ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Перажыць пакуты з Хрыстом

На шляху да святасці

Пане, Ты быў нявінны і, не супраціўляючыся, прыняў смяротны прысуд. Навучы нас узмацняць нашую веру перад абліччам несправядлівасці. Дай зразумець, што Твой Айцец, нягледзячы на несправядлівасць і крыўды, можа ажыццявіць свае збаўчыя планы.
У перыяд Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, мы прымаем розныя пастановы і адмовы, каб яшчэ больш паяднацца з пакутуючым Хрыстом. Мы робім гэта для таго, каб перажыць дадзены святы час так, каб разам з Езусам у велікодную раніцу ўваскрэснуць з нашых слабасцей і грахоў да жыцця ў вольнасці і годнасці Божых дзяцей. У гэтым нам дапамагаюць нашыя велікапосныя пастановы, а таксама нашае цярпенне, якое часам нечакана сустракае нас у жыцці.
Аднак, з цярпеннем і ін­шымі балючымі выпра­ба­ваннямі мы маем справу не толькі ў час пакуты і навяртання. Яно спатыкае нас у розных момантах жыцця. Неабходнасць прымаць і пераносіць боль ці хваробу не раз будзіць у чалавеку бунт і прыгнечанасць, ён успрымае ўсё гэта як сваё жыццёвае паражэнне і няшчасце. Я разумею, што дакранаюся тут да вельмі чуллівай тэмы, таму што жыццё кожнага з нас з’яўляецца асаблівай, часта вельмі заблытанай гісторыяй. Падыход да кожнай пакуты з сухім тэарэтызаваннем было б чымсьці бяздушным і нялюдскім, як, напрыклад, да болю бацькоў, у якіх памерла дзіця, ці роспачы маладой дзяўчыны, хворай на пухліну. Гэта вельмі балючыя пытанні, адказы на якія Бог дае нам трошкі пазней. Таму ў гэтым артыкуле я запрашаю ўсіх разам шукаць значэнне пакут у нашым жыцці.
    Сучаснаму чалавеку вельмі цяжка зразумець і прыняць цярпенне. Геданістычны стыль жыцця, накіраваны толькі на здабыванне карысці для сябе, станаўленне абыякавымі да вышэйшых каш­тоўнасцей, культ лёгкага і зручнага жыцця – усё гэта абуджае нежаданне і бунт, асабліва ў маладога пакалення. Безумоўна, тут не ідзе гаворка пра тое, каб рабіць са свайго жыцця лёс пакутніка, але пра тое, як перажыць тое ці іншае балючае выпрабаванне, калі яно стала часткай нашага жыцця. Нам вядома, што пакуты з’яўляюцца балючым вынікам трагічнага выбару Першых Бацькоў у раі і яны закранаюць кожнага чалавека, які прыходзіць на гэты свет. Аднак, чымсьці дзіўным з’яўляецца тое, што Бог, калі прыйшоў на свет праз уцелаўленне Божага Сына, не толькі збавіў нас ад пракляцця першароднага граху, але і вывеў пэўную карысць з яго драматычнага выніка – цярпення, надаючы яму збаўчую вартасць.
    Хтосьці можа сказаць, што пісаць такія прыгожыя словы лягчэй, чым самому адчуць тое, што перажывае, напрыклад, малады чалавек, якому ампутавалі нагу. Я згодны. Гэта праўда, перад якой я пахіляю галаву. Аднак, калі хрысціяне першых стагоддзяў праз пакутніцтва аддавалі жыццё з-за любові да Хрыста, то, можа, варта паспрабаваць узяць у рукі крыж і паглядзець у вочы закатаванага Езуса, у позірку якога, здавалася б, можна прачытаць: “Што яшчэ Я магу зрабіць для цябе, каб ты паверыў, што Я цябе люблю?” Блаславёны Ян Павел II сказаў, што крыж з’яўляецца дакрананнем вечнай Божай любові да найбольш балючых ран чалавечага існавання. Езус Хрыстус, Божы Сын, захацеў стаць падобным да чалавека, прымаючы і перажываючы разам з ім яго лёс цярпення і болю. Аднак, Ён зрабіў гэта не для нейкай ілюзорнай салідарнасці з чалавецтвам. Праз сваю крыжовую ахвяру Хрыстос паказвае, што пакуты перастаюць быць знакам ганьбы і роспачы, а з’яўляюцца знакам перамогі, з якой выходзіць збаўчая моц. Калі чалавек наважыцца адказаць на Божую любоў сваёй любоўю, тады сам Хрыстос пакутуе ў пакутуючым чалавеку, а яго людскія пакуты прыносяць збаўчы плён.
