ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Што такое каляда?

Задай пытанне

кс. Антоні ГрэмзаАд свята Божага Нараджэння ў парафіяльных супольнасцях традыцыйна адбываецца каляда, якую Касцёл афіцыйна называе душпастырскім візітам. Звычай наведвання сямей і кватэр душпастырамі традыцыйна працягваецца да распачацця перыяду Вялікага посту. У залежнасці ад колькасці сямей у парафіі і ад рашэння святароў, душпастыр можа прызначыць каляду на іншы перыяд. Гэта перш за ўсё датычыцца гарадскіх парафій, дзе немагчыма наведаць сем’і пасля Божага Нараджэння.
    Каляда звязана з перыядам Божага Нараджэння толькі назвай і можа памылкова асацыіравацца са спяваннем калядных песень. Яна, незалежна ад літургічнага перыяду, з’яўляецца душпастырскай падзеяй. Да таго, каб вернікі ўспрымалі каляду ў душпастырскім духу, павінен заахвоціць душпастыр падчас нядзельных аб’яў. Вернікі могуць самі запрасіць святара наведаць іх кватэру. Гэтым яны публічна выражаюць веру ў тое, што адносна іх вызначаны душпастыр выконвае павучальнае і асвячальнае заданне Хрыста і Яго Касцёла.
З аднаго боку, ксёндз пробашч, ксёндз вікарый ці адпаведны душпастыр маюць магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з жыццём сваіх вернікаў, з умовамі, у якіх яны жывуць, а таксама са станам іх рэлігійнага жыцця. Такая рэдкая нагода не сустракаецца падчас рэгулярнага правядзення набажэнстваў і сустрэч у касцёле. Тут радасць душпастырскай паслугі выраўноўвае праца і фізічная стомленасць, якія звязаны з наведваннем часам некалькіх дзясяткаў кватэр за адзін дзень.
   З іншага боку, вернікі могуць адчуць зацікаўленасць і духоўную падтрымку свайго душпастыра, якому даручаны клопат пра іх рэлігійнае жыццё. Гэта праяўляецца ў супольнай малітве аб Божым бласлаўленні сям’і і кватэры, а таксама ў выказаным святаром заахвочванні і духоўнай парадзе.
    Не трэба блытаць каляду з нейкай формай магіі ці з касцёльнай падатковай інспекцыяй. Каляда з’яўляецца супольным усведамленнем вернікамі і душпастырамі рэлігійнай сітуацыі кожнай сям’і, а таксама прыкладаннем намаганняў для таго, каб у кватэры знаходзілася Божае бласлаўленне. Выражэннем падзякі і клопату аб штодзённых патрэбах Касцёла і сваіх душпастыраў з’яўляецца ахвяра, якую складаюць вернікі. Яна павінна дапамагчы лепшаму функцыянаванню парафіі і арганізаваных у ёй апостальскіх спраў. Памер ахвяры залежыць ад дастатку кожнай сям’і і адказнасці вернікаў за касцёльную супольнасць, да якой яны належаць. Ахвяравальнік таксама мае права вызначыць суму, прызначаную ім на ўтрыманне парафіяльнага касцёла і на асабістыя патрэбы святара. Аднак адсутнасць матэрыяльных сродкаў не можа быць прычынай для таго, каб не запрашаць ксяндза да сябе дадому з душпастырскім візітам.
    Аб духоўнай і рэлігійнай культуры каляды сведчаць адпаведны парадак у кватэры, выключаны тэлевізар, радыё ці камп’ютар, а таксама прысутнасць усіх членаў сям’і падчас супольнай малітвы ў адпаведна падрыхтаваным для гэтага пакоі. Стол павінен быць засланы белым абрусам. На ім павінен стаяць крыж, свечкі, пасудзіна з асвечанай ці падрыхтаванай да асвячэння вадой, крапіла і Святое Пісанне.
    Усё сказанае вышэй можа пазітыўна паўплываць на пераўтварэнне душпастырскага візіту ў прыязную атмасферу сустрэчы душпастыраў са сваімі вернікамі не толькі з мэтай бласлаўлення сям’і і асвячэння кватэры, але таксама для аказання ім часцейшай дапамогі і парады.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.