ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Палявое дрэва

Дзіцячы куточак

Зіма падыходзіла да кан­ца. Цёплыя прамяні сон­ца ўсё часцей прабіваліся скрозь аблокі, і прырода патроху абуджалася ад сну. Напярэдадні вясны ўсе дзеці ў класе Валіка атрымалі заданні. Адны малявалі, іншыя сеялі насенне кветак, а Валіку даручылі напісаць сачыненне, тэма якога – вядомая прымаўка: “Чалавек нібы палявое дрэва”. “Дзіўна, – падумаў Валік. – Дрэва – гэта дрэва, а чалавек – гэта чалавек. Што паміж імі агульнага? Трэба пагаварыць з братам. Ён вучыцца ва ўніверсітэце і, напэўна, усё падрабязна мне растлумачыць”.

   Валік дачакаўся канца ўрокаў і пабег дахаты.

    Брат Валіка, Міхась, уважліва выслухаў пытанне, узяў аловак і намаляваў парастак.

– На самым пачатку дрэва – гэта маленькі далікатны парастак, які вельмі жадае стаць вялікім. Гэтак жа і дзіця жадае вырасці і стаць дарослым, самастойным.

    Міхась дамаляваў зямлю, дождж і сонца.
    – Каб стаць вялікім, парастку патрэбны спрыяльныя ўмовы, – растлумачыў ён.
    – Гэта ясна, – узрадаваўся Валік. – Без зямлі і сонца дрэва не вырасце. Але прычым тут чалавек?

    Падумаўшы трохі, Міхась адказаў:
    – Чалавеку таксама патрэбны ўмовы для росту. Клапатлівая сям’я, верныя сябры і добры настаўнік, які дапаможа зразумець, што ў жыцці самае галоўнае.

    Міхась зноў узяўся за аловак. Ён намаляваў прыгожае высокае дрэва з зялёнай кронай, а побач – садовыя нажніцы.
    – Паглядзі, дрэву трэба абразаць сухія галінкі, каб усе яго сілы былі накіраваны толькі на рост. Чалавеку таксама трэба навучыцца берагчы сілы і не марнаваць іх на тое, што перашкаджае яму сталець.

    Кожны год у жыцці дрэва настае асаблівы перыяд. Яно скідае лісце, каб набрацца сіл для цвіцення і паспявання пладоў. Хворае, завялае і сухое лісце дрэва скідае і цярпліва чакае вясны, каб эканоміць свае сілы і накіроўваць іх ва ўласны рост. Таксама і ў чалавека павінен быць асаблівы перыяд, каб дзякуючы пакаянню і малітве ачысціць сябе ад грахоў, скінуць непатрэбныя клопаты, напоўніцца духоўнымі сіламі і далей сталець на Божую хвалу і на радасць людзям.

    Дрэва заўсёды расце ўгару, накіроўваючыся ўсё вышэй і вышэй – да неба і сонца. Толькі хворыя дрэвы растуць кронай уніз.

   Таксама і намеры чалавека павінны быць высокімі, ён павінен накіроўвацца душой да Бога.
    Дрэва прыносіць салодкія плады, якія мы так любім есці. А чалавек, калі сталее і становіцца самастойным, павінен прыносіць шмат карысці і радасці іншым.

    Міхась намаляваў на дрэве чырвоныя яблыкі, такія прыгожыя, што Валік не ўтрымаўся і адкусіў кавалачак ад яблыка, якое ляжала на стале.
    – Да чаго ж яно смачнае! – сказаў ён. – І я таксама змагу прынесці радасць людзям?
    – Абавязкова.

    Валік устаў з усмешкай на твары. Ён ужо ведаў, пра што будзе яго сачыненне.
    А ў чым Вы, дарагія Сябры, падобны на дрэва?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.