ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Доўгі шлях да новага храма

З жыцця Касцёла

Aсвячэнне касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы ў Гродне
Божа, Ты асвячаеш свой Касцёл і кіруеш ім, мы ўрачыста ўсхваляем Тваё Імя, таму што верны люд прагне сёння пасвяціць Табе на заўсёды гэты дом малітвы, у якім пабожна аддае Табе пашану, а Ты асвячаеш яго сваім Словам і насычаеш ласкай Тваіх сакрамантаў”, – з гэтымі словамі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч распачаў абрад асвячэння касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы.
Для кожнага католіка першыя дні лістапада – гэта дні інтэнсіўнай малітоўнай еднасці з тымі, хто ўжо адышоў у вечнасць. Гэта дні асаблівага роздуму над словамі Апостальскага сімвала веры: “Веру […] у еднасць святых”. Праз гэтае хрысціянскае вызнанне Касцёл нагадвае нам аб існаванні цеснага духоўнага адзінства паміж вернікамі, якія знаходзяцца ў небе, чысцы і на зямлі.
“Мы ўдзельнічаем у гэтых святых абрадах і з верай слухаем Божае слова, каб нашая супольнасць, адроджаная ў адзінай крыніцы Хросту і ўкаранёная Эўхарыстыяй, збіраючыся пры гэтым алтары, рабілася духоўнай святыняй і ўзрастала да звышнатуральнай любові”, – такімі словамі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч распачаў урачыстую св. Імшу, прысвечаную асвячэнню касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы. Гэтай падзеі, адной з найважнейшых у гісторыі касцёла, парафіяне чакалі 18 гадоў. 15 кастрычніка на ўрачыстую св. Імшу, прысвечаную асвячэнню касцёла, прыбылі шматлікія госці: правінцыял Варшаўскай правінцыі супольнасці рэдэмптарыстаў айцец Януш Сок, айцы рэдэмптарысты з-за мяжы, святары, якія працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі, былыя пробашчы парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля: а. Ян Зубель, а. Вальдэмар Слота і а. Юзаф Гэнза, грэка-каталіцкія святары на чале з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем Гаекам, аўтары праекта касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля: Генрых Зубель, Вітольд Дорык і Андрэй Дуда, дыпламатычны корпус на чале з Генеральным консулам Анджэем Хадкевічам, прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, а таксама тысячы вернікаў, якія запоўнілі святыню на доўгачаканай кансэкрацыйнай св. Імшы. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да ўсіх прысутных з урачыстым казаннем, у якім зазначыў: “Вашыя сэрцы – гэта жывыя камяні, якія робяцца ўпрыгожваннем духоўнай святыні. […] Калі я гляджу на вашу святыню, пабудаваную з такой любоўю, перад вачыма ўстаюць новыя касцёлы і капліцы, узве-дзеныя за апошнія гады ў Гро-дзенскай дыяцэзіі, а таксама тыя, якія яшчэ будуюцца, бо яны цяпер вельмі неабходны. Усе яны, як і гэтая святыня, з’яўляюцца вынікам супрацы пастыраў і вернікаў кожнай парафіі. […]
   Сённяшняя ўрачыстасць асвячэння гэтай святыні ўпісваецца ў год падзякі Богу за 20 гадоў існавання Гро-дзенскай дыяцэзіі. Гэта таксама час падзякі за дар беатыфікацыі вялікага Папы – бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ, які заснаваў нашу дыяцэзію”.
    Працэс кансэкрацыі касцёла складаецца з некалькіх абрадаў.
    “Асвяці гэтую ваду, каб акрапленне алтара, нас і сцен гэтай святыні было знакам, які прыгадвае нам аб сакраманце хросту, дзякуючы якому адбываецца ўключэнне нас у супольнасць Касцёла”, – з гэтымі словамі ксёндз біскуп акрапіў алтар, сцены касцёла і прысутных вернікаў.
    Пасля алтар і сцены храма былі намашчаны хрызмам – асвечаным алеем. Намашчаныя куты храма азначаюць тое, што касцёл дасягае ўсіх куткоў свету і сэрцаў вернікаў.
    Пасля намашчэння на алтар было вынесена кадзіла, якім яго акадзілі. Дым кадзіла – гэта знак малітвы вернікаў. Затым айцец правінцыял Януш Сок і першы пробашч парафіі а. Ян Зубель акадзілі сцены храма і вернікаў.
