ГРОДНА
Субота,
09 лістапада
2024 года
 

У клопаце аб хворых

З жыцця Касцёла

С. Стэла з медперсаналам бальніцыЗ сястрой Стэлай з супольнасці сясцёр назарэтанак, якая за тыдзень абыходзіць большасць гродзенскіх бальніц, духоўна апекуючыся хворымі, я разлічвала на доўгую душэўную размову. Але аказалася, што нават паўгадзінная размова з сястрой стала бы проста крадзяжом яе каштоўнага часу ў працы з хворымі людзьмі. Давялося задаволіцца літаральна некалькімі пытаннямі ў перапынку паміж ранішняй св. Імшой і бальніцай.
– Сваёй малітвай мы, сёстры назарэтанкі, штодзень ахінаем усе сем’і свету. Мы таксама молімся за ўсіх хворых, – распавядае с. Стэла. – Маім заданнем у супольнасці з’яўляецца клопат пра бальніцы. Каб кожны хворы меў магчымасць прыняць св. сакраманты, каб прывесці ўсіх людзей да Бога. Я служу людзям нават проста размовай і выслухваннем іх страхаў, праблем і клопатаў. Гэта вельмі важная паслуга: дапамагчы людзям усвядоміць вартасць і каштоўнасць іх цярпення і ўказаць на збаўчы крыж Хрыста.
   За тыдзень сястра абыходзіць гродзенскія бальніцы: 1-ю, 2-ю, 3-ю, 4-ю, туберкулёзную, на Болдзіна, абласную. Прычым зазірае ў кожную палату кожнага аддзялення, пытаючыся: “Ці ёсць тут католікі? Ага, ёсць”. Тады сястра пытае, ці жадаюць вернікі прыступіць да споведзі, прыняць св. Камунію. Часам бывае патрэбны сакрамант хросту, а нават і сакрамант сужэнства. Сястра робіць спісы і падае ксяндзу мясцовай парафіі.
   Бывае, сястра ўгаворвае ўзяць шлюб проста ў бальніцы:
   – Вось ляжыць чалавек з анкалогіяй. Колькі яшчэ пражыве? А жыў без шлюбу, трэба да споведзі. І я званю, напрыклад, жонцы, угаворваю. Пагадзілася. А калі выздаравее, дык далей будзе жыць без граху!
   – А ці часта Вы назіраеце навяртанні пры цяжкай хваробе?
   – Канешне! І ацаленні, і выздараўленні, і навяртанні... Я кажу ім: калі вы ўжо зараз сваё жыццё выправілі, не занядбайце яго далей. Хадзіце да споведзі і ў касцёл. І яны ходзяць, а пасля расказваюць мне пра гэта...
   – Як гэта можна ахапіць чыста фізічна, не кажучы ўжо пра маральныя і духоўныя высілкі, якія вельмі патрэбны ў працы з хворымі, з людзьмі ў адчаі і страху?
   Сястра Стэла кранае рукой кішэнь хабіта і кажа:
   – Я б не дала рады, каб не заступніцтва Маці заснавальніцы супольнасці – бл. Францішкі Седліскай SS. Я заўсёды нашу з сабой яе рэліквію. І яна мне вельмі моцна дапамагае. Заўсёды адчуваецца заступніцтва яе, а таксама бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка і ўсіх Святых гэтых зямель... Вось ідзе чалавек на аперацыю, ён страшна перажывае. Я малюся да Маці заснавальніцы, даю пацалаваць рэліквію. І людзі пераносяць аперацыю лёгка. А пасля аперацыі зноў сустракаю гэтага чалавека, і ён кажа: “Сястра, аперацыя прайшла без страху!”
   А пра маральную дапамогу...… Ну, як гэта? Я ж радуюся, што прывяла чалавека да Пана Бога. Ведаеце, якія людзі згубленыя? Напрыклад, хворы 60 гадоў не быў у споведзі. Ты размаўляеш з ім, дапамагаеш зрабіць рахунак сумлення, падрыхтавацца да споведзі. Гэта вельмі вялікая радасць для мяне, калі ён першы раз за такі доўгі час прыступае да споведзі!.. Разумееце, важна паказаць гэтую сцежку да Пана Бога, які з’яўляецца для чалавека выратаваннем у такой цяжкай сітуацыі.
   Напрыканцы невялікай размовы с. Стэла папрасіла не перабольшваць у матэрыяле яе працу:
   – Гэта ж усё Пан Бог. Праз Яго дапамогу і волю ўсё робіцца...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  53

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.