быў урачыста прынесены крыж, пасля чаго біскуп тры разы адспяваў словы малітвы: “Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збаўца Свету”. Людзі адказвалі: “Хадземце з паклонам”. Пасля адкрыцця Святога крыжа кожны мог падыйсці да яго, каб пацалаваць.
    Пасля святой Камуніі, Найсвя­цейшы Сакрамант перанеслі ў прыгожа аздоблены сімвалічны гроб. Затым адбылася адарацыя, якая ў катэдры доўжылася да 22-й гадзіны. У гэты дзень таксама распачалася Навэнна да Божай міласэрнасці, якая трывае 9 дзён.

    Асвячэнне хрысцільнай вады праз акунанне  ў ёй пасхала
Хрыстос Уваскрос! Алелюя!
Вернікі з усяго горада сабраліся ў Вялікую суботу ў катэдры, каб супольна паўдзельнічаць у найважнейшым набажэнстве ўсяго літургічнага года – Пасхальнай вігіліі. Гэта цудоўная ноч, калі мы радасна ўсклікаем “Хрыстос Уваскрос!”
    Вігілія пачалася літургіяй святла. Перад катэдрай ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў агонь і запаліў ад яго пасхал, ад якога вернікі затым запалілі свае свечкі. Так раз’яснілася цемень, у якой прабываў Касцёл да Уваскрасення Хрыста. Падчас літургіі слова чыта­ліся біблійныя тэксты, якія перамяжоўваліся псальмамі і малітвамі, а таксама Евангелле. Пасля чытанняў Касцёл заспяваў гімн “Хвала на вышынях Богу”, калі абудзіліся ўсе званы і арган, якія дагэтуль маўчалі на знак смутку мукі і смерці Пана.
    Пасля распачалася літургія хросту, падчас якой спявалася Літанія да ўсіх святых. Затым ксёндз біс­куп асвяціў хрысцільную ваду, тры разы акунаючы ў яе пасхал.
    Далей наступіла Эўхарыстыя – найважнейшая частка ўсяго набажэнства, калі Хрыстос прыхо­дзіць да кожнага хрысціяніна пад выглядам св. Камуніі.
    Напрыканцы набажэнства кс. бп Аляксандр павіншаваў усіх вернікаў з Уваскрасеннем Хрыстовым, папра­сіўшы занесці ў свае сем’і самыя шчырыя віншаванні і пажаданні, асабліва хворым людзям, якія не змаглі прыняць удзел у набажэнстве. Пасля набажэнства на працягу ўсёй ночы адбывалася адарацыя Гробу Пана, якую падрыхтавала гродзенская моладзь.

    Пачатак урачыстай рэзурэкцыйнай працэсіі
Няхай кожны пачуе Добрую Навіну
Традыцыйна велікодным нядзель­­ным ранкам урачыстая працэсія з Найсвя­цейшым Сакрамантам выйшла з катэдры. Напярэдадні ўначы трывала адарацыя Панскага Гробу, з якога ксёндз біскуп Аляксандр раніцай вынес Найсвяцейшы Сакрамант, каб ідучы ва ўрачыстай працэсіі, абвяшчаць усім Уваскрасенне.
    Перад працэсіяй ксёндз біскуп уручыў яе ўдзельнікам працэсійны крыж, аздоблены чыр­вонай стулай, фігурку ўваскрослага Хрыста і запалены пасхал як сімвал уваскрослага Хрыста, які з’яўляецца святлом гэтага свету.
    Прыгожая традыцыя ранішняй працэсіі перад рэзурэкцыйнай св. Імшой трывае ў катэдры здаўна. Жанчыны, мужчыны рознага ўзросту нясуць абразы і харугвы, дзяўчаты ў белых сукенках і вяночках пасыпаюць шлях пялёсткамі кветак. Працэсія з вернікаў, святароў, манаскіх сясцёр расцягваецца на ўсю вуліцу. Шэсце суправаджаюць урачыстыя гукі духавога аркестра, спевы і званкі.
    Тысячы людзей прыйшлі ў катэдру паўдзельнічаць у працэсіі і рэзурэкцыйнай св. Імшы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.