    На алтар заслалі белы абрус, каб затым, падчас Эўхарыстыі, здзейсніць першую ахвяру Хрыста на новаасвечаным алтары. Каля алтара заўсёды гараць свечкі, таму запальванне святла таксама з’яўляецца важным элементам абраду асвячэння касцёла. Свечкі на алтары запаліў новапасвечаны дыякан Эдуард з супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў. У касцёле таксама было запалена ўсё святло. Запальванне святла – гэта знак таго, што Езус Хрыстус з’яўляецца Святлом Касцёла, за якім вернікі заўсёды хочуць ісці.
    Затым надышоў момант прынашэння дароў. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч прымаў дары, якія прыносілі сужэнскія пары з мясцовай парафіі, моладзь, а таксама чыгуначнікі з Польшчы. У дар былі прынесены: Евангеліярый, з якога будзе абвяшчацца Божае слова, пушка, каб удзяляць Святую Камунію, ружа Жывога Ружанца, якая складаецца са штодзённых малітваў вернікаў, і грашовыя ахвяры на ўтрыманне святыні.
    Напрыканцы ўрачыстай св. Імшы айцец правінцыял Януш Сок і першы пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля выказалі словы падзякі ўсім тым, хто садзейнічаў узнікненню касцёла на Дзевятоўцы. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек разам з грэка-каталіцкімі святарамі выступіў з віншавальным словам і падарыў касцёлу абраз Маці Божай Дзверы Міласэрнасці. Архімандрыт адзначыў: “Грэка-католікі Гродна з вялікай радасцю сёння моляцца ў гэтым храме, які стаў сапраўды Божым храмам праз абрад асвячэння. Падчас абраду спявалі Літанію да Усіх Святых, таму што новы Божы храм – гэта радасць не толькі Касцёла на зямлі, але і ў нябёсах. Мы згадвалі тут святых рэдэмптарыстаў – св. Клімента, св. Альфонса. Я ўзгадаў таксама бласлаўлёнага мучаніка, грэка-каталіцкага біскупа Мікалая Чарнецкага, які належаў да супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў і быў Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі ў міжваенны час. Як дар для вашай святыні я хачу перадаць пробашчу а. Станіславу абраз Маці Божай Дзверы Міласэрнасці, якую вельмі шанаваў бл. Мікалай. Няхай малітвы Багародзіцы і ўсіх святых будуць узмацненнем для вас на шляху вызнавання і сведчання веры”.
    Увечары адбыўся слоў­на-музычны канцэрт ар­тыстаў Варшаўскай оперы, хору “Гродзенскія салаўі” і парафіяльнага хору касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля, які ўпрыгожваў сваім спевам усю цырымонію асвячэння касцёла.
  
Важныя даты ў жыцці парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля:
    1993 г. – ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч засноўвае новую парафію, якую даручае айцам рэдэмптарыстам.
    28.08.1994 г. – ксёндз біскуп асвячае часовую капліцу ў новай парафіі.
    22.12.1996 г. – першае набажэнства Нястомнай Навэнны перад абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі, змешчаным у часовай капліцы. З таго часу набажэнства Навэнны збірае вернікаў кожную сераду.
    14.11.1997 г. – распачынаецца будаўніцтва касцёла і душпастырскага цэнтра айцоў рэдэмптарыстаў у Гродне. Праект паблаславіў падчас аўдыенцыі Святы Айцец Ян Павел ІІ.
    7 – 14.11.1999 г. – першая святая місія ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
    7.11.2000 г. – умураванне вуглавога каменя ў муры касцёла і душпастырскага цэнтра.
    Зімой 2010 г. парафія перабралася ў асвечаны для ўжывання ў літургічных мэтах касцёл, дзе яшчэ не былі скончаны будаўнічыя працы. Сёння, па словах пробашча парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Станіслава Станеўскага CSsR, у касцёл кожную нядзелю прыходзіць каля 10 тысяч вернікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.