ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Назіраць. Слухаць. Аналізаваць

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Як прайшлі святы? Ці смачная была куцця? Ці добры быў настрой? Ці сэрца білася радасна, а ў душы быў супакой? Я спадзяюся, што на духоўнай ніве закрасавала жыта, якое потым рассыплецца буйнымі зярняткамі.
    А наперадзе студзень. Абы толькі не застудзіў ахвоту сеяць добрае, светлае, чыстае.
    У гэтым месяцы прапаную Вам “менш гаварыць, а больш рабіць”, як казаў святы айцец Піо. Але перад тым, як нешта зрабіць, трэба добра падумаць. Няхай гэта стане нашым прыярытэтам хаця б на некаторы час. Але ўсё ж пажадана спыніцца на такім рашэнні.
   З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Ісціна зробіць вас свабоднымі”
(Ян 8, 32).
    Жыццё – гэта шлях да пазнання ісціны. Але некаторыя са мной не згодзяцца, бо яны не паспяваюць зразумець гэта пры жыцці. А частка людзей увогуле не знаходзіць той ісціны. Але мы з Вамі разумеем, што хоць шлях і цярністы, ісціну можна збіраць па крупіцах: прыпыніцца, аддыхацца, схапіць крупіцу і пайсці далей. Так і зараз. Мы з Вамі крочым паціху далей. У студзені будзем разважаць, думаць, аналізаваць, шукаць і знаходзіць.

   Мэта месяца: Навучыцца не саромецца... думаць

    Як часта ў жыцці трэба хутка прымаць рашэнні. Жыццё можа паставіць Цябе ў такія абставіны, калі Табе трэба неадкладна нешта вырашыць. І па праўдзе кажучы, такое рашэнне не заўсёды правільнае, таму што яно неабдуманае.
    Праз некаторы час нараджаецца думка: “А вось калі б была якая хвіліна часу…”. А яна мае права быць! Праўда, часам трэба спытаць дазволу, каб яе атрымаць (такія абставіны), але не варта саромецца, трэба спытаць. Бо што такое думка? Гэта працэс аналізу, “фільтра інфармацыі”. Тое, што на першы погляд здаецца не такім значным, можа на дадзены момант аказацца вызначальным.
    Ёсць і іншыя рэчы, якія могуць замінаць думцы: “эфект натоўпу”, характар, лянота... Але калі ўсё гэта разам адкінуць, то атрымаецца, што перашкод няма. Як кажуць, у добры шлях!

   Асоба месяца: святы Вінцэнт Палоц­ці

    Св. Вінцэнт нарадзіўся 21 красавіка 1795 года ў знатнай сям’і ў Рыме. Атрымаў добрую адукацыю. У 1820 годзе быў высвечаны на святара. Працягваў вывучаць багаслоўскія навукі. Атрымаў званне прафесара тэалогіі, а затым стаў рэктарам царквы ў Санта-Спірыта-дэі-Напалетанэ.
    Затым яго жыццё склалася так, што ён пачаў чытаць Евангелле ў самых бедных раёнах Рыма. Ён разумеў, што менавіта там ён патрэбен.
    У 1835 годзе Палоцці заснаваў Таварыства Каталіцкага Апостальства. У 1848 годзе на чале з ім была арганізвана жаночая галіна кангрэгацыі. Пасля смерці Вінцэнта прадстаўнікі гэтых супольнасцей назваліся ад прозвішча свайго заснавальніка: палатыны і палатынкі. Яны ставілі перад сабой такія мэты: навяртанне няверуючых, ажыўленне духоўнага жыцця і дабрачыннасць у дычыненні да маламаёмасных.
    Памёр Вінцэнт 22 студзеня 1850 года ў Рыме. 20 студзеня 1963 года быў кананізаваны. Каталіцкі Касцёл успамінае Святога Вінцэнта 22 студзеня.
   
