ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Міласэрнасць дазваляе нам застацца людзьмі

З жыцця Касцёла

кс. Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе
Міласэрнасць – гэта штосьці большае, чым толькі прабачэнне
– Дзякуючы св. Фаўстыне і бл. Яну Паўлу II слова “міласэрнасць” умацавалася ў нашым рэлігійным слоўніку. А чым для Вас з’яўляецца міласэрнасць?
    – Дзякуй за гэтае пытанне. Хачу прызнацца, што я ўжо даўно шукаю на яго адказ. Слова “міласэрнасць” асацыіруецца ў мяне з тэкстам натхнёнай Бібліяй антыфоны, якая часта паўтараецца ў літургіі Касцёла, а менавіта: “Пане, нахілі сваё вуха на словы вуснаў маіх”. Так гаворыць дзіця, якое пасля выбрыкаў і бунту не ведае, як папрасіць прабачэння ў бацькоў і просіць нахіліць галаву, каб прашаптаць словы перапрашэння на вуха. З іншага боку, гэтая сітуацыя вядома нам усім – менавіта такую паставу мы павінны займаць на споведзі. Але парадокс у тым, што гаворка тут ідзе не толькі аб перапрошванні і прабачэнні. Прабачэнне, у маім разуменні, змяшчаецца ў іншым біблійным слове – “літасць”. Міласэрнасць жа з’яўляецца чымсьці большым. Гэта двухбаковая сувязь: таго, хто мае прыязнае сэрца, і таго, каму такое сэрца неабходна. Класікай з гэтага пункта погляду з’яўляецца прытча з Евангелля паводле св. Лукі, якая гаворыць пра тое, што марнатраўны сын усведамляў страту асабістай тоеснасці як дзіцяці і вяртанне згубленага стану праз міласэрнасць бацькі. Беручы асобасна, адбываецца своеасаблівая камплементацыя – дапаўненне асобы, якая адчувае асабістую недастатковасць, няпоўнасць, глыбокі экзістэнцыяльны недахоп, Асобай, якая з’яўляецца паўнатой усяго, што добрае і святое. Здаецца, што менавіта ў такім значэнні сакрамант пакаяння, які з’яўляецца актам міласэрнасці ў найбольшай ступені, называецца сакрамантам паяднання.

   – Ксёндз Андрэй, згодна з рашэннем ксяндза біскупа, Вы як пробашч былі накіраваны ў парафію Божай Міласэрнасці. Ці пашыраецца ў Вашай парафіі культ міласэрнасці?
   – Цяжка казаць пра пашырэнне чагосьці, што ў Касцёле з’яўляецца паўсюдным і належыць да самой яго сутнасці. Культ Божай міласэрнасці з’яўляецца для Касцёла чымсьці натуральным, таму нельга не шанаваць таго, дзякуючы чаму мы збаўлены. Менавіта паслядоўна рэалізуючы спрадвечную задуму Божай міласэрнасці, Хрыстос узяў на сябе цяжар, які мы павінны былі несці асабіста, і памёр на крыжы, задаволіўшы справядлівасць, справядлівы за несправядлівых. Асабіста для мяне, самым прыгожым і адначасова самым красамоўным відам культу Божай міласэрнасці з’яўляецца кленчанне перад крыжом і яго адарацыя, як мы робім гэта ў Вялікую пятніцу: “Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збаўца Свету! – Хадземце з паклонам!”
    Калі ж казаць пра больш сучасныя формы культу міласэрнасці, натхнёныя аб’яўленнямі Езуса Міласэрнага св. Фаўстыне Кавальскай і святарскім служэннем бл. Міхала Сапоцькі, трэба сцвердзіць, што набажэнства да Божай міласэрнасці займае ў нашай парафіі значнае месца. Навэнна перад урачыстасцю Божай міласэрнасці, малітва Вяночкам, а таксама абразы Езуса Міласэрнага вельмі любімыя вернікамі і складаюць неад’емную частку парафіяльнага культу. Ёсць шмат планаў, між іншым, каб кожную першую пятніцу месяца ў нашай парафіі зрабіць Днём міласэрнасці з адгаворваннем Вяночка ў Гадзіну міласэрнасці (а 15-й гадзіне), адарацыяй Пана Езуса з магчымасцю споведзі і св. Імшой на заканчэнне за ўсіх людзей, якім найбольш неабходна Божая міласэрнасць. Наколькі гэтыя планы будуць паспяховымі, мы, можа быць, раскажам на старонках “Слова Жыцця”.

    – Ці адчуць Божую міласэрнасць сёння можна толькі пры кратках канфесіянала?
    – Вышэй я ўжо ўзгадаў, што міласэрнасць – гэта штосьці большае, чым толькі прабачэнне. Яна з’яўляецца запаўненнем нейкага недахопу, які адчувае асоба. Гэта можа быць недахоп сіл, звязаны з перажываемым цярпеннем, тады дастаткова быць разам з такім чалавекам, сказаць яму добрае слова, і гэта будзе выражэннем міласэрнасці. Гэта можа быць недахоп асвячаючай ласкі, звязаны са станам граху, тады толькі міласэрны Бог можа запоўніць гэты недахоп сакраментальным чынам. А можа гэта быць і недахоп сродкаў на пражыванне, звязаны з нейкім няшчасцем, здарэннем ці хваробай, тады міласэрнасць павінна набываць цалкам матэрыяльнае, канкрэтнае аблічча.