    Цярпенне, прынятае менавіта з любові да Хрыста, здольна прыносіць вялікі збаўчы плён не толькі церпячай асобе. Яно ператвараецца ў ласку, якая здольна радыкальна змяніць жыццё іншых людзей. Можна сказаць, што цярпенне з’яўляецца пэўным пісьмом, якое мы атрымліваем без прозвішча і адраса адпраўшчыка, але з нямой просьбай аб ратунку. Можа, гэта няшчасная маці, якая шукае фінансавай дапамогі на лячэнне свайго дзіцяці з сіндромам Даўна. Ці малады чалавек, залежны ад наркотыкаў, які паволі апускаецца на дно сваёй залежнасці; альбо адкінутая бацькамі маладая цяжарная дзяўчына, якая думае пра аборт. Людзям часта неабходны нашыя пакуты, каб у штодзённасці граху і роспачы не згубіць надзеі на новае жыццё. Блаславёны Ян Павел II падчас адной са сваіх сустрэч з хворымі ў Лурдзе сказаў, што хворыя і пакутуючыя людзі з’яўляюцца скарбам Касцёла, дэпазітам у Банку Божай міласэрнасці.
    Бог часам дапускае пакуты ў нашым жыцці, каб ратаваць нас ад вечнага асуджэння. Да гэтай вечнай смерці чалавек часта сам накіроўваецца, замыкаючыся ў сваім уласным эгаізме і абыякавасці да іншага чалавека. Можна, напрыклад, усё жыццё не размаўляць са сваім братам толькі таму, што ён не аддаў пазычаных грошай, і гаварыць: “Я ніколі яму гэтага не прабачу!” Ці з нянавісцю праклясці сваю сястру з-за спадчыны ад бацькоў. Тады Бог умешваецца, як маці, якая бачыць раззлаванага сабаку, што набліжаецца да яе дзіцяці. Бог з любові да нас часам дапускае той жа няшчасны выпадак ці аварыю, каб скалануць чалавека і яго блізкіх і неяк сказаць: “Паяднайцеся! Калі вы не навернецеся, вы ўсе загінеце – назаўсёды!” Пакуты неаднаразова дапамагаюць нам даведацца праўду аб нас саміх і аб іншых людзях. Пасля незлічоных пошукаў найлепшых спецыялістаў, бегання ад адной бальніцы да другой, свядомасць таго, што ты невылечна хворы, усё больш пераконвае, што нашае жыццё залежыць не ад нас. Без Бога мы на самай справе нішто, а Яго бескарыслівую спрадвечную любоў, якая падтрымлівае нас у існаванні, нішто не можа замяніць: ні нашыя знаёмствы, ні застрахаваны банкаўскі рахунак. Калі хвароба ці іншая балючая падзея прыкуе чалавека да ложка, тады стане ясна, ці ўсе тыя, каму ён дапамагаў, ахвяруючы свой час, акажуцца сапраўднымі сябрамі і прысвецяць свой час і сэрца, наведваючы сябра, які церпіць.

Пакуты Хрыста, распятага на дрэве крыжа, з’яўляюцца прадвесцем пакут усіх Яго паслядоўнікаў. А Бог жа мог у сваёй усемагутнасці збавіць нас інакш, чым праз пакуты. Калі Ён не зрабіў гэтага, то толькі таму, што ў пакутах найбольш поўна праяўляецца любоў да іншага чалавека і чалавека да Бога.

    Пакуты не будуць існаваць заўсёды. Працэс вызвалення свету ад пакут, распачаты Езусам яшчэ падчас жыцця на зямлі, будзе скончаны пасля Яго другога прыходу, называемага Парузіяй. Тады Збаўца створыць паўнату Божага Валадарства, у якім ужо не будзе месца для пакут і смерці. Пан адновіць увесь сусвет, вызваляючы яго з няволі тленнасці. Уваскрашаючы ў гэты дзень усіх з мёртвых, Хрыстос вызваліць усё чалавецтва з-пад панавання смерці. У канцы гісторыі ўзнікне дасканалая супольнасць збаўленых, у якой ужо не будзе ні жалобы, ні крыку, ні нягод.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.