ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Божае Нараджэнне, ці як дзейнічае «атамная бомба» Божай любові

Хрысціянскія традыцыі

“Бо так палюбіў Бог свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
Пагодлівы і святочны настрой, прыгатаванне смачных страў, прыгожа аздобленая ёлка з каляровымі агеньчыкамі, нязвыклы пах сена, які разыходзіцца па пакоі, і ўрэшце першая зорачка на небе. Менавіта такія ўспаміны ажываюць у нашай памяці, калі мы чуем пра Божае Нараджэнне. І безумоўна, калі набліжаецца гэтая вялікая ўрачыстасць, свет нібы змяняецца, становіцца іншым. Людзі з усмешкамі на тварах стаяць у чарзе за пакупкамі, чыгуначныя і аўтобусныя вакзалы быццам бы “трашчаць” ад вялізнай колькасці пасажыраў, якія накіроўваюцца ў розныя бакі. Усе спяшаюцца, усе нечым заклапочаныя. “Што адбываецца?” – можа спытаць недасведчаны прахожы. “Сёння вігілія Божага Нараджэння”, – адкажа хтосьці на хаду.
Гэта асаблівыя дні ў жыцці кожнага хрысціяніна. Святочны настрой і атмасфера цяпла і любові жывуць у сэрцах многіх з нас. Таму што не можа быць інакш, калі Сын Божы прыходзіць на зямлю! Аднак 26 снежня ўсё нібы зноў вяртаецца на свае месцы. Часам міжвольна на розум прыходзіць такое пытанне: “Ці сапраўды Езус прыйшоў на зямлю? Калі так, то чаму твары многіх людзей зноў становяцца сумнымі і заклапочанымі?” Бог жа чарговы раз з прыходам Хрыста сказаў чалавеку, што любіць яго. І гэтыя словы актуальныя не толькі падчас свят Божага Нараджэння, яны жывыя заўсёды, у кожную хвіліну нашага жыцця. Св. евангеліст Ян у пачатку свайго Евангелля напісаў: “Бо так палюбіў Бог свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
   Здаецца, што, даючы свету свайго Сына, Бог нічога такога вялікага не зрабіў, аднак, напэўна, ўсе мы ведаем, які лёс напаткаў Хрыста і што Ён павінен быў перажыць і выцерпець з-за любові да чалавека. Мабыць многія скажуць, што такая дзейнасць Бога неразумная, бо цяжка сабе ўявіць, як можна аддаць сваё дзіця за іншых. Сапраўдная любоў – гэта ахвяра, якая патрабуе адмовіцца ад сваіх жаданняў, планаў і амбіцый. Гэтую ахвяру Бог выдатна паказвае ўжо тады, калі дазваляе свайму Сыну нарадзіцца ў беднасці, ва ўбогай стайні. Ён робіць гэта з-за чалавека. Такую паставу Бога можна параўнаць з дзейнасцю атамнай бомбы, якую скінулі на зямлю, і ніхто не можа схавацца ад выбуху, а той, каму гэта ўдалося, усё роўна падвергнецца яго ўздзеянню. Божая любоў скінута на свет, і яна пачынае “нішчыць” усё тое, што ёй супраціўляецца: гнеў, нянавісць, злосць, несправядлівасць і ўсё, што з’яўляецца грахом. Яна робіць гэта для таго, каб той, хто ёй паддасца, меў вечнае жыццё. Не трэба хавацца ад гэтага выбуху, трэба імкнуцца туды, дзе ён адбыўся. Уздзеянне гэтай “атамнай бомбы” дзіўнае, бо замест таго, каб знішчаць усё жывое, яна дае сапраўднае жыццё. Жыццё, пра якое мы марым і якога прагнем, але шлях да якога хочам пракладваць самі, не патрабуючы ніякіх правадыроў, у тым ліку і Езуса.
   Святы Божага Нараджэння ў чарговы раз паказваюць нам, як мы патрэбныя Богу і як Ён зацікаўлены ў нас. Бо на самай справе, калі б Бог быў да нас абыякавым, калі б мы былі пакінуты самі сабе, то ці паслаў бы Ён на свет нованароджанага Езуса Хрыста як доказ сваёй любові да нас? Мы не можам перажыць гэтыя дні толькі як чарговую нагоду для добрай забавы, як чарговую фармальнасць для пацверджання таго, што мы, хіба, з’яўляемся католікамі. Святы павінны быць перажываннем сапраўднага выбуху, які поўнасцю перамяняе нашу шэрую штодзённасць у жыццё, поўнае разнастайных колераў. Аднак да гэтага выбуху трэба падрыхтавацца праз сакрамант пакаяння, паяднанне з Богам і чалавекам, урэшце праз усведамленне таго, што Бог любіць нас, як ніхто іншы. І нават тады, калі мы будзем перажываць цяжкія хвіліны, гэта зусім не азначае, што Бог перастаў нас любіць. Любоў Пана заўсёды жывая, а асабліва падчас гэтых складаных жыццёвых момантаў.
   Так, як радуюцца закаханыя, калі ведаюць, што паміж імі пануе любоў, і як яны паказваюць сваю радасць іншым, так і мы павінны радавацца, таму што Бог нас любіць і Яго любоў значна больш дасканалая. Няхай усведамленне праўды аб Божай любові не заканчваецца адначасова з заканчэннем гэтай цудоўнай урачыстасці, а будзе жыць у кожным дні нашага жыцця, каб мы ўмелі дзяліцца ёю з іншымі. Давайце дазволім Богу праявіць сваю любоў да нас, і тады мы ўбачым, што няма большага шчасця на зямлі, чым свядомасць таго, што мы Ім любімыя.
   Няхай усмешка і радасць спадарожнічаюць нам кожны дзень. Чаму? Таму што Бог нас любіць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.