   Прадмет разважанняў месяца: сэнс

    Сэнс жыцця. Сэнс вымаўленага слова. Сэнс учынка. Сэнс чытання газеты…
    Ці ўсё ў нашым жыцці падпарадкоўваецца сэнсу? Ці патрэбна, каб так было заўсёды? А можа, нейкія рэчы мы робім, нават не задумваючыся, навошта? Робім, бо ведаем, што трэба. А ці правільна гэта?
    У студзені ёсць час над гэтым паразважаць. Пры глыбокіх думках і добрым жыццёвым прыкладзе можна прый­сці да нейкай высновы, а пры правільным падыходзе да справы – знайсці саму ісціну.
   
   Справа месяца: прыслухацца да людзей

    Такая вось цікавая справа: прыслухацца. Пра што кажуць людзі? У аўтобусе, у краме, на працы. Што іх хвалюе? Чым жывуць людзі навокал?
    Навошта гэта? Бо Ты можаш дапамагчы, падказаць. Няхай не адразу. А можа, нейкія словы Цябе надта ўзрушаць і Ты надумаеш зрабіць добрую справу, напісаць аб гэтым у газету, падняць пытанне… Бо, памятаем, усё ў гэтым жыцці невыпадкова. Бог спецыяльна паставіў Цябе ў чаргу за гэтай бабуляй у сіняй хустачцы, якой не хапае грошай, каб разлічыцца за пакупку. І невыпадкова Ты апынуўся сярод дзяцей каля ёлкі на плошчы, калі яны расказвалі адзін аднаму пра тое, як маці корміць шостае дзіця малаком, падмешваючы ў яго вады; і дзеці шчыра спачувалі браціку, бо “ўчора ваду адключылі”.
    Ты не цэнтр Сусвету, але можаш нямала. Галоўнае – вер і варушыся.
   
   Kніга месяца: “Крыж – гэта залог любові”, думкі Святога Айца Піа

    З асобай Святога Айца Піа мы знаёміліся раней: у вераснёўскім нумары рубрыкі “На скрыжаванні” (у раздзеле “Асоба месяца”). Цяпер нам прадставілася магчымасць “застацца адзін на адзін” з яго думкамі.
    Трэба прыгадаць і падкрэсліць, што ў гэтым месяцы мы разважаем і прыслухоўваемся. Гэтая кніга дапаможа нам паразважаць. А думкі айца Піа, што вельмі зручна, “пасартаваны” па раздзелам: “Пазнанне Бога”, “Спакусы”, “Грэх і прабачэнне”, “Несці крыж з Езусам”, “Духоўная барацьба, “Вера, надзея і любоў”. І гэта толькі некаторыя з мноства раздзелаў кнігі.
    Айцец Піа называе замужнюю жанчыну анёлам, разважае пра яе пакліканне да сямейнага жыцця. Кажа, што “людзі, якія любяць Бога, гатовы да ўсяго”. Айцец Піа яшчэ раз прыпамінае пра тое, што трэба маліцца перад тым, як сесці за стол або пачаць рабіць нейкую працу. “Кароткія малітоўныя заклікі – гэта стрэлы, якія трапляюць у Божае Сэрца і “змушаюць” Яго ўдзяляць нам ласку і дапамогу”. Ёсць і жыццёвыя разважанні чалавека пра сучаснасць. Трэба адзначыць, што парады з кнігі актуальныя заўсёды. Напрыклад, “Не засмучайся з-за ацэнак, якія дае свет” або “Нельга занадта многага чакаць ад людзей”. І, мне здаецца, самая мудрая – “Калі Бог дазваляе нам грашыць, то для таго, каб умацаваць у нас пакору”.
   
   Песня месяца: “Сэнс. Вочы. Уверх”, Дзіггі Дзі

    Каму падабаецца рэп, прапаную паслухаць песню Дзіггі Дзі. Ён разважае на тэму сэнсу жыцця. У кожнага, вядома, свой пункт гледжання на гэтае пытанне. Увогуле, ён павінен быць адзін, але думкі ў людзей разыходзяцца.
    Пачнём з таго, калі чалавек найчасцей задумваецца над сэнсам жыцця? Хутчэй за ўсё, калі яму цяжка, калі ён адчувае пустэчу ўнутры сябе. Усе “дзякуючы” прэсу, якім з’яўляецца само жыццё. “Будзе лягчэй? Не ведаю. Прасцей? Не думаю”.

   Разважаем, прыслухоўваемся і робім высновы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.