ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

У Гродзенскай дыяцэзіі адбыліся пасвячэнні ў дыяканы пяці клерыкаў ВДС

З жыцця Касцёла

На свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 8 снежня ў Фарным касцёле адбыліся пасвячэнні ў дыяканы пяці навучэнцаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.
Дыяканскія пасвячэнні з рук ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча падчас урачыстай св. Імшы атрымалі клерыкі Павел Аляскевіч, Віталь Бяленік, Ян Раманоўскі, Валерый Спірыдон і Генрык Яблонскі.
    Да дыяканскіх пасвячэнняў клерыкі рыхтаваліся праз духоўныя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз магістр Ян Сарэла, духоўны айцец ВДС. Абрад пасвячэння ў дыяканы з’яўляецца перадапошнім крокам на шляху да святарскіх пасвячэнняў.
    На ўрачыстую св. Імшу прыбыло шмат гасцей: святары, сёстры з розных манаскіх супольнасцей, клерыкі ВДС, родныя і блізкія кандыдатаў у дыяканы і шматлікія парафіяне.
“Дарагія кандыдаты, кожнага з вас паклікаў Хрыстос, – звярнуўся да будучых дыяканаў падчас гаміліі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Дазвольце Яму, і Ён адорыць вас вельмі прыгожым і ў той жа час цяжкім і вымагаючым пасвячэння пакліканнем, якім з’яўляецца святарства. Праз хвіліну вы прымеце першую ступень сакраманту пасвячэння. Адказваючы Пану сваё “Fiat”, свядома і дабравольна аддаючыся служэнню Яму, вы будзеце выконваць важнае заданне, якое даручае вам Касцёл. [...] Няхай ідэалам і ўзорам выканання дыяканскай паслугі будзе для вас вобраз дыякана першых хрысціянскіх супольнасцей, які мы сустракаем у Новым Запавеце. Дыяканат быў усталяваны апосталамі, каб у Ерузалемскай супольнасці ўсім хапала патрэбнай дапамогі. Вучні Хрыста дасканала ведалі, што іх пакліканнем з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля і клопат пра чалавека, дакладна так, як гэта рабіў іх Настаўнік Езус Хрыстус. Калі аказалася, што патрэбы пераўзыходзяць іх магчымасці, яны заснавалі дыяканат, каб дыяканы клапаціліся пра найбольш патрабуючых. Таму можна сказаць, што дыяканат цесна звязаны са сведчаннем міласэрнасці, ахвярным служэннем чалавеку ў патрэбе. Дыяканы са свайго боку хутка зразумелі, што людзі патрабуюць не толькі хлеба, які заспакойвае фізічны голад, але і Божага слова для спатольвання голаду духоўнага. Таму дыяканы дапамагалі апосталам не толькі раздзяляць хлеб, але і служылі ім дапамогай у абвяшчэнні Добрай Весткі. [...] Можна сказаць, што ў цэнтры паслугі як апосталаў і дыяканаў, так і ўсяго Касцёла, заўсёды знаходзіцца чалавек, які чакае суперажываючага сэрца, шукае рукі дапамогі, а часам проста хоча пачуць некалькі слоў суцяшэння”. Найважнейшым момантам пасвячэнняў з’яўляецца знак накладання рук. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у маўчанні наклаў рукі на галаву кожнага з пяці кандыдатаў, а пасля ў малітве пасвячэнняў прасіў Святога Духа, каб Ён зышоў на кожнага новага дыякана. Затым святары дапамаглі новапасвечаным дыяканам апрануць дыяканскія стулы і далматыкі – знешні знак служэння дыякана, якое з гэтага часу яны будуць здзяйсняць у літургіі.
    Напрыканцы св. Імшы новапасвечаныя дыяканы першы раз у сваім жыцці ўдзялялі веруючым св. Камунію.
    Перад блаславеннем, якое ксёндз біскуп удзяліў усім прысутным, новыя дыяканы выказалі словы падзякі ўсім тым, хто дапамагае і падтрымлівае іх на шляху да святарства.
    Пасля св. Імшы шматлікія родныя, блізкія і сябры сардэчна віншавалі словамі, кветкамі і падарункамі новапасвечаных дыяканаў з надзвычай важнай у іх жыцці падзеяй.
    Дыяканскія пасвечанні сталі чарговай урачыстай падзеяй у шэрагу свят і ўрачыстасцей з нагоды 20-годдзя існавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.