ГРОДНА
Субота,
27 ліпеня 2024 года |
Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста
![Кс. Уладзімір Гуляй, выкладчык ВДС у Гродне Кс. Уладзімір Гуляй, выкладчык ВДС у Гродне](/images/stories/general/hulaj.png)
У межах Тыдня па ўсім свеце адбываецца шэраг канферэнцый, сустрэч і набажэнстваў, арганізаваных Экуменічнай Радай, Канферэнцыяй Біскупаў і іншымі органамі Касцёлаў розных краін.
Падчас гэтых сямі дзён хрысціяне ў кожнай святыні, таксама і ў нашай дыяцэзіі, моляцца аб адзінстве. А галоўнае набажэнства будзе адпраўлена ў гродзенскай катэдры 24 студзеня ў 18.30. Усе прысутныя прымуць удзел у набажэнстве Божага слова, а таксама ў набажэнстве святла. Дэвізам Тыдня малітвы за адзінства хрысціян з’яўляюцца словы: “Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста”, узятыя з І Ліста св. Паўла да Карынцян (1 Кар 15, 51-58).
Гэта будзе ўжо другая ўрачыстая малітоўная сустрэча ў нашай катэдры. Першая такая сустрэча пад дэвізам “І вы – сведкі гэтага” (Лк 24, 48) адбылася ў 2010 годзе. У літургіі Божага слова, якую ўзначальваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі праваслаўнай, лютэранскай і грэка-каталіцкай Цэркваў. Шчыра запрашаем усіх вернікаў на малітву, а ў сваіх штодзённых малітвах памятаем пра адзінства хрысціян. †
Адным з найбольш значных рэзультатаў, якія вынікаюць з вучэння II Ватыканскага Сабору, з’яўляецца факт, што яго мысленне і маўленне былі адзначаны экуменічным вымярэннем. З таго часу экуменізм глыбока ўвайшоў у жыццё Касцёла і з’яўляецца цяпер абавязковым элементам яго сутнасці і дзейнасці. Дзякуючы экуменічнай адкрытасці II Ватыканскага Сабору, стала магчымым сапраўднае збліжэнне паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і хрысціянамі, якія належаць да іншых Касцёлаў ці хрысціянскіх супольнасцей. Адносна Магістэрыя Касцёла адбыўся пераломны момант: экуменізм, які раней адмаўлялі, сёння ўспрымаецца як інструмент Святога Духа, а жаданне і пошук адзінства з’яўляюцца ласкай, дарам ад Бога. Таму хрысціянства не можа быць абыякавым да справы адзінства, ігнаруючы экуменічную праблематыку, бо інакш яно было б няпоўным, скалечаным і хворым хрысціянствам. Хрысціяне ўсё выразней разумеюць скандал, якім з’яўляецца падзел хрысціянства, і тое, што драма разладу, якая існуе паміж вучнямі Хрыста, супярэчыць Яго малітве і волі.
У першай прысвечанай экуменізму энцыкліцы “Ut unum sint” (“Каб былі адзіным”), чытаем: “Бог прагне адзінства ўсяго рассеянага чалавечага роду. Таму Бог паслаў свайго Сына, каб, паміраючы за нас і ўваскрасаючы, Ён адарыў нас сваім Духам любові. Напярэдадні крыжовай ахвяры Езус сам маліўся да Айца за сваіх вучняў і за ўсіх, хто ў Яго верыць, каб яны былі адзіным, як адзіная жывая супольнасць. Адсюль вынікае не толькі абавязак імкнення да адзінства, але таксама і адказнасць перад Богам і Яго задумай, якая ляжыць на тых, хто праз хрост становіцца Целам Хрыста – Целам, у якім павінны поўнасцю рэалізавацца паяднанне і адзінства” (№6). Экуменізм з’яўляецца настойлівым пошукам відавочнай еднасці хрысціянства, таму гэтае імкненне павінна пранікаць Касцёл ва ўсёй яго рэчаіснасці, на ўзроўні як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла.
