ГРОДНА
Панядзелак,
15 красавіка
2024 года
 

Кс. aбп Клаўдыё Гуджэроцці: Беларускае маўчанне сапраўды прамаўляе

З жыцця Касцёла

Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці– Ваша Эксцэленцыя, Вы ўжо пяты месяц у Беларусі. Якое ў Вас уражанне аб людзях, што жывуць на нашых землях?
    – Вялікая далікатнасць, цярплівасць і задуменнасць. Духоўная глыбіня, што з’яўляецца плёнам доўгага цярпення. Вялікая прага любові. Значэнне працы ўвасабляе адначасна прыгажосць і гармонію. Калі я хачу выказаць мае ўражанні, пачуцці майго сэрца і мой гонар ад таго, што я знаходжуся на гэтай зямлі, мне прыходзяць на розум цудоўныя радкі паэзіі Валянціны Аксак: “Пяку задушэўныя дранікі, але ніхто не прыходзіць дзівіцца на гасціннасць маю невыводную”.

    – Як бы Вы маглі ў некалькіх словах апісаць веру гэтых людзей?
    – Узнёслая трываласць тых, хто змагаўся і не дазволіў украсці скарб уласнай веры. Удзячнасць Богу за магчымасць новага пачатку. Пошук шляхоў аднаўлення.

   – Нас чакае Год веры. Якія надзеі Вы звязваеце з гэтым годам?
    – Я спадзяюся, што людзі змогуць назваць па імені, і, ужыўшы больш яскравых колераў, змогуць напісаць на хустцы Святой Веранікі той поўны слодычы воблік Хрыста, веру ў якога збераглі, заплаціўшы кошт неверагодных памераў.

    – Грузія і Беларусь... Ці спатрэбілася Вам пэўная фізічная або духоўная адап­тацыя?
    – Безумоўна, так. Найбольш яскравым прыкладам можа быць тая ж тэмпература. Але прыстасоўвацца да новых умоў жыцця – гэта для мяне найбольш захапляльнае заданне маёй місіі. Гэта дапамагае амаль фізічна адчуць іншасць і разнастайнасць, успрыняць усё як багацце, якое без выразных кантрастаў магло б застацца непрыкметным.

    – Якія ўражанні пакінулі пасля сябе гродзенскія касцёлы?
    – У Гродне я адчуў глыбіню старажытнасці, людзей, такіх розных, якія сустракаюцца разам, вякоў, якія ажываюць і становяцца прысутнымі сёння, і кантрастаў, што пры ўмове добрага кіравання могуць стаць скарбам, нібыта тое золата.

   – Ксёндз Арцыбіскуп, чым для Вас з’яўляецца дом? У Вас ёсць свой дом?
    – Дом – гэта месца нашых пачуццяў і нашай вольнасці: месца матэрыяльнае і духоўнае, тое, якое ты ўпоўні лічыш сваім, уласным. У гэтым сэнсе я не маю дому. Раней у мяне была мая манаская супольнасць, я меў бацькоўскі дом, які я ўласнай рукой замкнуў назаўсёды ў дзень, калі мае бацькі пакінулі яго, каб аддаліцца ў дом адпачынку. Я меў дамы, у якіх быў як госць, і, безумоўна, Апостальская нунцыятура. Ніводнае з гэтых месцаў я не магу сёння назваць сваім домам. Сёння мой дом – гэта не месца, а больш вымярэнне: мая прыналежнасць Касцёлу там, куды ён мяне пасылае. Гэта дом без столі: часам бывае холадна, але затое ноччу на нябесным скляпенні Бога можна ўбачыць зоркі.

    – Вы шмат падарожнічаеце. Ці не сумуеце Вы аб сваім доме?
    – Магчыма, часткова я ўжо адказаў на гэтае пытанне. Мне падабаюцца некаторыя выказванні Сенэкі: “Ты павінен зварухнуць свой дух, не неба”. Якасць падарожжаў залежыць ад здольнасці чалавека ператварыць іх у скарб і ўзбагаціць сябе самога. “Мая айчына – гэта цэлы свет”. Гэта азначае, што, нягледзячы на недахоп пастаянства, мне падабаецца думаць пра служэнне Богу, якое дапамагае мне сапраўды быць грамадзянінам цэлага свету.

    – Ці можа дом быць святым месцам? Альбо гэта “забраніравана” толькі для касцёлаў?
    – Як я ўжо сказаў, кожны дом, несумненна, можа быць святым месцам: магчыма, само пачуццё святасці бярэ свой пачатак менавіта з нашага дому. Дом Божы як будынак таксама з’яўляецца нібы ўзнёслым метафарычным вобразам дома, у якім жыве сям’я. Таму апісаныя ў Бібліі пачуцці Саламона, які будуе Дом для Бога, больш падобныя на малітву-перапрашэнне: “Мы ведаем добра, што калі неба не можа агарнуць Цябе, як жа тое ўчыніць гэтая святыня? Але Ты паглянь на народ, які збіраецца тут, і нахілі сваё вуха. Пачуй і прабач”.

