ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка 2024 года |
Расфарбоўваем жыццё ў святочныя колеры!
Хвала Хрысту!
Разам са святам Вялікадня прыйшла і вялікая радасць – радасць Уваскрасення Хрыста. І разам з тым, душа ўзрадавалася і адкрылася для новых падзей, ідэй і прапаноў (якія якраз можна адшукаць у свежым нумары рубрыкі “На скрыжаванні”). Вы фарбавалі яйкі на свята? Ускладнім задачу: давайце расфарбуем жыццё, кожны яго дзень, кожнае імгненне... Прычым, толькі ў яркія фарбы. Навучымся “ствараць свята”. Паразважаем, што ж такое для кожнага з нас свята. Не забудземся на кнігу месяца, інтэнцыю і кароткі нарыс з жыцця святога.
У цёплым, спадзяёмся, красавіку будзем прабачаць і напяваць вясёлыя песні з сэнсам, а таксама шукаць шлях да гармоніі, абнаўляючы сцежкі, як мы гэта заўсёды робім на старонках газеты “Слова Жыцця” ў моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”.
З Богам. У добры шлях.
Разам са святам Вялікадня прыйшла і вялікая радасць – радасць Уваскрасення Хрыста. І разам з тым, душа ўзрадавалася і адкрылася для новых падзей, ідэй і прапаноў (якія якраз можна адшукаць у свежым нумары рубрыкі “На скрыжаванні”). Вы фарбавалі яйкі на свята? Ускладнім задачу: давайце расфарбуем жыццё, кожны яго дзень, кожнае імгненне... Прычым, толькі ў яркія фарбы. Навучымся “ствараць свята”. Паразважаем, што ж такое для кожнага з нас свята. Не забудземся на кнігу месяца, інтэнцыю і кароткі нарыс з жыцця святога.
У цёплым, спадзяёмся, красавіку будзем прабачаць і напяваць вясёлыя песні з сэнсам, а таксама шукаць шлях да гармоніі, абнаўляючы сцежкі, як мы гэта заўсёды робім на старонках газеты “Слова Жыцця” ў моладзевай рубрыцы “На скрыжаванні”.
З Богам. У добры шлях.
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай возьме крыж свой” (Лк 9, 23).
Бо крыж – гэта ключ да спазнання Бога.
Па адным шляху, кажуць, ідуць аднадумцы. Таму не можа быць аднолькавых поглядаў паміж тымі, хто подбегам ляціць наперад, і тымі, хто сагнуўся пад цяжарам крыжа. Бог цярпеў за нас, і мы павінны. Але разам гэта рабіць значна лягчэй. А Бог побач. †
Мэта месяца: навучыцца прабачаць
Ці не адбывалася ў Тваім жыцці так, калі вусны прамаўляюць прабачэнне, а душа не адпускае? І тады ёсць адчуванне, што хтосьці альбо штосьці руйнуе Цябе знутры, замінае свабодна дыхаць, бачыць, адчуваць. Думкі не паралельныя з адчуваннямі, але гэтага не хочацца прымаць.
І тады пачынаеш крытычна ставіцца да свету, шукаеш заганы ў іншых. А ўсё таму, што Ты не ацаліўся ад граху поўнасцю. Ты не пусціў яго – і ён цягне Цябе ўніз, абцяжарвае.
Згодна, невыносна бывае забыцца на нешта. І залежыць гэта не толькі ад Цябе. Таму ніколі не забывайся пра дапамогу Бога, які заўсёды побач. Памятай аб гэтым.
Інтэнцыя месяца: каб маладыя людзі былі ў стане адказаць на заклік Хрыста і пераймалі Яго ў святарстве і рэлігійным жыцці
Успомнім назву нашай рубрыкі – “На скрыжаванні”. Менавіта ў маладым узросце чалавек вымушаны запаволіць крок і вызначыць свой далейшы шлях у жыцці. І вельмі важна, каб ён не памыліўся. А перад гэтым пачуў голас Хрыста, зразумеў і з пакорай прыняў місію свайго прызначэння.
Прадмет разважанняў месяца: свята
Ці свята – гэта дата, пачуццё, настрой, а можа, стан?..
Я скажу, чаму так важна разабрацца ў гэтым. Калі Ты суадносіш свята з датай у календары, у Тваю душу яно прыходзіць ва ўсталяваны тэрмін. Калі гэта настрой, Ты можаш ім падзяліцца. А калі стан, Ты можаш ім кіраваць, запрашаць, ісці поруч. Што Табе бліжэй? Чаго б хацелася? У вольны час пашукай адказ у сваім сэрцы.
