ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Прыбрацца ў хаце, у думках, у сэрцы!

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Пачаў раставаць снег, ажыла прырода, паказалася сонейка, з зямлі выглянула першая зялёная траўка. І на ніве нашай рубрыкі “На скрыжаванні” таксама адбыліся невялікія змены. Дарагія Чытачы! З павагай да Вас і Вашых прапаноў, мы ўводзім падрубрыку “Інтэнцыя месяца”, дзе будзе публікавацца інтэнцыя, вызначаная папам Бенедыктам XVI на кожны месяц 2012 года. Уводзіцца таксама падрубрыка “Верш месяца” для творчых асоб. Запрашаем прымаць у ёй удзел! Яна будзе выходзіць папераменна з падрубрыкай “Песня месяца” (таксама па Вашай просьбе). Акрамя гэтага, звяртаем увагу на тое, да якіх святых можна маліцца ў гэтым месяцы.
    У сакавіку будзем наводзіць парадак. Чаму? Бо так патрабуе справа месяца...

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Так, як вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, вы Мне зрабілі»
(Мц 25, 40).
   Часам робіш штосьці такое, пасля чаго аж самому становіцца жахліва. А калі перад тым, як нешта зрабіць, добра паразважаць, наўрад ці потым захочацца адцягнуць час за хвост, вярнуцца і штосьці выправіць. Не трэба забывацца на тое, што вакол нас браты і сёстры, не трэба пагарджаць імі. Убачыўшы Езуса ў кожным чалавеку, захочацца, каб Ён усміхнуўся. Робячы добрую справу для бліжняга, мы праслаўляем Бога, а зазлаваўшыся на кагосьці, абражаем Яго.

   Мэта месяца: не даваць пылу асядаць на праблемах

    Інакш кажучы, не баяцца цяжкасцей, а ісці ім насустрач. Па-першае, Ты ведаеш, што Твой анёл побач. А Бог спашле Табе толькі такі груз, які Ты зможаш падняць. А хто, як ні Ён, лепш Цябе ведае?
    Атрымліваецца, трэба ісці напралом. І не хвалявацца, што можна апынуцца ў палоне цяжкасцей. Бог міласэрны, а Ты смелы і верыш у Яго ласку.
    Калі праблема “залежваецца” ў шафе, на яе асядае пыл. Гэта забруджвае Твой душэўны пакой. Адсюль дрэнны настрой, раздражнёнасць, няўважлівасць да родных, абыякавасць да свету і, увогуле, раўнадушша. А пыл збіраецца далей, і Ты пры гэтым толькі чыхаеш. Ці патрэбна гэта? Наўрад.
   
Інтэнцыя месяца: “каб ва ўсім свеце быў правільна ацэнены ўклад жанчыны ў развіццё грамадства

    Жанчына ў гэтым свеце мае вельмі важнае прызначэнне: яна дае жыццё чалавеку, а Бог удыхае ў яго душу. Жыццё на Зямлі працягваецца. Але адначасова жанчына паспявае быць і добрай гаспадыняй у хаце, і шчырай сяброўкай, дарадчыцай родным і блізкім, сур’ёзным і цвёрдым працаўніком. Трэба дзякаваць за гэта Богу. Трэба цаніць гэта.

Прадмет разважанняў месяца: парадак

    Як добра, калі ў жыцці ўсё ўпарадкавана: справы, словы, думкі. І адчуваеш сябе неяк інакш: спакойна і разважна. І праблемы не хвалююць, бо добра ведаеш: трэба ўсяго толькі раскласці думкі па палічках і зрабіць правільныя высновы. А правільная выснова – гэта адказ на хвалюючае пытанне.
   
  
Святая Тэрэза Авільская Асоба месяца: Святая Тэрэза Авільская

    Поўнае імя Святой – Тэрэза Санчэс дэ Сепеда і Аумада. Нарадзілася яна 28 сакавіка 1515 года ў іспанскім горадзе Авіле. У яе сям’і было 9 дзяцей. Сям’я была дастаткова забяспечаная, знатная.
    Ва ўзросце 6-ці гадоў Тэрэза навучылася чытаць. Першымі яе кні­гамі былі кнігі пра жыццё святых пакутнікаў. У 12 гадоў дзяўчына цвёрда вырашыла, што павінна пайсці ў манастыр. Маці Тэрэзы на той час ужо памерла, а бацька быў супраць. Як так? Маладая, прыгожая, знатная дзяўчына...
    Тэрэза адважылася на гэты крок, калі ёй споўнілася 20 гадоў. Яна збегла з дому і прыняла пострыг у кармеліцкім манастыры, атрымаўшы новае імя – Тэрэза ад Езуса.
    Але дзяўчыну адразу напаткала перашкода – цяжкая хвароба. Яе адправілі домоў. Тэрэза хутка аправілася і вярнулася ў манастыр. Бацька з часам прыняў выбар дачкі, часта звяртаўся да яе за духоўнымі парадамі.
    Тэрэза прысвяціла сваё жыццё будаванню новых кармеліцкіх манастыроў і напісанню кніг.
    У той час манахіні жылі вялікімі суполкамі (каля 200 чалавек), і Тэрэза выказалася за тое, каб “раздрабіць” гэтыя суполкі. Яна дабілася свайго: папа Пій IV дазволіў сястры Тэрэзе заснаваць манастыр па сваёй прапанове. У 1562 годзе ў горадзе Авіле быў створаны манастыр, у якім знаходзілася ўсяго 12 сясцёр, а Тэрэза ад Езуса была яго настаяцелькай. Тэрэза была беаты­фікавана папам Паўлам V у 1614 годзе, а кананізавана папам Рыгорам XV у 1622 годзе. Каталіцкі Касцёл успамінае Святую Тэрэзу ад Езуса 15 кастрычніка.

