ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Пост - час, каб адчуць сябе Божым стварэннем!

На шляху да святасці

Чарговы раз мы перажываем літургічны перыяд, назы­ваемы Вялікім постам. Калі мы паспрабуем даведацца аб значэнні самога посту, то тлумачальныя слоўнікі нам не шмат скажуць. Яны звычайна падкрэс­ліваюць толькі адзін, пры тым не самы галоўны, аспект посту – цялесны, г.зн. устрыманне альбо абмежаванне сябе ў ежы.

    Святары падчас Папяльцовай серады стараюцца больш тэалагічна абгрунтавана прыблізіць нам час посту. Тут мы пачуем словы аб навяртанні, пакоры, усведамленні сабе нашай крохкасці, зменлівасці і недасканаласці нашага жыцця і свету... Вядома, бачачы і чуючы ўсю разнастайнасць думак і поглядаў, у верніка можа ўзнікнуць справядлівае пытанне: што ж усё такі такое пост? Як канкрэтна трэба распачаць свой час “пакуты і навяртання”? На што трэба звярнуць асаблівую ўвагу?

   Як ужо было зазначана вышэй, думак і поглядаў на гэтую тэму можа быць вельмі шмат. Мне здаецца, што адна з першых цяжкасцей, з якой мы сутыкаемся падчас Вялікага посту, – гэта праблема часу. Пост – гэта не толькі ўстрыманне ад ежы і выбар нейкіх пакутных практык. Гэта перш за ўсё перыяд, які патрабуе змены нашага штодзённага, так ужо прывычнага раскладу дня. Інтэрнэт, тэлевізар, мноства “тэрміновых” і патрэбных спраў хвілінка за хвілінкай непрыкметна забіраюць наш час і сілы. Згадзіцеся, вельмі цяжка змяніць тое, што так прывычна, цяжка выкраіць некалькі хвілін у такім знаёмым штодзённым плане нашай працы і абавязкаў! Таму вельмі важна, распачынаючы свой асабісты пост, свядома згадзіцца на невялікі дыскамфорт у сваёй штодзённасці. Той, хто захоча больш глыбока малітоўна перажываць гэты час, будзе вымушаны знайсці некалькі хвілін на малітву, удзел у традыцыйных велікапосных набажэнствах, такіх, як Песні жальбы ці Крыжовы шлях. Хтосьці, хто захоча глыбей перажыць гэты час з Божым словам, будзе вымушаны выкраіць некалькі хвілін, каб прачытаць і засяродзіцца над Добрай Навінай. Усе гэта патрабуе не толькі нашага запалу, пабожнасці, але і проста банальнага часу!

    Наступным, вельмі важным этапам у нашых велікапосных перажываннях з’яў­ляецца ўсве­дам­ленне таго, чаго я хачу дасягнуць падчас гэтага посту! Святы Айцец Бенедыкт XVI у сваім пасланні на Вялікі пост 2012 года за аснову да разважанняў узяў словы з Паслання да Габрэяў: “Будзем уважлівымі адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў” (Гбр 10, 24). Ён заахвочвае, каб у гэтым посце мы асаблівым чынам паразважалі аб сэрцы хрысціянскага жыцця – любові, звярнулі ўвагу на іншага чалавека, на тыя ўмовы і абставіны, у якіх ён жыве, на цяжкасці, з якімі ён штодзённа змагаецца. Адным словам, Святы Айцец прапануе ў цэнтр нашых велікапосных разважанняў паставіць чалавека – таго, хто патрабуе нашай дапамогі і ўвагі, а перш за ўсё, нашай любові.
   
Чалавек дапамог Богу збавіць свет. Для Шымона гэта была ласка ўдзелу ў вялікай таямніцы веры. Сёння Бог прагне ад нас дапамогі ў той жа справе, якая цягнецца спрадвеку. Божай таямніцай застанецца назаўсёды, чаму менавіта Шымон, а не хтосьці іншы спаткаў тады Езуса, чаму менавіта кожны з нас павінен быў заняць месца, прызначанае Ім спакон вякоў.

    На мой погляд, для таго, каб звярнуць увагу на іншую асобу, на яе цяжкасці і патрэбы, неабходна спачатку звярнуць увагу на самога сябе. Звярнуць увагу – не значыць забяспечыць свае ўласныя патрэбы, бо якраз гэта мы ўмеем рабіць вельмі добра! Мы добра ведаем, што нам неабходна “для поўнага шчасця”: якія рэчы купляць, якое кіно глядзець, дзе і як весела правесці час! Мы ў асноўным ведаем, колькі грошай нам патрэбна, каб заспакоіць нашы штодзённыя патрэбы! Аднак Вялікі пост заахвочвае нас да іншай увагі, да той, якая засяроджвае нас не на каштоўнасцях гэтага свету, але на каштоўнасці быцця Чалавекам, тым сапраўдным, створаным па вобразе і падабенстве Божым! Цікавым з’яўляецца тое, што Вялікі пост – гэта не толькі час для таго, каб адкрыць для сябе Бога, а, можа, час для таго, каб адкрыць Бога ў сабе. Здаецца, толькі ў гэтым святле можна зразумець словы аб асабістай годнасці, а таксама зразумець вартасць іншага чалавека. Толькі той чалавек, які зразумеў, усвядоміў сябе як Божае стварэнне, можа таксама зразумець неабходнасць любові і дапамогі іншай асобе. Толькі той, хто зразумеў сваю слабасць, упадак і грэх, можа знайсці ў сабе сілы не асуджаць іншых, а наадварот, дапамагаць і разам змагацца з тым, што нас аддаляе ад Бога.
    Можа, гэты Вялікі пост з’яўляецца не толькі перыядам інтэнсіўнай працы над сабой, праз розныя духоўныя практыкі і пастановы. Можа, гэта час, каб адчуць сябе сапраўдным Божым дзіцём, за якога варта было пакутаваць, паміраць на крыжы і якому варта было даць найвялікшы дар – вечнае жыццё!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.