ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Настаўніцтва як пакліканне

З жыцця Касцёла

Душпастырству настаўнікаў і выхавацеляў 10 гадоў
Душпастырству настаўнікаў і выхавацеляў у Гродне споўнілася 10 гадоў. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася 9 кастрычніка ў Пабрыгіцкім касцёле. Як і кожная сустрэча Душпастырства, юбілейнае спатканне пачалося са св. Імшы, якую цэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Павіншаваць настаўнікаў з дзесяцігоддзем душпастырства прыйшоў а. Андрэй Шчупал, які кіраваў ім ад пачатку яго існавання. На ўрачыстасці таксама прысутнічалі Генеральны Консул Рэспублікі Польшча Анджэй Хадкевіч, прадстаўнікі Душпастырства настаўнікаў з Сапоцкіна, Перстуні, удзельнікі Душпастырства чыгуначнікаў у Гродне, прадстаў­нікі Польскай Мацежы Школьнай.
    На свя­точнай сустрэчы ў кляштары сясцёр назарэтанак удзельнікі Душпастырства згадвалі мінулыя 10 гадоў свайго існавання. Успамінаючы пачатак стварэння Душпастырства, а. Андрэй Шчупал жартам заўважыў: “Каб штосьці ўзнікла, трэба дзве асобы. Гэтай другой асобай была спадарыня Людміла, настаўніца англійскай мовы Гімназіі №2 у Гродне”.
Ад пачатку стварэння Люд­міла Гапонік была кіраўніцай Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў. Яна распавяла, як узнікла ідэя арганізаваць духоўныя сустрэчы для настаўнікаў Гродна: “Справа ў тым, што нашым настаўнікам не хапае часу на духоўны кантакт з адна­думцамі. Таму найперш гэтае душпастырства ўзнікла для духоўнай камунікацыі, каб людзі маглі прыйсці, сустрэцца, адкрыта пагаварыць пра свае праблемы, маглі разам памаліцца. Многія з нас толькі ў 30-40 гадоў прыйшлі да Бога. Ёсць вельмі шмат рэчаў для нас незнаёмых. Таму нашыя пастыры шмат чаму нас вучаць: як жыць, як выхоўваць сваіх вучняў. Душпастырства дапамагае нам быць бліжэй да Бога і адначасова перадаваць веру сваім дзецям, сваім вучням”.
    Удзельнікі Душпастырства сустракаюцца кожную другую нядзелю месяца. Акрамя ўдзелу ў тэматычных канферэнцыях і выступах, настаўнікі ахвотна ходзяць у пілігрымкі да святых месцаў Беларусі і Польшчы, ладзяць краязнаўчыя паездкі па Беларусі, Польшчы і Літве, удзельнічаюць у педагагічных семінарах. На аплатковыя сустрэчы ўдзельнікі Душпастырства прыходзяць цэлымі сем’ямі. Для настаўнікаў рэгулярна праводзяцца дні засяроджання.
    З 2004 года апекавацца настаўніцкім душпастырствам пачаў кс. Антоні Грэмза: “Спачатку я не хацеў пагаджацца, таму што было крыху страшнавата: я – малады ксёндз, а тут у Душпастырстве сталыя дасведчаныя настаўнікі”.
    Але супрацоўніцтва з настаў­нікамі аказалася вельмі ўдалым і цікавым. Кс. Антоні духоўна апекуецца Душпастырствам настаўнікаў і выхавацеляў і надалей.
    З 2004 года ў Душпастырстве ўзнік хор, якім кіруе настаўніца беларускай мовы Яніна Краўцэвіч. Яна адзначае: “Я заўсёды кажу сваім дзяўчатам: мы атрымалі дар ад Бога – спевы. Мы павінны несці гэты дар як паходню, несці ў свае сем’і, да дзяцей у школы”.
    Генеральны Консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч каля шасці гадоў працаваў настаўнікам, таму тэма настаўніцтва для яго таксама блізкая: “Я працаваў акурат у тыя часы, якія былі вельмі важнымі для Польшчы – пачатак васьмідзесятых гадоў. Калі вы тут гаворыце пра стварэнне душпастырства настаўнікаў, я згадваю сваё настаўніцтва на пачатку васьмідзесятых – час, на які прыпадае рух “Салідарнасць”, калі таксама назіралася вялізнае ажыўленне дзейнасці настаўнікаў. Бадай тады быў пачатак душпастырства настаўнікаў у Польшчы, за якім асабліва пільна назіралі ўлады. Прафесійнае душпастырства, мне падаецца, гэта адна з будучых сфер дзейнасці Касцёла. Гэта сяганне да прафесійных груп, да людзей, якія маюць падобныя зацікаўленасці, прафесіі. Напэўна, гэта будзе адной з будучых задач нашага Касцёла. Магчымасць свабоднай дыскусіі, дадатковай адукацыі, абмеркавання таго, што важна. Для чалавека гэта як бы асобнае грамадства, бо настаўнік найперш фарміруе новае грамадства”.
    На сённяшні дзень Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў наведвае каля шасцідзесяці чалавек. Людміла Гапонік лічыць гэтыя сустрэчы вельмі важнымі для ўсіх удзельнікаў: “Я думаю, што наша душпастырства вельмі дапамагае нам у працы. Прынамсі таму, што часам можна стрымаць свае эмоцыі, не зрабіць таго, што хацелася зрабіць, не сказаць таго, што хацелася сказаць, бо мы гаворым на шматлікія тэмы, вельмі блізкія да школы. І гэта нам дапамагае ў жыцці”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.