ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Адвэнт – час адкрыцця Хрыста ў нашым жыцці!

На шляху да святасці

Працягваецца Адвэнт – прыгатаванне да свят Божага Нараджэння. Вельмі часта можна пачуць, што Адвэнт – гэта “незвычайны” час чакання ці падрыхтоўкі да спаткання з Хрыстом. Сапраўды, чым бліжэй да свята, тым больш заўважальным становіцца наш святочны настрой: гарады ўпрыгожваюцца каляровай ілюмінацыяй, людзі спяшаюцца своечасова купіць падарункі для сваіх блізкіх і родных, навесці парадак у сваіх кватэрах і дамах.
Натуральна, што гэтая святочная падрых­тоў­ка закранае і ўнутраную, духоўную сферу жыцця чалавека. Святары ў храмах традыцыйна заахвочваюць нас да розных малітоўных пастаноў, да адновы нашага жыцця. Маральны пасыл гэтага часу добра ўсім вядомы, калі не сказаць – надакучлівы ці банальны. Асабліва падчас пропаведзі для дзяцей на святой Імшы святар вельмі часта падсумоўвае сваю прамову такімі словамі: “Дзеці, каб быць Божым чалавекам, каб годна спаткаць Хрыста, трэба рабіць добрыя ўчынкі”. Сапраўды, нягледзячы на прастату гэтага закліку, ён вельмі добра абгрунтаваны тэалагічна. Дастаткова ўзгадаць словы з Паслання святога Якуба: “Вера без учынкаў мёртвая” (Як 2, 17), – альбо шматлікія цытаты з катэхізіса адносна сумленнага і актыўнага жыцця вернікаў у Касцёле праз “малітву, апостальскія ініцыятывы, сямейнае жыццё і штодзённую працу”. З іншага ж боку, варта задаць сабе пытанні: ці мой Адвэнт абмяжоўваецца толькі так званым “актыўным чаканнем”? Ці мая падрыхтоўка абмяжоўваецца гэтай, хоць і добрай, але павярхоўнай сферай жыцця?
Каб адказаць на гэтыя пы­танні, трэба прыпомніць усё багацце значэння тэрміна “Адвэнт”. У першую чаргу, гэта добра нам вядомае значэнне “прыходу” альбо “ўрачыстага прыезду” Валадара. Другое ж значэнне, больш старажытнае, закранае іншы аспект. Адвэнт упершыню ўзгадваецца ў Іспаніі і Галіі дзесьці каля IV стагоддзя падчас падрыхтоўкі не да свята Божага Нараджэння, а да Epiphanii – Аб’яўлення Панскага. Дарэчы, адно са значэнняў Адвэнту, калі браць даслоўна, – “з’яўленне” альбо “аб’яўленне Пана”. Толькі прыкладна каля V стагоддзя Адвэнт як літургічны перыяд моцна прывязаўся да падрыхтоўкі да Нараджэння Хрыста. Лічыцца, што сучасную форму Адвэнту як перыяду радаснага чакання надаў папа Грыгорый Вялікі, а канчаткова яна сфарміравалася прыкладна каля XII стагоддзя.
    Кожная рэлігійная ўра­чыс­тасць, у тым ліку і ўрачыстасць Божага Нараджэння, мае на мэце прыгадаць важныя падзеі з гісторыі збаўлення. Сучаснасць падштурхоўвае нас да актыўнасці, да пэўнага знешняга дзеяння: святочная мітусня, падарункі, віншаванні... Усё гэта вельмі патрэбна, але гэта не тое, гэта не падрыхтоўка да свята, прынамсі не такая падрыхтоўка, аб якой гавораць крыніцы з першых стагоддзяў хрысціянства. Можа і нам варта па прыкладзе нашых продкаў у веры разглядаць Адвэнт як сваё асабістае адкрыццё Хрыста, Яго аб’яўленне ў нашым жыцці. Іншымі словамі, Адвэнт – гэта выдатны час, каб знайсці тыя супольныя моманты нашай асабістай гісторыі і гісторыі збаўлення ўсяго чалавецтва праз прыход Божага Дзіцяці на гэты свет. Можа, Адвэнт – гэта час, каб паспрабаваць акрэсліць сваю хрысціянскую тоеснасць, каб зноў, яшчэ раз прыпомніць і вызнаць сваю веру ў Таго, хто раздзяліў сваё жыццё з нашым, з усімі нашымі турботамі і радасцямі.
    Толькі ў такім кантэксце асабістага адкрыцця і спаткання мы зможам правільна зразумець традыцыйныя, часам дзіўныя на першы погляд малітоўныя практыкі Адвэнту. Толькі так мы зможам растлумачыць сабе, навошта кожную раніцу коштам свайго сну і адпачынку ісці і распачынаць новы дзень малітвай на раратняй святой Імшы. Толькі так мы зможам зразумець, навошта прыступаць да сакраманту споведзі, удзельнічаць у адвэнтавых рэкалекцыях, брацца за выкананне адпаведных адвэнтавых пастаноў.
    Адвэнт – гэта не толькі час, каб сустракаць ці чакаць свайго Валадара, гэта перш за ўсё час, каб зразумець, хто сапраўды з’яўляецца нашым Збаўцам і хто надае нашаму жыццю сэнс!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.