    – Ваша Эксцэленцыя, а ці падпадалі Вы пад уплыў якіх-небудзь духоўных мод, напрыклад, кінематаграфічных ці музычных?
    – Калі гутарка ідзе пра пачуцці, то, безумоўна, існуе тое, што мне падабаецца больш, і тое, што падабаецца менш. Але калі мы маем на ўвазе штосьці, што паўсюдна практыкуецца толькі дзеля таго, што так робяць іншыя, то ў такім выпадку ў мяне ўзнікае супраціўная рэакцыя, штосьці накшталт неўспрымання. У гэтым я проста сын свайго пакалення: у маладосці мы вельмі моцна супраціўляліся таму, што іншыя лічылі абавязковым і неаспрэчным. Мы шукалі вольнасць Божых дзяцей.

    – А як Вы ставіцеся да іншых культур і рэлігій?
    – Нават дзеля карысці асабістага інтэлектуальнага росту вельмі цікава ведаць іх і адносіцца да іх з павагай. Мне падабаецца бачыць тое, якім чынам, маючы іншыя вочы, людзі шукалі Бога і шляхі да чалавечых сэрцаў.

   – Вы ўжо наведалі семінарыі ў Пінску і ў Гродне. Калі ласка, некалькі слоў на гэтую тэму. Якія Вашыя ўражанні? Што б Вы хацелі сказаць гэтым маладым хлопцам?
   
– Будзьце мужнымі: вас чакае нялёгкае, але захапляльнае заданне. Як Святы Францішак, вы павінны адбудаваць Касцёл Хрыста. У моманты змрочных рэалій захавайце свой позірк, што палымнее любоўю. Вы пакінулі сваю чалавечую любоў, але моц новай Любові суцешыць вас, адбудуе і ўчыніць сваімі сапраўднымі сведкамі, каб сведчыць жыццём, а не пустаслоўем.

    – Жыхары Беларусі любяць спорт і дастаткова часта размаўляюць на гэтую тэму. А Вы любіце спорт?
    – Я б сказаў, што не з’яўляюся спартыўным. Калі я быў малады, мне вельмі падабаліся лыжы, але цяпер мае косці зацвярдзелі настолькі, што калі я толькі гляну на лыжы, то ўжо баюся штосьці сабе зламаць. Аднак, я вельмі шаную спартыўных людзей, і гэта праўда; спорт – гэта штосьці, што дае магчымасць пазмагацца з самім сабою, са сваімі абмежаваннямі, з іншымі людзьмі. Безумоўна, гэта зусім не той спорт, які сёння паволі ператвараецца ў вялікі бізнес, не пазбаўлены бруднага заробку.

    – Беларусы – гэта людзі працы. Чым праца з’яўляецца для Вас? Чым увогуле павінна быць праца для чалавека?
    – Я паважаю працу, бо ў ёй я бачу адно з найбольш высакародных праяўленняў вартасці чалавека. Гэта нібы сам Бог, распачаўшы аднойчы свой неверагодны твор, просіць нас нанесці апошнія штрыхі, зрабіць Ягоную працу яшчэ больш адметнай і велічнай. Праца сама ў сабе – гэта ўклад у супольнае дабро, і радасць з таго, што свет і зносіны паміж людзьмі ты можаш учыніць яшчэ больш прыгожымі.

    – Ксёндз Арцыбіскуп, многія людзі не ведаюць, што такое нунцыятура. Існуе нават перакананне, што нунцый – гэта вязень нунцыятуры. А што там насамрэч адбываецца?
    – Кожная ёмкасць ацэньваецца тым, што яе напаўняе. Нунцыятура – гэта дом, у якім жывуць людзі. Кожны там працуе згодна з тым, да чаго быў пакліканы. Так, безумоўна, застаюцца дакументы. Але гэта толькі адлюстраванне пачуццяў ці памяці кантрэтных людзей. Ёсць людзі, з якімі сустракаешся, і яны ніколі не ператворацца ў аркушы паперы. Не пытайцеся ў мяне, што адбываецца ў нунцыятуры, бо я яшчэ не ведаю. Усё залежыць ад жыцця і ад паваротаў, якія тое ж жыццё робіць. Вы ўбачыце гэта самі.

    – Існуюць розныя школы духоўнасці: кармеліцкая, францішканская і г.д. Якія з іх Вам бліжэй за ўсё?
    – Я заглыбіўся ў вывучэнне духоўнасці Усходніх Касцёлаў. Але вельмі люблю духоўнасць, якая ўзбагаціла Захад: гэта нібы вялікі сімфанічны хор, што ў шматгалоссі выспеўвае адну і адзіную любоў да Хрыста.

