ГРОДНА
Субота,
28 студзеня
2023 года
 

Касцёлы ў Вялікай Бераставіцы

Парафіі і святыні

Касцёл  Перамянення ПанаДэканат Вялікая Бераставіца
Першыя пісьмовыя звесткі аб існаванні драўлянага каталіцкага касцёла ў Вялікай Бераставіцы адносяцца да 1495 г. Мураваны касцёл у Вялікай Бераставіцы быў заснаваны ў 1615 г. Падчас рэпрэсій пасля паўстання 1863 – 1864 гг. каталіцкая парафія была скасавана і адрадзілася толькі пасля імператарскага Маніфеста 1905 г., які дараваў грамадзянскія свабоды. У часы ІІ Рэчы Паспалітай у Вялікай Бераставіцы дзейнічалі дзве каталіцкія парафіі. У савецкі перыяд каталікі пасёлка засталіся ўвогуле без святыні, затое абодва касцёлы былі прызнаны помнікамі архітэктуры. Вялікабераставіцкая парафія адрадзілася толькі ў 1989 г.

   Касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

    Драўляны касцёл тут быў заснаваны па фундацыі віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча ў 1615 г. Ён быў асвечаны віленскім біскупам Бенедыктам Войнам пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны комплекс згарэў падчас пажару ў 1741 г., пасля чаго па фундацыі кракаўскага кашталяна Юрыя Мнішака (+1747 г.) пачалося будаўніцтва мураванага крыжападобнага ў плане касцёла ў стылі сталага барока. У касцёле па-асабліваму ўшаноўваўся абраз святых Анёлаў-ахоўнікаў пэндзля вядомага мастака Францішка Смуглевіча (1797 – 1807 гг.). У крыпце касцёла было пахавана сэрца Я. К. Хадкевіча (1560 – 1621 гг.), гетмана ВКЛ і віленскага ваяводы.
    Старажытны касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі – велічная трохнававая барочная базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і дзвюма сакрыстыямі. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле была адчынена парафіяльная школа. У 1741 г. Юрый і Амелія Мнішкі зафундавалі таксама шпіталь, які яшчэ дзейнічаў у 1853 г. З пачатку ХIХ ст. на мясцовых парафіяльных могілках дзейнічала таксама драўляная капліца – выцягнутая па падоўжанай восі васьмігранная ратонда. Калі парафія ў Вялікай Бераставіцы была скасавана (1866 – 1907 гг.), капліцу далучылі да парафіі Вялікія Эйсманты. Да вялікабераставіцкай парафіі з ХIХ ст. належаў філіяльны касцёл у Рудаве (цяпер Польшча). Акрамя гэтага, існавала таксама капліца ў палацы ў самой Вялікай Бераставіцы.
    Цяжкія выпрабаванні пасля задушэння паўстання 1863 – 1864 гг. не абмінулі і вялікабераставіцкую парафію. У 1866 г. касцёл быў зачынены царскімі ўладамі і перароблены пад праваслаўную Свята-Успенскую царкву. Над сяродкрыжжам святыні быў узведзены драўляны барабан з цыбулепадобным купалам.
    У 1920 г. будынак старажытнага касцёла быў вернуты каталікам. Пры ім была ўтворана парафія. У 1963 г. касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі. Будынак выкарыстоўваўся для розных гаспадарчых патрэб і з часам разбурыўся. Касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння, але гэта не палепшыла яго стану.
    У касцёле змяшчаўся склад РАЙПА. У 1992 г. падчас пажару згарэў дах касцёла і абрушыліся скляпенні. З таго часу і па сённяшні дзень у самым цэнтры раённага цэнтра ўзвышаюцца велічныя руіны былой святыні. Вядуцца размовы аб аднаўленні рэстаўрацыі, але пакуль безвынікова.
   
