ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

Езу, навучы нас годна несці свой крыж!

На шляху да святасці

“Езу, які спазнаў цяжар крыжа, узмацні нас і навучы жыць так, каб мы не былі цяжарам і крыжом для нашых блізкіх”.
Гродзенская моладзь правяла набажэнства Крыжовага шляху вуліцамі Гродна 31 сакавіка. Нягледзячы на халоднае ветранае надвор’е, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат, а таксама старэйшых людзей прыйшла на пабернардынскі ўзгорак, каб супольна паразважаць над мукай і смерцю Езуса Хрыста.
    Набажэнства ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, які разам з моладдзю прайшоў усе стацыі Крыжовага шляху.
Разважанні да кожнай ста­цыі падрыхтавала моладзь з парафіі Гродна-Паўднёвы. Крыж ад стацыі да стацыі пачаргова неслі вернікі з розных гродзенскіх парафій. Каб глыбей пранікнуцца перажываннямі апошніх дзён зямнога жыцця Езуса, арганізатары падрыхтавалі аўдыёфрагменты са знака­мітага фільма Мэла Гібсана “Пакуты Хрыстовы”. Урыўкі гучалі на аўтэнтычнай мове без перакладу. Дзякуючы гэтаму вернікі маглі яскрава ўявіць сабе тыя падзеі. Акрамя таго, удзельнікі набажэнства чулі апісанне мукі і смерці Хрыста паводле Святога Пісання і разважалі над чарговымі стацыямі Крыжовага шляху на беларускай і польскай мовах.
    “Езу, навучы нас у малітве і ў жалю за грахі абмываць сваю душу і памнож у нас адвагу для добрых спраў, каб праз усё жыццё мы станавіліся падобнымі да Цябе”.
    Пасля набажэнства Крыжовага шляху ў кожнага верніка была магчымасць асабістай адарацыі крыжа. А 19-й гадзіне адбылася св. Імша ў катэдры, а затым адарацыя працягнулася.
    - Я ўдзельнічала ў набажэнстве Крыжовага шляху вуліцамі Гродна ўпершыню. Асаблівым момантам для мяне было нясенне крыжа разам з моладдзю з маёй парафіі. Я адчувала сябе нібыта тым Сымонам, на плечы якога паклалі крыж Хрыста, каб несці яго на Галготу.
    Я задумалася над тым, ці дапамагаю я каму-небудзь у сваім жыцці несці крыж, які моцна абцяжарвае яго плечы: блізкі гэта чалавек ці, можа, нехта незнаёмы, але які патрабуе маёй дапамогі? Таксама ўражвалі гукі з фільма. Асабліва балюча было чуць грукат малатка, які цвікамі прыбіваў цела Хрыста да крыжа. І хаця падзеі адбываліся тысячы гадоў таму, мы іх перажывалі занава.
    “Сымону, які вяртаўся з поля, кажуць несці крыж Збаўцы. Несці крыж паміж двума злодзеямі – гэта не вялікі гонар. Сымон пярэчыць гэтаму. Але колькі зараз такіх, здольных добраахвотна ўзяць на сябе крыж блізкага чалавека? Да таго ж, гэта крыж збаўлення – крыж добрай справы, які прыносіць Божую ласку! Падобна Сымону, мы вымушаны дапамагчы таму ці іншаму тады, калі жадаем гэтага менш за ўсё. Неахвотную, амаль пад прымусам, дапамогу прыняць вельмі цяжка, але Езус прымае яе ад Сымона. Усе мы проста неабходны адзін аднаму, як дапамагаць, так і прымаць дапамогу. Хай навучыць нас прыклад Езуса, які не пашкадаваў Сябе дзеля дабра чалавека”.
    “Езу, які спазнаў цяжар крыжа, узмацні нас і навучы жыць так, каб мы не былі цяжарам і крыжом для нашых блізкіх”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.