ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Гамеапатыя: лячэнне ці падман? (3)

На шляху да святасці

ДУХОЎНАЯ НЕБЯСПЕКА ГАМЕАПАТЫІ
   Акрамя псіхалагічнай інтэрпрэтацыі ўздзеяння гамеапатычных прэпаратаў, варта звярнуць увагу на духоўны фактар. Існуе нямала экзарцыстаў, якія выяўляюць існаванне сувязі паміж апантанасцю асобы злым духам і пачаткам ужывання гамеапатычных прэпаратаў. Наколькі абгрунтаванымі могуць быць такога роду боязі? Некаторыя спецыялісты звяртаюць увагу на акультычнае вучэнне гамеапатаў аб духоўных сілах (“энергіі”, “інфармацыі”), якія пераходзяць на чалавека з момантам прыняцця “лека”. Іншыя даследчыкі звяртаюць увагу на акультычныя і магічныя вытокі самога вучэння і тэхнікі гамеапатычнага “лячэння”.
    З духоўнага пункта гледжання, гамеапатыя можа быць небяспечная тым, што пацыент праз іррацыянальную веру адкрываецца на ўздзеянне духоўных сіл, не звязаных з Богам. Кожны хрысціянін добра ведае, што звяртанне да нябоскіх сіл азначае парушэнне першай запаведзі (ідалапаклонства і звяртанне да дэманаў). Існуюць шматлікія перасцярогі Бога ў Святым Пісанні перад такімі дзеяннямі (Дрг 18, 10-12; 2 Тэс 2, 9-10). Таксама Катэхізіс Каталіцкага Касцёла перасцерагае: “Усе практыкі магіі і чараў, праз якія чалавек імкнецца атрымаць патаемныя сілы, каб карыстацца імі і дасягнуць надзвычайнай улады над бліжнім – нават з мэтай яго лячэння – знаходзяцца ў сур’ёзнай супярэчнасці з цнотай рэлігійнасці (г.зн. з’яўляюцца цяжкім грахом)” (ККК 2117).
Трэба адзначыць, што гамеапаты або самі да канца не разумеюць, або не кажуць пацыентам, у чым сутнасць уздзеяння іх прэпаратаў. Калі навукай даказана, што няма ніякага фізічнага ўздзеяння, то застаецца толькі псіхалагічнае або духоўнае. Для тых, хто не прызнае хрысціянскага светаўспрымання, сілы, якія нясе ў сабе гамеапатычны прапарат, будуць чымсьці “неспазнаным”. А для хрысціяніна становіцца відавочнай пагроза таго, што духоўныя сілы, звязаныя з магіяй, акультызмам і астралогіяй, маюць дэманічнае паходжанне. Кантакт з такімі сіламі вельмі часта маскіруецца пад лячэнне, дапамогу ў вырашэнні праблем. Бо чалавека ў бядзе найпрасцей купіць. У стане псіхалагічнай прыгнечанасці або эмацыянальнага ўзбуджэння абмяжоўваюцца здольнасці да крытычнага мыслення, а схільнасць да спан­танных, ірра­цыянальных учын­каў абвастраецца. Хрысціянам варта ўсведамляць, што не кожны сродак апраўдвае мэту. Асабліва такі сродак, які звяртаецца да таямнічых духоўных сіл.

    ВЫВАДЫ
    На заканчэнне можам спытацца, ці маральна дапушчальна хрысціяніну (католіку) прымаць гамеапатычныя “лекі”? Адказ будзе залежаць ад таго, з якім намерам (інтэнцыяй) асоба сягае па гэты “лек”. Калі нехта прымае гамеапатычны прэпарат, лічачы яго звычайным фармацэўтычным сродкам, то няма сур’ёзнай падставы, каб называць гэта грахом. Калі вернік прымае прэпарат, спадзеючыся на яго духоўнае (энергетычнае) уздзеянне, то такі ўчынак можа прыраўнівацца да чараў і будзе цяжкім грахом супраць першай Божай запаведзі. У канечным выніку аб’ектыўная маральная ацэнка дзеяння будзе залежаць ад здольнасці хрысціяніна да самакрытычнай ацэнкі сваіх намераў і ўчынкаў. А ўлічваючы чалавечы фактар, перад тым, як звяртацца да гамеапата, хрысціяніну варта абмеркаваць праблемы са сваім духоўнікам і адукаваным медыкам. Можа аказацца так, што прычына хвароб зусім не там, дзе мы яе шукаем.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.