    –А людзі ў Беларусі міласэрныя?
    – Безумоўна, так. Зусім нядаўна, падчас велікапосных рэкалекцый у Ашмянах, у мяне была магчымасць убачыць міласэрнасць, якая абапіралася не толькі на словах, – ашмянскія вернікі, адказваючы на заклік ксяндза дзекана Яна Пузыны, на штомесячных ватыўных св. Імшах аб Божай міласэрнасці рэгулярна робяць грашовыя ўклады на карысць нядаўна ўзніклага ў Вільні хоспіса для невылечна хворых людзей. Думаючы па-зямному – марнаванне грошаў, думаючы па-Божаму – яшчэ не вядома, хто каму больш дапамагае: здаровыя хворым ці хворыя здаровым, каб мы заставаліся людзьмі.

    – Ксёндз Андрэй, што, на Вашу думку, мы павінны зрабіць, каб яшчэ больш людзей даручыць Божай міласэрнасці?
    – Мне здаецца, што калі ставіць перад сабой такую мэту, можна ўвайсці ў заганнае кола пагоні за статыстыкай. І гэта будзе разыходзіцца з Хрыстовым акрэсленнем Касцёла як малой групкі, любімай Панам. Малое ці вялікае – у Святым Пісанні гэта неадназначныя паняцці. У той канцэпцыі Божай міласэрнасці, якую я для сябе выпрацаваў, малое можа раптоўна стаць вялікім, калі з’яднаецца з чымсьці, а ў нашым выпадку – Кімсьці вялікім. Мне здаецца, што гэта менавіта ў такім значэнні св. Павел пісаў, што ўсё магчыма ў тым, Хто яго ўзмацняе. Праўда аб Божай міласэрнасці не з’яўляецца дактрынай, для якой трэба адчайна шукаць прыхільнікаў. Гэта цэласная частка касцёльнага вучэння аб збаўленні, і той, хто шукае збаўлення з Касцёлам і ў Касцёле, даручае сябе Божай міласэрнасці.

   Катэдра 2011 г. Распачацце перэгрынацыі абраза – Як растлумачыць чалавеку, які пакутуе, што Бог міласэрны?
    – На маю думку, гэтага нельга растлумачыць. Было б чымсьці надзвычай цынічным навучаць пра сэнс пакут таго, хто пакутуе. Тады б мы сталі падобнымі да псеўда-сяброў біблійнага Ёва, якія разбіраліся ў прычынах, калі трэба было проста быць побач. У Кнізе Ёва Бог закрыў дыскусію мудрацоў, не даючы адказу на пытанне пра сэнс пакут. Таксама і ў Евангеллі Пан Езус не дае адказу на пытанне, хто вінаваты ў тым, што чалавек так пакутуе – ён сам ці яго бацькі. Замест пустых тлумачэнняў Хрыстос узяў свой крыж і прапанаваў нам пераймаць Яго на крутой камяністай дарозе, якая вядзе да збаўлення. Пасля першароднага граху людское цярпенне стала чымсьці аб’ектыўным і непазбежным, як і смерць. Праўда аб Божай міласэрнасці павінна выспяваць у чалавеку дасведчаным цярпеннем праз параўнанне з праўдай Вялікай пятніцы. Пан Езус на крыжы атаясамліваў сябе з пакутуючымі людзьмі да такой ступені, што перажыў таямнічую хвіліну пачуцця таго, што Бог адмовіўся ад Яго і пакінуў, што атрымала сваё выражэнне ў воклічы: “Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” Нашыя продкі ведалі аб заспакаяльным дзеянні разважання мукі Пана, калі напісалі: “Спёку сэрца майго астуджаю, калі ў бездань Тваёй мукі ўваходжу...”

    – Ці ёсць у Вас на плябаніі абраз Езуса Міласэрнага?
    – Я пасяліўся ў той частцы плябаніі, дзе раней жылі сёстры. Пасля іх засталося некалькі прыгожых абразоў Езуса Міласэрнага. Яны выкананы ў розных традыцыях, і я яшчэ губляюся ў тым, які арыгінал больш згодны з аб’яўленнямі св. Фаўстыны Кавальскай. Цудоўны абраз Езуса Міласэрнага змешчаны ў галоўным алтары нашага парафіяльнага касцёла, і я дакладна ведаю, што малітва перад ім дае вялікую радасць і духоўнае задавальненне.

    – Ксёндз Андрэй, дзякуй за размову. Жадаю мноства Божых ласкаў і поспехаў на новым месцы службы Богу і Касцёлу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.