ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

“Porta fidei” (“Брама веры”)

Пастырскае Слова

Апостальскі ліст Бенедыкта XVI у форме “Motu proprio”, які абвяшчае Год веры
Я пастанавіў абвясціць Год веры. Ён распачнецца 11 кастрычніка 2012 г., у пяцідзясятую гадавіну адкрыцця II Ватыканскага Сабору, а скончыцца ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.
Пачатак тут
    6. Аднаўленне Касцёла здзяйсняецца таксама праз сведчанне, якое дае жыццё вернікаў: праз само сваё існаванне ў свеце хрысціяне фактычна пакліканы, каб тлумачыць Слова праўды, якое нам пакінуў Езус. Менавіта Сабор у Дагматычнай канстытуцыі Lumen gentium сцвердзіў: “У той час, як Хрыстос, «святы, нявінны, беззаганны» (Гбр 7, 26), не ведаў граху (2 Кар 5, 21), але прыйшоў, каб прасіць прабачэння выключна за грахі людзей (пар. Гбр 2, 17), Касцёл, які ўключае ў сябе грэшнікаў, святы і адначасова заўсёды патрабуючы ачышчэння, пастаянна прымае пакаянне і аднаўляецца. Касцёл «сярод пераследаванняў свету і Божых радасцей імкнецца наперад у пілігрымцы», абвяшчаючы крыж і смерць Пана, пакуль не прыйдзе (1 Кар 11, 26). А моцай уваскрослага Бога ўзмацняецца, каб свае непрыемнасці і цяжкасці, як унутраныя, так і знешнія, пераадольваць цярплівасцю і любоўю, а Яго таямніцу, хоць і пад покрывам, усё ж верна абвяшчаць у свеце, пакуль яна нарэшце не раскрыецца”.
Год веры ў гэтай перспектыве з’яўляецца запрашэннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Пана, адзінага Збаўцы свету. У таямніцы Яго смерці і ўваскрасення Бог паказаў паўнату любові, якая ратуе і заклікае людзей да навяртання і змены жыцця праз адпушчэнне грахоў (пар. Дз 5, 31). Для апостала Паўла гэтая Любоў уводзіць чалавека ў новае жыццё: “Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў смерць, каб як Хрыстос быў уваскрошаны з памерлых славай Айца, так і мы пачалі жыць адноўленым жыццём” (Рым 6, 4). Дзякуючы веры гэтае новае жыццё фарміруе ўсё чалавечае існаванне на радыкальнай навіне змёртвыхпаўстання. Па меры яго вольнага доступу, думкі, пачуцці, спосаб мыслення і паводзіны чалавека паступова ачышчаюцца і трансфармуюцца на дарозе, якая ніколі тут на зямлі цалкам не рэалізуецца. “Вера, што дзейнічае праз любоў” (Гал 5, 6), становіцца новым крытэрыем разумовага развіцця і ўздзеяння, якое змяняе ўсё чалавечае жыццё (пар. Рым 12, 2, Клс 3, 9-10, Эф 4, 20-29, 2 Кар 5, 17).

    7. “Caritas Christi urget nos” (2 Кар 5, 14): любоў Хрыста напаўняе нашыя сэрцы і пабуджае нас да евангелізацыі. Сёння, як і тады, Ён пасылае нас на дарогі свету, каб мы абвяшчалі Яго Евангелле ўсім народам зямлі (Мц 28, 19). Праз сваю любоў Езус Хрыстус прыцягвае да сябе людзей усіх пакаленняў: ва ўсе часы Ён склікае Касцёл, давяраючы яму абвяшчэнне Евангелля, з наказам, які заўсёды новы. З гэтага пункту погляду сёння таксама неабходны больш пераканаўчы ўдзел Касцёла ў новай евангелізацыі, каб нанова адкрыць радасць у веры і знайсці энтузіязм у яе перадачы.
    Місійны ўдзел вернікаў, які ніколі не павінен слабнуць, чэрпае моц і сілу ў штодзённым адкрыцці Яго любові. Таму што вера расце, калі яна перажываецца як вопыт атрыманай любові і калі перадаецца як вопыт ласкі і радасці. Яна прыводзіць да таго, што жыццё вернікаў прыносіць плён, таму што пашырае сэрцы ў надзеі і дазваляе даваць творчае сведчанне: яна, па сутнасці, адкрывае сэрцы і розумы тых, хто слухае, па запрашэнні Пана, каб прытрымлівацца Яго слова і станавіцца Яго вучнямі. Вернікі, як сцвярджае св. Аўгустын, “узмацняюцца праз веру”. Святы біскуп Гіпоны меў важкія падставы, каб выказацца такім чынам. Як вядома, яго жыццё было пастаянным пошукам прыгажосці веры, пакуль яго сэрца не знайшло спачынку ў Богу. Яго шматлікія творы, у якіх ён растлумачваў значэнне веры і праўды веры, застаюцца актуальнымі да нашых дзён як спадчына непараўнанага багацця і надалей дазваляюць многім людзям, якія шукаюць Бога, знайсці правільную сцежку, каб дасягнуць “брамы веры”.
    Такім чынам, толькі праз веру вера расце і мацнее; няма ніякай іншай магчымасці быць упэўненым у сваім жыцці, як толькі праз усё большае давярэнне сябе ў рукі той любові, якая адчуваецца ўсё больш і больш, таму што яе крыніца ў Богу.

