ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Сэрцам Вялікага посту з’яўляецца мука і смерць Хрыста

Слова рэдактара

Толькі чалавек, які моліцца, вытрымае пост. Нельга адлучаць яго ад малітвы. Гэта элементы сапраўднага пабожнага жыцця кожнага з нас. Аб гэтай сапраўднасці трэба штодзённа прасіць Бога.
   Нядаўна я быў на рэ­ка­­лекцыях у адной вельмі пабожнай парафіі. Я ўбачыў прыгожае сведчанне простых людзей, верных Хрысту. Гэтыя людзі разам з пакутуючым Хрыстом паступова адкрываюць праўды свайго жыцця. Вялікі пост становіцца для іх штодзённым жыццём, дзе асаблівае месца трэба падрыхтаваць Хрысту. Вельмі прыгожая карціна і цудоўны досвед.
   Калі б праўда аб жыцці чалавека заканчвалася толькі на кавалку зямлі, гэтае жыццё не мела б сэнсу, а нашыя касцёлы былі б пустыя. Але ж у дні Вялікага посту мы заўважаем, колькі людзей спяшаецца ў касцёл на рэкалекцыі ці на набажэнствы Крыжовага шляху і Песень жальбы. Пост становіцца для іх шляхам да Касцёла, да Бога. Сучасны чалавек стараецца ўсё лепш зразумець указанні Касцёла, прымяраючы іх да свайго жыцця. А гэтых указанняў шмат. Узяць хаця б пабожныя велікапосныя практыкі (пост, малітва, міласціна), якія змяняюць жыццё многіх з нас. Для некаторых гэта, магчыма, як кубак халоднай вады з самай раніцы, а для іншых – штодзённае навяртанне.
Узгадаем фрагмент Евангелля, дзе Езус адпраўляецца ў пустыню, каб посціць. “І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам. Жыў побач са звярамі і анёлы служылі Яму” (Мк 1, 13). Пан Езус посціў па прыкладзе вялікіх прарокаў. Пост сам па сабе не з’яўляецца мэтай, гэта адкрыццё сябе на вялікую любоў Бога. Пост не павінен атаясамлівацца са змаганнем з самім сабой: стрымаю я пастанову ці не. Ён таксама не з’яўляецца часам для пахудзення або праверкі: ці вытрымаю я. Трэба звязаць духоўнае значэнне з адмаўленнем сабе ў прыемнасцях. Пост дапамагае нам у жыцці, дапамагае ў панаванні над сваім целам, дазваляе захаваць адлегласць да зямных даброт. Ён моцна звязаны з малітвай. Толькі чалавек, які моліцца, вытрымае пост. Нельга адлучаць яго ад малітвы. Гэта элементы сапраўднага пабожнага жыцця кожнага з нас. Аб гэтай сапраўднасці трэба штодзённа прасіць Бога. Накіраванне нашага жыцця праз пост і малітву да Бога дазваляе нам адчуць, што тое, “што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога” (Лк 18, 27).
   Уваходзячы духоўна ў пус­тыню нашага жыцця разам з Езусам, мы становімся сведкамі мукі і смерці Хрыста. Гэта сэрца Вялікага посту. Так, быццам бы анёлы “служаць” нашай душы. З такім сэрцам мы знаходзімся на дарозе, дадзенай нам Богам, а гэтая дарога вядзе да Вялікадня. Пост дазваляе ўбачыць зусім іншае вымярэнне жыцця, не падобнае на зямное.
   Таму давайце зробім так, каб пост стаў нашай дарогай да Вялікадня. Пэўных этапаў сваёй дарогі не ўдасца пераскочыць, трэба прайсці іх, але разам з Хрыстом. У адной з малітваў прэфацыі святар моліцца наступнымі словамі: “Шчыра прысвячаючы сябе малітве і справам міласэрнасці, праз удзел у сакрамантах адраджэння дасягнулі паўнаты Божага дзяцінства”. Няхай гэтай шчырасці хопіць кожнаму з нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.