    – Ксёндз Арцыбіскуп, якія адносіны паміж Вамі і Святым Айцом? Ці падчас сустрэч ёсць магчымасць расказаць Папе аб тым, што адбываецца ў той краіне, куды Вы былі накіраваны?
    – Я меў вельмі блізкія адносіны з папам Янам Паўлам II, які для мяне быў другім бацькам. Я тады жыў у Рыме. Мае адносіны з Бенедыктам XVI пачаліся яшчэ ў той час, калі ён быў кардыналам: мы працавалі, разам вырашаючы некаторыя пытанні. Пасля таго, як ён быў абраны Біскупам Рыма, нашыя сустрэчы не спыніліся. Часам сустрэчы бываюць вельмі кароткія, прынамсі раз на год, часам доўгія. Як асоба, Папа неверагодна далікатны і пачуццёвы, уважлівы і зацікаўлены слухач, чалавек вялікай культуры, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Касцёлу, захаваўшы глыбіню неверагоднага інтэлектуальнага дару. Безумоўна, галоўная тэма нашых сустрэч – гэта сітуацыя тых месцаў, дзе я працую. Я стараюся данесці да Папы тое, што ад яго чакаюць людзі.

    – У той час, калі Вы прыехалі ў Беларусь, ці атрымалі Вы ад Святога Айца якую-небудзь параду?
    – Так, Папа прасіў мяне служыць беларускаму народу ў кожнай справе, кожным магчымым спосабам дапамагаць яму будаваць уласную будучыню разам з усімі народамі свету.

    – У Касцёле ў Беларусі часта гавораць, каб свецкія людзі прымалі больш актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, былі больш актыўнымі. Які Ваш рэцэпт для гэтых людзей?
    – Няхай любяць Касцёл, як сваю маці, любяць яго такім, які ёсць, з усімі абмежаваннямі і недахопамі, якія ў ім існуюць. Толькі тады яны змогуць зрабіць Касцёл лепшым. Няхай памятаюць, што і сёння, і ў будучыні адказнасць ляжыць таксама і на іх. Няхай у Касцёл яны прыносяць усе свае пачуцці, сваю працу, свой клопат. Гэта і ёсць тая духоўная ахвяра, на якой грунтуецца наш хрысціянскі культ. Гэта дапаможа таксама і нам, асобам духоўным, лепш зразумець жыццё і лепш служыць Хрыстовай Абранніцы – Касцёлу.

    – Ці можаце Вы прапанаваць якія-небудзь шляхі, каб змяніць свет да лепшага?
    – Думаю, што трэба лепш пазнаваць адзін аднаго і шукаць Бога ў сваім сэрцы. Шукаць сэрца брата і сястры, дзе таксама знаходзіцца Бог. Верыць у тое, што і мы самі, і іншыя людзі яшчэ можам змяняцца да лепшага. Не існуе безапеляцыйнага прысуду.

    – Ваша Эксцэленцыя, чым Вы займаецеся ў вольны час?
    – Чытаю, слухаю музыку, размаўляю з дарагімі мне людзьмі і асабліва люблю доўгія прагулкі па вуліцах і парках Мінска. Гэта дае мне супакой і пачуццё ўнутранага ладу.

    – Ці Вы ўжо прывыклі пасля Грузіі да беларускай кухні?
    – Я Вас запэўніваю, што няма патрэбы прывыкаць да беларускай кухні – яна проста шыкоўная.

    – Якая Ваша любімая кніга?
    – Я б сказаў, што вельмі люблю Шэкспіра. Сярод яго твораў мне асабліва падабаецца “Бура”, хаця гэта толькі твор, а не асобная кніга.

   – А любімае месца ў свеце?
    – Іх сапраўды шмат. Кожная краіна – гэта для мяне асаблівае захапленне. Я вельмі люблю сваю родную Верону, дыяцэзію Равэлла, біскупам якой я з’яўляюся, а таксама італійскія горы.

    – Да прыезду ў Беларусь Вы сказалі для Ватыканскага радыё: “Я абяцаю ўсім жыхарам Беларусі, што буду іх слухаць і любіць”. Што Вы ўжо пачулі?
   – Голас вашага маўчання... Для мяне, італьянца (пераважна шумнага і эмацыянальнага), было цікавым вучыцца разумець маўчанне, сэнс позірку, сказаў бы нават, своеасаблівую аўру, якой беларусы прывыклі выражаць свае пачуцці, не ўжываючы пры гэтым шмат слоў. Я вучуся слухаць беларускае маўчанне, якое сапраўды прамаўляе.

    – Вялікі дзякуй Вам за размову. Хутчэй за ўсё, вернікі ўжо палюбілі Вас і ўважліва слухаюць.
    – Я ў гэта веру і адначасова прашу аб гэтым Пана. Дарэчы, запамятаў: яшчэ адна рэч мне падабаецца ў Беларусі – тое, што журналісты тут задаюць нечаканыя пытані, як, напрыклад, Вашыя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  261

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.