Разважаючы на тэму экуменізму, трэба звярнуць увагу на тое, што толькі Касцёл, які ўсведамляе сваю тоеснасць, адчувае адказнасць за даручаную яму праўду і які моцна паяднаны сакраментальнай сувяззю, можа распачаць дыялог з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі. Асновай такога дыялогу павінна быць ісціна, адкрытая ў Божым Аб’яўленні. Ідучы шляхам паяднання, не атрымаецца ісці напрасткі або паскарацца коштам праўды. Час паяднання павінен наспяваць, а нам трэба клапаціцца і прыкладаць намаганні для таго, каб гэты час надышоў. Адзінства неабходна пастаянна будаваць, размаўляючы паміж сабой і ўзмацняючы давер. На гэтым шляху мы зможам разумець, шанаваць і прымаць адрозненне іншага чалавека, іншага веравызнання.
Каб як мага лепш адказаць на гэтае пакліканне, неабходна выконваць наступныя ўмовы: 1) сталае аднаўленне Касцёла ва ўсё большай вернасці яго пакліканню. Такое аднаўленне з’яўляецца сілай руху да адзінства; 2) навяртанне сэрца. Навяртанне нараджаецца з жадання адзінства. Як таксама з гэтага жадання нараджаецца ўнутраная змена, якая палягае на глыбейшай вернасці Евангеллю. Чым больш мы будзем паяднаны з Езусам, тым бліжэй мы будзем адзін да аднаго; 3) супольная малітва, з якой нараджаецца пастанова навяртання сэрца. Заклік “навяртайцеся” азначае: змяняйце мысленне, глядзіце на сваё жыццё інакш, глыбей, з большай чуллівасцю да патрэб іншага чалавека; 4) узаемнае братэрскае пазнанне. Навяртанне сэрца ў рытме любові. Любоў стварае адзінства асоб і супольнасцей. Прымаючы Любоў і жывучы паводле Яе, мы звяртаемся да Бога як да найбольш дасканалай крыніцы адзінства, якая з’яўляецца адзінствам Айца, Сына і Святога Духа, каб з гэтай крыніцы чэрпаць моц стварэння еднасці паміж людзьмі, каб цярпліва адкрываць яе паміж раздзеленымі братамі і сёстрамі; 5) экуменічная фармацыя вернікаў, а асабліва святароў. Трэба пазнаваць дух братоў і сясцёр іншых веравызнанняў. Нельга абмяжоўвацца толькі аналізам іх дактрыны. Гаворка ідзе пра поўнае разуменне дакладнай цэласнай рэчаіснасці іншага Касцёла; 6) дыялог паміж тэолагамі і сустрэчы паміж хрысціянамі розных Касцёлаў і супольнасцей. Паяднанне паміж Касцёламі можа наступіць толькі тады, калі яны наблізяцца адзін да аднаго з дактрынальнага пункта гледжання, адкрываючы супольную вернасць адной і той жа веры, перададзенай нам Апосталамі, адкінуўшы на другі план пытанне канкрэтных дактрынальных ці тэалагічных фармулёвак; 7) супрацоўніцтва паміж хрысціянамі ў розных галінах службы людзям. Супольная дзейнасць хрысціян датычыцца як інтэнсіўных акцый на карысць супакою ў свеце, так і ратавання годнасці чалавечай асобы і выкарыстання Евангелля ў грамадскіх пытаннях (пар.: ККК 821).
![Сусветны дзень малітвы ў Асізі, 27 кастрычніка 1986 г. Сусветны дзень малітвы ў Асізі, 27 кастрычніка 1986 г.](/images/stories/n342/asyz_1986.jpg)
Такім чынам, імкненне да адзінства не з’яўляецца толькі пабожным жаданнем асобных людзей, але задачай хрысціянскага сумлення кожнага члена Касцёла. А Тыдзень малітвы за адзінства хрысціян – гэта перш за ўсё цуд змены, які адбываецца ў кожным з нас кожны дзень нанова.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 158 |
Чакаем Вашай падтрымкі
![skarbonka](/images/stories/skarbonka.png)
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.