ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ахвяраванне Пана, ці дазволіць Хрысту весці цябе

З жыцця Касцёла

konsekr
2 лютага - свята Ахвяравання Пана (Маці Божай Грамнічнай)
У літургіі Касцёла асаблівае месца займае свята Ахвяравання Пана, якое святкуецца 2 лютага. Яно таксама паўсюдна называецца святам Маці Божай Грамнічнай. Па традыцыі ў гэты дзень мы ўспамінаем падзею, калі бацькі Езуса, Юзаф і Марыя, прынеслі Яго ў святыню, каб ахвяраваць Богу. Гэта быў стары яўрэйскі звычай, згодна з якім, кожнае дзіця мужчынскага полу на саракавы дзень пасля нараджэння павінна было ахвяравацца Пану ў знак падзякі за ацаленне першародных сыноў Ізраэля падчас егіпецкага палону. Кожны першародны сын у яўрэяў лічыўся ўласнасцю Бога. А з 1997 г. на свята Ахвяравання Пана, як устанавіў бл. Ян Павел II, адзначаецца Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асоб, якія аддалі сваё жыццё служэнню Богу і людзям у розных манаскіх ордэнах, супольнасцях і свецкіх установах.
Літургічны каляндар каталіцкага Касцёла вельмі насычаны рознага тыпу ўрачыстасцямі, святамі і ўспамінамі. Але не трэба лічыць, што ён складзены для тых, хто нічога не хоча рабіць, а толькі святкаваць. Кожная ўрачыстасць ці свята падкрэслівае перш за ўсё ней-кую падзею з жыцця Хрыста і Марыі, Маці Божай, набліжаючы нам асобныя праўды веры. Праз перажыванне гэтых дзён, якія ў касцёльным календары звычайна вылучаны чырвоным колерам, Касцёл прагне яшчэ больш наблізіць нам Хрыста і заахвоціць нас ажывіць сваю веру.
   З Ахвяраваннем Пана звязаны таксама звычай асвячэння свечак. Ён практыкуецца з IX стагоддзя, калі ў касцёл для асвячэння прыносілі свечкі, якія называліся грамніцамі. Гэтая назва паходзіць ад слова “гром”, паколькі свечкі запальвалі падчас навальніцы, ставілі на акно і праз заступніцтва Маці Божай маліліся аб аддаленні маланак і ўсіх прыродных катаклізмаў. Акрамя гэтага, грамнічную свечку кладуць у рукі таго, хто памірае. Гэта азначае, што па прыкладзе “мудрых паннаў” ён выходзіць на сустрэчу свайго Пана з палаючым светачам у руках (пар.: Мц 25, 1-13). Гэтая свечка таксама ўказвае на надыходзячае святло вечнага жыцця, у якое нас уводзіць сам Хрыстос. А з 1997 г. на свята Ахвяравання Пана, як устанавіў бл. Ян Павел II, адзначаецца Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асоб, якія аддалі сваё жыццё служэнню Богу і людзям у розных манаскіх ордэнах, супольнасцях і свецкіх інстытутах.
   Літургія і гісторыя ўзнікнення і святкавання свята Маці Божай Грамнічнай вельмі разнастайная, аднак трэба памятаць і браць пад увагу тое, што праз перажыванне гэтых асаблівых дзён нам хоча паказаць Касцёл, і як гэта адносіцца да нашага штодзённага жыцця.
   Вельмі часта на ўрачыстасці ці святы, калі асвячаюцца ней-кія прадметы, у касцёле збіраецца вялікая колькасць вернікаў, для якіх, у выпадку Ахвяравання Пана, асвечаная свечка больш важная, чым добрая малітва і поўны ўдзел у св. Імшы. Некаторыя праціўнікі каталіцкага Касцёла называюць такіх вернікаў “ахрышчанымі язычнікамі”, таму што яны часам надаюць большую значнасць свечцы ці іншаму асвечанаму прадмету, які, на жаль, не дае магчымасці заслужыць вечнае жыццё. Вера патрабуе канкрэтных учынкаў, якія сведчаць аб ёй і даюць сведчанне іншым. А адным з такіх учынкаў з’яўляецца тое, што мы павінны далучыцца да Хрыста і паставіць Яго на першае месца. Гэта, напэўна, нялёгка і патрабуе намаганняў з нашага боку. Але дастаткова захацець гэта зрабіць і дазволіць, каб у нашай штодзённасці знайшлося месца для нашага Пана.
   Свята Ахвяравання Пана з усім сваім зместам і сімволікай у чарговы раз прыгадвае нам Езуса Хрыста, якога старац Сімяон назваў “святлом для асвятлення язычнікаў” (пар.: Лк 2, 32). Езус таксама з’яўляецца Святлом, якое асвячае змрокі нашай штодзённасці. Таму што, калі мы знаходзімся ў пакоі без святла, мы пачынаем шукаць уключальнік ці штосьці, што можа асвяціць прастору, у якой мы аказаліся. Мы вельмі часта перажываем цяжкія моманты, нам здаецца, што мы трапілі ў цемру, з якой не бачна выхаду. Усе спробы знайсці якую-небудзь крыніцу святла аказваюцца марнымі, і здаецца, што нам ужо нічога не дапаможа. Але ёсць Хрыстос, які гаварыў, што з’яўляецца Святлом, якое павінна асвяціць змрок гэтага свету. І толькі поўны давер гэтаму Святлу дапаможа нам выйсці са змроку ды цемры і прыйсці да крыніцы Святла, якой з’яўляецца сам Збаўца. Трэба памятаць, што не свечка, якая цесна звязана з Ахвяраваннем Пана, прынясе нам радасць і захавае ад небяспекі, што пагражае нашаму жыццю, а толькі поўная аддача волі Езуса і далучэнне да Яго ўсім сваім жыццём. Прымаючы ўдзел у літургіі Ахвяравання Пана, мы павінны ўсвядоміць, што гэтая свечка мусіць быць знакам нашага жадання ісці за Хрыстом, які будзе асвячаць кожны крок на дарозе нашага жыцця. Калі Езус будзе нашым правадыром, чаго нам баяцца?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.