    Касцёл Перамянення Пана
    Застаўшыся ў 1866 г. без святыні, вернікі з Вялікай Бераставіцы амаль паўстагоддзя змагаліся за права мець уласны касцёл. Толькі 12 чэрвеня 1907 г. граф Касакоўскі атрымаў дазвол пабудаваць на ўласнай зямлі за свае грошы новы касцёл. Граф Юзаф Касакоўскі і яго жонка Марыя з Хадкевічаў пры дапамозе парафіян пачалі будаваць касцёл у 1908 г. Святыня ўзводзілася ў стылі несапраўднай готыкі з атынкаванай цэглы і бутавага каменню паводле праекта гродзенскага губернскага інжынера Плотнікава. Вуглавы камень быў асвечаны 24 чэрвеня 1909 г. 30 верасня 1912 г. інспекцыйная камісія пацвердзіла заканчэнне будаўніцтва. 2 кастрычніка гэтага ж года святыню ўрачыста асвяціў гродзенскі дзекан кс. Юліюш Алоіз Элерт. Першым пробашчам касцёла быў кс. Адольф Міхневіч (1908 – 1910 гг.), пасля яго, да 1912 г., – кс. Станіслаў Клім, у 1912 – 1920 гг. – кс. Людвіг Бісікерскі (+1920 г.).
    Святыня прамавугольная ў плане з пяціграннай апсідай. Галоўны фасад пазначаны трох’яруснай шатровай вежай-званіцай, на якой размешчаны 3 званы.
    Інтэр’ер, падзелены на тры навы дзвюма парамі апор, упрыгожваюць тры алтары. У галоўным разьбяным неабарочным алтары раней было змешчана Укрыжаванне, цяпер тут знаходзіцца фігура Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, акружаная фігурамі святых Антонія і Францішка (створана мясцовым майстрам Генрыхам Раманчыкам у 1990-я гг.). Злева ад прэзбітэрыя знаходзіцца капліца Найсвяцейшай Панны Марыі, у неагатычным алтары якой змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай. У правым бакавым алтары спачатку знаходзіўся тытульны абраз Перамянення Пана, але ў 1930-я гг. ён быў змешчаны над галоўным алтаром, а яго месца заняў абраз св. Юзафа. У нартэксе знаходзіцца велічнае барочнае Укрыжаванне са старога касцёла. Над нартэксам зроблены невялікі балкон арганных хораў, дзе быў усталяваны 16-галосны арган. У 1913 г. касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай. Побач была пабудавана плябанія – аднапавярховы каменны атынкаваны будынак з мезанінам.
    Пасляваенныя рэпрэсіі савецкіх улад у адносінах да вернікаў не абмінулі і Вялікую Бераставіцу. 17 чэрвеня 1965 г. касцёл Перамянення Пана быў зачынены. Улады абяцалі прыстасаваць святыню пад спартзалу, але абяцанне так і не было выканана. Будынак спачатку выкарыстоўваўся як збожжасховішча, а потым увогуле як прыёмны пункт шклатары. Тым не менш, у 1970-х гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры.
    На працягу пэўнага часу вернікі збіраліся каля струхлелай капліцы на могілках. Там жа, каля капліцы, парафіяне перапахавалі кс. Бісікерскага (+1920 г.). Але і гэтую святыню не пашкадаваў лёс: капліца згарэла ў 1976 г. За тры гады да пажару 26-я экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея вывезла ў Мінск больш-менш каштоўныя рэчы з капліцы, у тым ліку і разьбяную фігуру св. Фелікса (XVIII ст.). На месцы алтара капліцы вернікі ўсталявалі крыж.
    Толькі 5 мая 1989 г. каталіцкая супольнасць у Вялікай Бераставіцы была ізноў зарэгістравана. 26 мая таго ж года парафіянам вярнулі будынак касцёла і 7 ліпеня ў ім прайшла першая святая Імша. Яе цэлебраваў а. Казімір Жыліс, які прыклаў шмат намаганняў для таго, каб вярнуць касцёл вернікам, а потым адрамантаваць яго. З ініцыятывы а. Казіміра кс. Альгірдас Паулікас прывёз фігуру Сэрца Езуса і наставу для галоўнага алтара. У 1990 г. з Літвы быў прывезены новы галоўны алтар, а 10 лістапада 1991 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч кансэкраваў касцёл пад гістарычным тытулам Перамянення Пана.
    Тагачасны пробашч парафіі кс. Андрэй Казлоўскі ў 2004 г. дабіўся звароту разбуранага будынка былой плябаніі. Наступным пробашчам стаў кс. Вальдэмар Слота, які ў 2006 г. распачаў рамонт плябаніі і будынка касцёла. У касцёле з’явіліся новыя вокны, а ў прэзбітэрыі – вітражы з выявамі святых апосталаў Пятра і Паўла. Быў таксама куплены новы арган. У будынку плябаніі цяпер знаходзяцца памяшканні для катэхетычных заняткаў і сумесных сустрэч дзяцей, моладзі і міністрантаў. Праз год вернікі Вялікай Бераставіцы будуць святкаваць 100-годдзе пабудовы касцёла Перамянення Пана і 517-ю гадавіну існавання парафіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  338

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.