    Да якіх Святых маліцца ў сакавіку?
    Святы Казімір (5 сакавіка),
    Святы Юзаф (19 сакавіка).
   
   Справа месяца: прыбрацца ў хаце, у думках, у сэрцы

    Паразважаўшы аб тым, якую ролю адыгрывае парадак, можна сказаць, што ён абавязкова павінен прысутнічаць у нашым штодзённым жыцці. Дзякуючы яму, можна хутка адшукаць патрэбную кнігу на паліцы, калі ўсё расстаўлена ў алфавітным парадку. Дзякуючы яму, думкі ўпарадкаваны і Ты не кідаешся з крайнасці ў крайнасць, не здраджваеш сваім поглядам, калі яны важныя для Цябе, не губляешся ў віхуры пачуццяў, бо Табе па сілах адрозніць імгненне ад працягласці.Паразважаўшы аб тым, якую ролю адыгрывае парадак, можна сказаць, што ён абавязкова павінен прысутнічаць у нашым штодзённым жыцці. Дзякуючы яму, можна хутка адшукаць патрэбную кнігу на паліцы, калі ўсё расстаўлена ў алфавітным парадку. Дзякуючы яму, думкі ўпарадкаваны і Ты не кідаешся з крайнасці ў крайнасць, не здраджваеш сваім поглядам, калі яны важныя для Цябе, не губляешся ў віхуры пачуццяў, бо Табе па сілах адрозніць імгненне ад працягласці.
    Парадак – гэта той стан рэчаў, калі яны знаходзяцца на сваіх месцах.
    Галоўнае – ведаць тыя месцы, дзе яны павінны быць.
    Гэта і з’яўляецца вялікай задачай для чалавека.
     
“Я нарадзілася ў выніку аборта”, Джана Джэссэн Фільм месяца: “Я нарадзілася ў выніку аборта”, Джана Джэссэн

    Гэта пранікнёная гісторыя маладой дзяўчыны, якая стала ахвярай аборта. Яе біялагічная 17-гадовая маці хацела пазбавіцца свайго дзіцяці (восьмы месяц цяжарнасці!). Урач прапанаваў зрабіць салявы аборт, калі дзіця паглынае салявы раствор, што выпальвае яго знутры. Але Джана цудам засталася жыць. 6 красавіка 1977 года яна з’явілася на свет з дыягназам цэрэбральны параліч. Але яе прыёмныя бацькі паставілі дзяўчыну на ногі, і цяпер яна толькі трошкі прыхрамвае.
    А ніхто не верыў.
    Джана вельмі любіць Хрыста і ўпэўнена, што выжыла, каб абудзіць людзей. Яна падкрэсліла, што ў свеце ідзе страшная барацьба паміж жыццём і смерцю. І спытала: “А на чыім боку Вы?” Бо нельга прытрымлівацца нейтралітэту, нельга быць назіральнікам. Таму... кожны робіць свае высновы.
    Цікавае дакументальнае выступленне Джаны доўжыцца толькі 16 хвілін, але гэтага дастаткова, каб зацікавіцца, паспачуваць, вызначыцца, акрэсліць сваю пазіцыю. І, як кажа Джана, “Праслаўляйце Бога; у Вас яшчэ ёсць такая магчымасць”. Не будзем губляць часу, калі побач здзяйсняюцца такія цуды.
   
   Верш месяца: “На ўзгорку касцёл...”

   Адкрываем новую падрубрыку. Я змяшчаю ў ёй свой невялікі твор. Прапаноўваю друкаваць не вершы знакамітых пісьменнікаў, а менавіта Вашыя творы. Няхай не такія складныя, але вельмі шчырыя – тое, што нам і патрэбна. Дасылайце, не саромейцеся!

    (На электронны адрас аўтара рубрыкі: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript ).
    На ўзгорку касцёл
    Чорным крыжам узвышаецца.
    А ў небе анёл
    Псалмом разліваецца.
    Усміхаецца Бог:
    Існасць уся абудзілася.
    У малітве адной
    Усё жывое злучылася.
   

Трэба прыбрацца, сёння ў госці завітае Сумленне.
    Няхай яно добра сябе адчувае ў пакоях нашай душы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.