ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Скарбы пірата

Дзіцячы куточак

У сваім пакоі Міхась часта любіў размаўляць з цацкай слонікам. Вось і сёння, пачуўшы ад мамы дзіўныя словы пра тое, што сапраўднае багацце знаходзіцца ў чалавечым сэрцы, ён узяў на рукі свайго слоніка і звярнуўся да яго:
    – Ты не ведаеш, слонік, чаму дарослыя часам выдумляюць усялякае глупства і прымушаюць дзяцей верыць у гэта? Сёння мама сказала мне, што ўсе багацці і скарбы чалавека знаходзяцца ў яго сэрцы. Яна, напэўна, лічыць, што я яшчэ маленькі і не ведаю, што такое скарб. Памятаеш, слонік, мы з табой мультфільм пра піратаў разам глядзелі? Там адзін пірат доўга шукаў скарбы, а потым знайшоў куфар з золатам і каштоўнасцямі. Не памятаеш? Гэты пірат яшчэ ўвесь час песеньку спяваў:
   “Ого-го, эге-ге, гэй, вы, цені на сцяне, мне вашы скарбы патрэбны, а вам я аддам свае...”
    Не паспеў Міхась даспяваць песеньку пірата да канца, як раптам пачуў за спіной хрыплы ціхі голас: “Правільна, правільна думаеш”.
Міхась азірнуўся і ўбачыў на сцяне істоту з чорнага дыму, вельмі падобную да ценю. Хлопчык спужаўся, хацеў закрычаць і паклікаць маму, але ад страху страціў голас і не змог сказаць ніводнага слова.
    – Не бойся, Міхаська, я цень таго самага пірата з мультфільма. Ты праспяваў маю песеньку, і я хачу памяняцца з табой скарбамі. Я табе дам сапраўдныя скарбы, а ты мне несапраўдныя – тыя, што ў тваім сэрцы.
    Міхасёў страх вельмі хутка прайшоў, і ён спытаўся у цені:
    – А якія ж у мяне ў сэрцы скарбы?
    – Радасць, каханне, дабрыня і шмат іншых, – прашаптаў цень.
    “Ды якія ж гэта скарбы? Трэба мне з ценем хутчэй памяняцца, пакуль ён не перадумаў”, – вырашыў хлопчык.
    – Калі я табе аддам радасць, то атрымаю ўзамен цацкі?
    – Ты будзеш мець любыя цацкі, якія толькі пажадаеш.
    “Вось і добра”, – падумаў Міхась і адразу ж захацеў мяняцца.
    – Але спачатку, – сказаў цень, – ты павінен паўтарыць за мной песеньку: “Ого-го, эге-ге, радасць мне не патрэбна, я хачу шмат цацак”.
    Міхась слова ў слова паўтарыў гэта, і цень пірата знік разам з Міхасёвай радасцю.
    Міхась даўно ўжо марыў пра вялікую машыну. Толькі ён пра яе падумаў, як яна тут жа з’явілася ў яго ў руках. Але чамусьці пры гэтым Міхась не адчуў аніякай радасці. Як быццам бы ў яго ў руках з’явілася не цацка, а нешта зусім непатрэбнае.
   Хлопчык пачаў гуляцца, але радасці ў яго аніякай не было.
    Выйшаў Міхась на двор пагуляць, але ізноў – аніякай радасці, пачаставалі яго цукеркай – ізноў нічога. Толькі пад вечар Міхасю стала ясна, што ён нарабіў. Ён зразумеў, што яго ўжо ніколі нішто не будзе радаваць. Вярнуўся ён дахаты зусім сумны, зайшоў у свой пакой і вырашыў паўтарыць песеньку пірата з мультфільма:
    – Ого-го, эге-ге, гэй, вы, цені на сцяне, мне вашы скарбы не патрэбны, а вам я аддам свае.
    Толькі ён праспяваў апошняе слова, як ізноў на сцяне з’явіўся цень пірата.
    – Ну што, Міхаська, яшчэ якімі-небудзь скарбамі жадаеш памяняцца?
    Цень выглядаў вельмі радасным і задаволеным.
    – Я хачу вярнуць сваю радасць, а цацак мне ўжо не хочацца.
    – Хітранькі ты, Міхаська, – усміхнуўся цень. – Мы з табой ужо памяняліся, а назад мяняцца нельга. Калі хочаш памяняцца, то давай мне і любоў, і дабрыню, а я табе радасць вярну, а яшчэ дам чароўны пірацкі куфар, у якім грошы і каштоўнасці ніколі не скончацца. Згодзен?
    Міхась падумаў, што лепш без любві і дабрыні ўсё жыццё пражыць, чым без радасці. А калі ў дадатак грошы з каштоўнасцямі прапануюць, то гэта нават і лепш. За грошы не толькі цацкі, але і цэлую гару цукерак купіць можна.
    Міхась згадзіўся і стаў паўтараць услед за ценем чароўную песеньку: “Ого-го, эге-ге, гэй, ні каханне, ні дабрыня мне больш не патрэбны, а ты, радасць, вяртайся хутчэй”.
    Толькі ён так праспяваў, як ізноў стаў усміхацца, таму што адчуў у сваім сэрцы радасць. А цень з яго любоўю і дабрынёй стаў святлець і неўзабаве зусім знік са сцяны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.