ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

V Нядзеля Вялікага Посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам бачыць Езуса». Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. I пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу.
    А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. I хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё!» I пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў».
    Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя ж казалі: «Анёл гаварыў з Ім». А Езус адказаў, кажучы: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. I Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе». Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

Ян 12, 20-33


Праўду лепш за ўсё чуваць у цішыні
   Мой знаёмы пранікліва расказваў: “Некалькі дзён таму мой малы сынок па дарозе з дзіцячага садка дадому неспадзявана спытаў: «Тата, а ты бачыў Бога? А я магу Яго ўбачыць?» Поўнасцю разгублены я пачаў расказваць, як яго любяць яго мама, дзядуля з бабуляй і я сам. Сказаўшы некалькі сказаў, я замаўчаў, і настала няёмкая цішыня. Тады нашае маўчанне прарвала дзіця: «Татачка, я ўжо ведаю, як выглядае Бог»”.
    Пытанні, якія датычаць веры, патрэбны. Неабходнымі з’яўляюцца нават гэтыя бездапаможныя адказы. Але самае важнае – гэта цішыня. Нават калі яна нязручная і няёмкая. У маўчанні мы адаруем Пана Езуса ў касцёле. Для рахунку сумлення таксама неабходна суцішыць сэрца. Каб у цішыні велікоднай раніцы магчы сустрэць Уваскрослага. Бо зерне пшаніцы пускае парастак у цішыні.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.