ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

З каталіцкага друку (21)

Прэса

“Пантакратар з Гары Сінай”
Кс. Яраслаў Сташэўскі SChr 11/2011
  
    Старажытныя хрысціяне паволі адкідвалі старазапаветную забарону партрэтавання. Яны захацелі бачыць свайго Валадара, які стаў Чалавекам і нарадзіўся з Дзевы. Старажытныя хрысціяне верылі, што праз Уцелаўленне нябачны Бог стаў бачным. Верылі, што Хрыстос з’яўлецца вобразам Бога. А калі Бог захацеў паказацца людзям, то Яго выяву можна маляваць, паказваць далей, а таксама акружаць глыбокай павагай.
Грэчаскі тэрмін “eikon” можа азначаць кожны абраз, але падобна, што ўжо ў IV ст. ён ужываўся найперш да ранніх маляваных у познеантычнай энкаустычнай тэхніцы партрэтаў Езуса, Марыі ці святых. У цэнтры кожнай іконы знаходзіцца Хрыстос, бо Ён у пэўнай меры адлюстроўвае адзіны вобраз Бога – Уцелаўлёнае Слова. Нават больш, усё хрысціянскае мастацтва з’яўляецца хрыстэцэнтральным, бо яго пачатковая мэта – сустрэча чалавека з Богам у Езусе Хрысце.
    Адной з самых старажытных і вядомых выяў Хрыста Валадара з’яўляецца энкаустычны абраз Пантакратара, які паходзіць з VI ст. з кляштара св. Кацярыны на Сінаі. Грэчаская назва “Pantokrator” азначае: ‘Пан усяго, Усемагутны і Суддзя сусвету’. На іконе Хрыстос сядзіць на залатым троне. Па абодва бакі Яго постаці відаць толькі слупкі трону. На фоне можна ўбачыць блакітна-серабрыстае неба са стылізаванымі зоркамі ў верхніх вуглах іконы. Ніжэй можна ўбачыць цямнейшую лінію гарызонту. Такім скарочаным спосабам мастак, а адначасова і тэолаг, ілюструе каралеўскую ўладу Хрыста над небам і зямлёй.
    Твар Хрыста намаляваны наўмысна асіметрычна. Левае вока выглядае суровым і караючым, гэты бок твару пакрывае лёгкі цень. Гэта бок права і суда, а засядаючы на троне Хрыстос уяўляецца Суддзёй над сусветам. Правае вока лагаднейшае і міласэрнае, яно мілуе і прабачае. Правы бок твару Хрыста выразна больш ясны. Па гэтым боку будуць збірацца збаўленыя, для якіх падрыхтавана бласлаўленне.
    Сінайская ікона Хрыста Пантакратара з’яўляецца цалкам сфармаваным іканаграфічным тыпам, а рысы твару Хрыста ўвайшлі ў мастацтва хрысціянскага Усходу і Захаду і засталіся там да сучасных часоў.
   
“Ідалапаклонства”
Кс. Альберт Варса 11/2011
   
    Аўтар артыкула адзначае, што напісанне пра ідалапаклонства ў XXI стагоддзі можа падацца нейкай вялікай памылкай, што мы далёкія ад таго, каб шанаваць нейкіх розных бажкоў, пра якіх чулі ў літаратуры. На самай жа справе, небяспека ідалапаклонства пагражае таксама і сучаснаму чалавеку. Бл. Ян Павел II вучыў, што “ідалапаклонства робіцца спакусай для ўсяго чалавецтва ва ўсіх кутках зямлі і ў кожны час”.
    Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць: “Ідалапаклонства […] застаецца пастаяннай спакусай веры. Яно палягае на абагаўленні таго, што не з’яўляецца Богам. Яно мае месца тады, калі чалавек пакланяецца і шануе стварэнне замест Бога, без увагі на тое, ці ідзе размова пра іншых багоў, ці пра дэманаў (напрыклад, сатанізм), ці пра ўладу, прыемнасці, продкаў, дзяржаву, грошы і г.д.” (ККК 2113).
    Аўтар артыкула падкрэслівае, што ідалапаклонства можа пагражаць нашай веры. Згаданыя вышэй “бажкі” з’яўляюцца толькі прыкладамі некаторых з ідалаў. Гэты спіс можна сёння дапоўніць кар’ерай, здароўем, адпачынкам, свабодай, модай, славай, дасягеннямі тэхнікі і інш.
    Кс. Альберт Варса прыводзіць словы Бенедыкта XVI з Паслання на мінулы Вялікі пост: “Ідалапаклонскае служэнне матэрыяльным дабротам не толькі аддаляе ад іншай асобы, але збядняе, робіць чалавека нешчаслівым, падманвае яго, не здзяйсняючы таго, што абяцае, таму што змяшчае матэрыяльныя рэчы на месца Бога, адзінай крыніцы жыцця. Як зразумець бацькоўскую дабрыню Бога, калі сэрца поўніцца самім сабой і сваімі ўласнымі праектамі, праз якія мы падманваемся, што можам забяспечыць сабе бяспечную будучыню?”
    Аўтар лічыць, што дапамогай у змаганні са спакусай ідалапаклонства з’яўляецца шчыры рахунак сумлення. Чалавек павінен шчыра адказаць сабе на пытанне, ці сапраўды ў яго жыцці Бог займае першае месца. Таксама Катэхізіс гаворыць пра адарацыю ўкрыжаванага Збаўцы.
    У выпадку, калі мы заўважаем праявы ідалапаклонства, варта паразважаць над бессэнсоўнасцю спадзявання на даброты гэтага свету. Трэба ўказаць на вышэйшую каштоўнасць любові Бога і згадаць, што толькі Ён можа задаволіць усе людскія жаданні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.