    8. З гэтай радаснай нагоды я хачу заахвоціць братоў біскупаў усяго свету з’яднацца з наступнікам Пятра ў гэты час духоўнай ласкі, які нам дае Бог, каб увекавечыць каштоўны дар веры. Мы хочам адзначаць гэты Год веры годна і плённа. Трэба ўзмацніць разважанні на тэму веры, каб дапамагчы ўсім, хто верыць у Хрыста, станавіцца больш свядомымі і ажывіць іх прывязанасць да Евангелля, асабліва ў перыяд глыбокіх змен, які чалавецтва перажывае ў дадзены момант. У нас будзе нагода, каб вызнаваць веру ў змёртвыхпаўсталага Пана ў нашых катэдрах і касцёлах усяго свету; у нашых дамах і сем’ях, каб кожны моцна адчуў неабходнасць лепшага зразумення і перадачы наступным пакаленням спрадвечнай веры. Манаскія і парафіяльныя супольнасці, усе старыя і новыя касцёльныя рэчаіснасці знойдуць у гэтым годзе спосаб, каб публічна прызнаць Credo.

    9. Мы прагнем, каб гэты Год абудзіў у кожным верніку імкненне вызнаваць веру ва ўсёй яе паўнаце і з адноўленым перакананнем, з даверам і надзеяй. Гэта таксама будзе добрая нагода, каб больш цэлебраваць веру ў літургіі, асабліва ў Эўхарыстыі, якая “з’яўляецца вяршыняй, да якой імкнецца дзейнасць Касцёла, і адначасова […] крыніцай, з якой выцякае ўся яго моц”. Мы адначасова прагнем, каб сведчанне жыцця вернікаў было ўсё больш верагоднае. Асабліва ў гэтым Годзе кожны вернік павінен нанова адкрыць сэнс веры вызнанай, цэлебраванай, перажытай і вымаленай, а таксама задумацца над самім актам веры.
    Невыпадкова ў першых стагоддзях хрысціяне павінны былі вывучыць Credo на памяць. Гэта была іх штодзённая малітва, каб не забыць пра прыняты разам з хростам абавязак. Поўнымі значэння словамі прыгадвае аб гэтым св. Аўгустын, калі ў адным з казанняў на тэму redditio сімвалаў, перадачы Credo, гаворыць: “Сімвал святой таямніцы, які вы ўсе разам атрымалі і які прызналі адзін за адным, з’яўляецца словамі, на якіх абапіраецца, як на сталым фундаменце, вера Маці-Касцёла, а гэты фундамент – гэта Хрыстос… Такім чынам, вы атрымалі і паўтаралі тое, што верна павінны пераймаць, што павінны заўсёды ў душы і сэрцы захоўваць, што ў ложках сваіх павінны адгаворваць, аб чым вы думаеце на плошчах і ў публічных месцах, аб чым таксама і падчас пасілкаў вашых не забывайце, беражыце гэта ў сэрцы, хоць цела і засынае”.

У Рыме, у святога Пятра, 11 кастрычніка 2011 года, у сёмы год майго пантыфікату.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.