ГРОДНА
Аўторак,
15 кастрычніка
2024 года
 

З каталіцкага друку (25)

Прэса

“Ідзіце ў супакоі Хрыста”
    Кс. Ірэнэуш Бакаларчык, 2/2012
  
    Рассыланне вернікаў у рымскай літургіі спачатку мела форму звычайнай абвесткі, што Эўхарыстыя падышла да канца і літургічная сустрэча скончылася. У рымскай старажытнасці быў распаўсюджаны звычай заканчваць сустрэчу формулай “missa”. Хрысціяне запазычылі гэты тэрмін, надаючы яму рэлігійнае значэнне, у якім формула развітання гучала наступным чынам: “Ite, missa еst” – “Ідзіце ў супакоі Хрыста” (паводле сучаснага перакладу). Аўтар матэрыялу распавядае пра гісторыю ўжывання гэтай формулы падчас св. Імшы.
Які яе тэалагічны сэнс? У старажытнасці слова “missa”, якое азначае папросту “рассыланне”, набыло ў хрысціянскім ужытку больш глыбокае значэнне. Выраз “dimissio” (адсыланне) у рэчаіснасці ператварыўся ў “місію”. Рассыланне ў сінтэтычны спосаб паказвае місійную сутнасць Касцёла і такім чынам становіцца рэхам слоў Хрыста, які шматразова паўтарае: “Ідзіце”, пасылаючы нас, засяроджаных на Яго слове і ахвяры, з місіяй у свет. Пасылае нас таксама для таго, каб мы маглі параўнаць сваё жыццё з Яго словам, якое нас прывяло да праўды і вызваляе ад грахоў.
    Лацінскі зварот многія гісторыкі літургіі акрэсліваюць як халодны, а нават маларэлігійны, калі б ён не быў дапоўнены ўхвалай вернікаў: “Дзякуем Пану Богу”. Як адказ на чытанне яно мела наступны сэнс: вернікі абвяшчалі, што зразумелі дадзенае чытанне. Так, “Дзякуем Пану Богу”, сказанае напрыканцы св. Імшы, разам з удзячнасцю за атрыманыя дары ласкі выяўляе таксама тое, што абвяшчэнне, якое вынікае з цэлебрацыі Імшы, было зразумета і прынята.


“Колькі ўжо існуе Касцёл”
   Яцэк Салій OP, 22.01.2012
   
    “Колькі ўжо існуе Касцёл, і навошта ён існуе?” – задаецца пытаннем аўтар матэрыялу. Ужо ў першых стагоддзях існавання хрысціянства моцна падкрэслівалася, што Касцёл нават ранейшы за стварэнне свету. Аўтар артыкула даводзіць, што пытанне пра час узнікнення Касцёла падымалася непасрэдна ў першай пазабіблійнай гаміліі – у г.зв. II Лісце Клеменса Рымскага да Карынцянаў. Аўтар піша, што Касцёл “не існуе толькі ад сёння, але ад пачатку”. Клеменс Рымскі параўноўвае заснаванне Касцёла ў дзень спаслання Святога Духа з уцелаўленнем Божага Сына. Як Божы Сын стаў бачным, так і Касцёл, які ўзнік раней, чым увесь свет, у дзень спаслання Святога Духа быў убачаны.
    Пра Касцёл, ранейшы, чым стварэнне свету, можна прачытаць таксама ў “Пастыры” Гермаса. Яцэк Салій піша, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла бярэ ў Гермаса сцверджанне, якое сучаснага чалавека прыводзіць у замяшанне: “«Свет быў створаны з-за Касцёла», – казалі хрысціяне першых стагоддзяў. Бог стварыў свет з погляду на камунію ў Яго Боскім жыцці, якая рэалізуецца праз «скліканне» людзей у Хрысце. Гэтым «скліканнем» з’яўляецца Касцёл” (ККК 760).
    Другое пытанне: навошта Хрыстос заснаваў Касцёл, ці навошта зрабіў так, каб Касцёл стаў бачным? На гэтае пытанне айцы Касцёла любілі адказваць у перспектыве гэтых таямнічых слоў Пана Езуса з Тайнай Вячэры: “Але Я вам кажу праўду: лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас”. Чаму фізічны адыход Пана Езуса быў умовай дару Святога Духа? Айцы Касцёла тлумачылі гэта прыкладна так: “Той час, калі Хрыстос фізічна прысутнічаў з намі, быў, па-першае, даўно, па-другое, нядоўга, а па-трэцяе, нават калі Ён і сустракаўся з натоўпамі, то гэта была невялікая колькасць людзей, прычым тых, якія належалі да аднаго пакалення”. Яцэк Салій адзначае, што мы знаходзімся ў больш прывілеяваным становішчы, чым Апосталы да спаслання Святога Духа. Бо, хоць яны і бачылі Езуса блізка, нашыя сустрэчы з Хрыстом, дзякуючы Святому Духу, больш глыбокія.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  78

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.