ГРОДНА
Панядзелак,
02 снежня
2024 года
 

Дні моладзі: дакрануцца да Хрыста, які жыве ў супольнасці Касцёла

З жыцця Касцёла

кс. Антоні Грэмза з моладзю
У лідскай парафіі Святой Сям’і распачынаецца гарачы час. 28-30 красавіка парафія будзе прымаць Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Такія сустрэчы штогод робяцца ўсё больш папулярнымі сярод маладых вернікаў. Цешыць, што хлопцы і дзяўчаты шукаюць сябе ў духоўным жыцці, шукаюць адказы на свае пытанні веры. Акрамя гэтага, Дні моладзі – гэта і цудоўны час павесяліцца разам з аднагодкамі ў цёплай і прыемнай атмасферы. Як знайсці баланс паміж духоўным і забаўляльным на такой сустрэчы і што цікавага чакаецца ў Лідзе мы распыталі душпастыра акадэмічнай моладзі Гродна і галоўнага арганізатара Дзён моладзі кс. Антонія Грэмзу.
– Дні моладзі ў Лідзе будуць прысвечаны хрысціянскай радасці. На значках і плакатах змешчаны ўваскрослы Хрыстос, які выходзіць з Гробу і ідзе да людзей, нясе прамяні Божай ласкі і радасці да кожнага чалавека. Як галоўны арганізатар я бачу патрэбу, каб звярнуць больш увагі на споведзь. Бо там мы дакранаемся да Божай рэчаіснасці, да Хрыста, які ў споведзі дакранаецца да нашага сумлення і дае нам сапраўдную любоў і радасць. Таму праца ў групах будзе прысвечана сакраманту паяднання ў аспекце радасці. Каб моладзь не баялася аддаваць свае грахі Хрысту, не баялася іх вызнаваць і верыла ў Божую міласэрнасць. Галоўнай тэмай катэхезаў будуць 5 умоў добрай споведзі.

    – Як знайсці баланс паміж духоўнай карысцю і забавамі падчас Дзён моладзі?
    – Дні моладзі – гэта такі асаблівы час, калі моладзь радуецца сустрэчы. Хоць заўважаецца не толькі забава, але і духоўнае перажыванне сустрэчы. Шмат моладзі едзе з добрым намерам, каб дакрануцца да Хрыста, які жыве ў супольнасці Касцёла. Таму заўважаецца зацікаўленне катэхезамі, якія праводзяцца падчас сустрэчы. Працуючы ў розных групах, моладзь дыскутуе, разважае над пэўнымі праблемамі, спрабуе прымаць нейкія добрыя рашэнні. Вельмі кранаючым момантам з’яўляецца адарацыя, а таксама споведзь, калі моладзь падчас адарацыі выражае сваю духоўную прагу Пана Бога. Таму маладыя людзі ўдзельнічаюць у гэтых сустрэчах не толькі дзеля забавы, але і для сапраўднага духоўнага свята. Хаця сёння яны патрабуюць і той знешняй радасці – забавы, гульняў, канцэртаў. Іх цяжка адлучыць ад духоўнага боку. І яны павінны быць. Трэба ўмець пакіраваць маладымі, каб галоўныя праўды ўсё ж былі ў іх на першым месцы. Калі, напрыклад, праводзіцца канцэрт, то найперш таму, што гэтак мы праслаўляем Пана Бога. У гэтым і заключаецца духоўны баланс.

    – А на якія тэмы моладзь сёння адгукаецца найбольш? На якія пытанні патрабуе адказу на катэхезах?
    – Напэўна, найперш малады чалавек хоча пазнаць сэнс жыцця. Правільна абраць той шлях, па якім хоча ісці, каб выбар быў хрысціянскім і абдуманым. Напэўна, шмат маладых людзей застаецца перад выбарам: або пайсці шляхам лёгкага жыцця, калі трэба згадзіцца на нейкі кампраміс з грахом, калі трэба страціць сваю хрысціянскую веру, або захаваць яе. Гэта пытанне аб выбары жыцця, як быць чалавекам у грамадстве ў сваім поўным развіцці. Таксама для моладзі важныя пытанні адносін паміж хлопцам і дзяўчынай, пытанні пачуццяў у адносінах – гэта вельмі цікавая тэма для іх. Можа, гэтая тэма больш прывабная з-за культуры ў нашым грамадстве, з-за рэкламы. Але зноў жа трэба ўтрымліваць баланс, каб тыя прыемнасці, якія даюць гэтыя адносіны, былі сапраўднымі, поўнымі, чалавечымі і хрысціянскімі. Напэўна, гэта заданне Касцёла, каб змяняць памылковыя пункты гледжання на адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай, каб яны былі хрысціянскімі і неслі сапраўдную любоў і хрысціянскую радасць, а не толькі выкарыстанне адзін аднаго.

    – Як Вы лічыце, наколькі даходліва Касцёл даносіць да маладых вернікаў складаныя пытанні і праблемы веры? Ці размаўляеце Вы на супольнай мове з моладдзю?
    – Напэўна, нейкі бар’ер заўсёды будзе існаваць, прытым шмат яшчэ залежыць ад душпастыраў. Таксама патрэбны індывідуальны падыход да кожнага чалавека, да кожнай пары. Пазней такі падыход усё роўна прынясе поспех, нават калі спачатку бываюць непаразуменні. Бо часамі моладзь глядзіць на пытанні веры вельмі рацыянальна, сучасны свет не спрыяе таму, каб перажываць усё з верай. Моладзь сёння практычная, крытычна глядзіць на тое, што чуе. Гэта таксама датычыцца праўд веры і Касцёла. Недастаткова сёння сказаць моладзі: гэта такая ісціна і ў яе трэба верыць. Маладым людзям яшчэ трэба патлумачыць, чаму. Тут кожнаму святару трэба ўкласці шмат сваёй працы, сэрца, сваёй душы, каб моладзь магла нас зразумець. Аргументы, якія выходзяць з сэрца святара, трапляюць да моладзі. Святар павінен старацца зразумець сучасныя праблемы маладога пакалення.

    – Ці не назіраецца ў нашым Касцёле пэўнага перакосу ў бок працы з моладдзю, якая і так актыўная? Ці ёсць праца з гэтак званай праблемнай моладдзю, або з той яе часткай, якая яшчэ патрабуе навяртання?
    – Сапраўды, Дні моладзі больш разлічаны на тых маладых вернікаў, якія рэгулярна ходзяць у касцёл, якія пачулі пра з’езд моладзі і ўдзельнічаюць там штогод. Думаю, што гэта больш праблема Касцёла і той актыўнай моладзі. Напэўна, трэба рабіць сустрэчы, каб у іх таксама магла прымаць удзел моладзь нефармальная, моладзь з вуліцы. Але гэта складана спалучыць. Трэба больш нашай актыўнасці не столькі на Днях моладзі, колькі ў штодзённасці, у пастаяннай працы, размовах, сустрэчах, евангелізацыі, якая патрэбна ў невялікіх гарадах і вёсках, каб абудзіць добрыя імкненні ў тых людзей, якія не ведаюць, што такое Касцёл.
    На Днях моладзі ў Лідзе мы прымем усю моладзь, якая толькі пажадае там быць. Цешыць тое, што ёсць патрэба ў Днях моладзі, яны сталі папулярнымі. Таму чакаем усіх і будзем рады бачыць кожнага маладога чалавека!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  30

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.