Асоба месяца: Святы Рафал (Юзаф) Каліноўскі
Нарадзіўся Юзаф у Вільні. Яго маці памерла праз некалькі дзён пасля яго нараджэння. У юнацтве хлопец скончыў Дваранскі інстытут. Пасля два гады вучыўся ў Горы-Горацкай земляробчай школе, але не скончыў яе. Затым навучаўся ў Нікалаеўскай інжынернай акадэміі ў Пецярбургу. Працаваў па спецыяльнасці на чыгунцы.
Удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў. Быў адным з яго кіраўнікоў на тэрыторыі Польшчы. За гэта быў арыштаваны і асуджаны на смяротнае пакаранне. Але яго змянілі на 10-гадовую катаргу і саслалі ў Сібір. Пасля вызвалення працаваў выхавальнікам 16-гадовага князя Аўгуста Чартарыйскага ў Варшаве (з’ехаў туды ў красавіку 1874 г.). Доўгі час спадарожнічаў яму.
У 1877 годзе ўступіў у ордэн кармелітаў у Лінцы і прыняў манаскае імя Рафал. У адным з пісьмаў ён пісаў: “Калі б я страціў усё на свеце і стаў сапраўдным жабраком – гэтая думка на здзіўленне ніколькі не трывожыць мяне. Свет можа пазбавіць мяне ўсяго, але заўсёды застанецца адна недаступная для яго хованка – малітва; у ёй мінулае, сапраўднае і будучае аб’ядноўваюцца ў святле надзеі. Божа, якімі скарбамі Ты адорваеш тых, хто спадзяецца на Цябе!”
У 1882 годзе Рафал прыняў сан святара. Памёр у 1907 годзе ад туберкулёзу.
Быў беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 1983 годзе, а кананізаваны ў 1991 годзе. Святы Рафал Каліноўскі – апякун афіцэраў і салдат, заступнік у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.
Справа месяца: расфарбаваць кожны дзень у святочныя колеры
Мабыць, у кожнага з нас у дзяцінстве былі расфарбоўкі. Памятаеце? Але, што самае цікавае, у нашых сяброў яны маглі быць такія ж, а малюнкі ва ўсіх атрымліваліся розныя. Бо ў кожнага з нас рознае бачанне свету, розныя жаданні і розныя алоўкі.
Тое ж датычыцца і кожнага дня. З ранішнім сонцам Бог дорыць нам час, магчымасці. Калі аб’ектыўна паглядзець на гэтыя рэчы, можна прыйсці да высновы, што кожны дзень – гэта падарунак Бога. А за кожны падарунак мы прывыклі дзякаваць. І настрой у нас тады ўзнімаецца, хочацца ўсміхацца, спадзявацца на нешта добрае. З асалодай заплюшчваць вочы і з нецярплівасцю чакаць наступнага дня. Калі ёсць жаданне і “алоўкі”, можна намаляваць плённае ўчора, упэўненае сёння або незабыўнае заўтра. Дык наперад!
Кніга месяца: “Як жыць Божым словам у паўсядзённым жыцці”, а. Кшыштаф Вонс SDS
Уступ да кнігі пачынаецца з уводзін, у якіх ёсць такія словы: “...Часта ў нас не атрымліваецца наладзіць дыханне душы так, каб жаданне блізкіх зносін з Богам задавала рытм нашаму паўсядзённаму жыццю...” На жаль, так. Жаданне з’яднацца з Богам, можа, і ёсць, але яму замінаюць бытавыя клопаты, абавязкі. І тады перамагае другое жаданне: хутчэй легчы спаць, каб заўтра перажыць яшчэ адзін шэры дзень. І бясконцае кола круціцца, а час ляціць. Айцец Кшыштаф падкрэслівае, што Бог звяртаецца да нас кожную хвіліну. І трэба ўважліва слухаць, што Ён нам кажа. А Ён кажа штодня, кажа з любоўю, у дадзены момант, да кожнага з нас асабіста. “Наша паўсядзённасць мае патрэбу ў Божым слове”. У кнізе прапаноўваюцца чатыры шляхі да пазнання ісціны: “Падрыхтоўка да сустрэчы з Божым словам”, “Малітва Божым словам”, “Перажыванне Божага слова ў падзеях дня” і “Погляд на дзень у святле Божага слова”. Адразу зразумела, што погляд, несумненна, зменіцца. І, мабыць, праблемы адыдуць на другі план, і знойдзецца час на чытанне Божага слова. Трэба зрабіць прыпынак.
Песня месяца: “Проста ў Бога веру я”, верую-project
Вясёлая песня аб тым, што чалавек прыйшоў на свет недарма: ён верыць у Бога. А Бог ратуе яго сваёй любоўю. Каб не дайсці да адчаю, “трэба часам спыніцца, на калені ўстаць і памаліцца”.
Рытмічная песня, якую хочацца напяваць. А добра, калі хочацца напяваць песні з сэнсам, глыбокім сэнсам, бо ў пэўную хвіліну яны прымусяць задумацца.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 81 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.