ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

11 лютага – Сусветны дзень хворага

З жыцця Касцёла

Капліца свв. Космы і Дзям’яна пры Гродзенскай абласной бальніцы
Сусветны дзень хворага ўстанавіў Ян Павел II 13 мая 1992 года – у 75-ю гадавіну фацімскага аб’яўлення і ў 11-ю гадавіну замаху на жыццё Святога Айца. Дзень хворага штогод адзначаюць 11 лютага. Гэты дзень павінен нагадваць пра абавязковасць забеспячэння добрай апекі хворым, пра ўсведамленне каштоўнасці цярпення хворых у чалавечым і духоўным вымярэнні, а таксама пра важнасць валанцёрства. У гэты дзень у святынях можна атрымаць сакрамант намашчэння хворых.
Капліца свв. Космы і Дзям’яна пры Гродзенскай абласной бальніцы існуе два з паловай гады. З самага пачатку св. Імшы там адпраўляе кс. Аляксандр Пятровіч.

   – Капліца вельмі запатрабаваная, найперш, таму, што гэта месца, дзе чалавек сустракаецца з Богам. Бальніца – месца пакут і болю, а тут, у капліцы, нейкая аддушына для людзей. Тут чалавек можа знайсці сілу, каб вытрымліваць свае пакуты. Я бачу, як розныя людзі, трапляючы ў бальніцу, губляюць надзею. Гэта здараецца асабліва тады, калі хвароба невылечная. Таму капліца ў бальніцы – проста нешта незаменнае.
Кс. Аляксандр штодня хо­дзіць па палатах: размаўляе з хворымі, спавядае іх, удзяляе св. Камунію і сакрамант намашчэння хворых у рэанімацыі.

   – Ці сустракалі Вы вы­падкі навяртання?
   – Так, сустракаў. Гэта перш за ўсё былі тыя, хто разгубіўся ў веры. Сустракаючыся з хваробай, чалавек бачыць, што ён не пакінуты, што да яго ідзе сам Бог. У такіх сітуацыях выпадкі навяртання, хоць не так часта, але сустракаюцца. Для мяне самога гэта навука, рэкалекцыі, якія я нанова перажываю.

 Кс. бп Аляксандр падчас сустрэчы з хворымі  – Ёсць выпадкі, калі моцная вера дапамагае чалавеку перамагчы смяротную хваробу. Ці сустракаліся такія выпадкі падчас Вашага служэння?
   – Аднойчы я сустрэўся з сітуацыяй, якую лічу цудам. Адна жанчына ляжала тут у шпіталі з ракавай хваробай. Яна ўвесь час хадзіла ў каплічку маліцца. І дактары былі ўражаны, што дыягназ “анкалогія” знік. Гэтая жанчына напісала і прысвяціла “Крыжовы шлях” свайму ацаленню. У каплічцы ёсць брашуркі з апісаннем гэтага набажэнства і разважаннем, як перажываць пакуты ў хваробе.
   Дактары таксама вельмі прыязна сустракаюць кс. Аляксандра. Па словах святара, многія дзякуюць за пастырскае служэнне ў бальніцы. Часам дактары звяртаюцца да ксяндза з просьбай памаліцца перад складанай аперацыяй.
   – Я ніколі раней не думаў, што буду служыць у капліцы пры бальніцы. Але на ўсё воля Божая, – кажа кс. Аляксандр.
   
Св. Імшы ў капліцы адпраўляюцца штодня ў 14.45, а ў нядзелю – а 15 гадзіне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.