ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Блаславі нас, Божа...

З жыцця Касцёла

XXII акадэмічны год у Вышэйшай духоўнай семінарыі
10 верасня ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі быў урачыста распачаты чарговы, дваццаць другі, акадэмічны год. Падчас урачыстасці ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў заліковыя кніжкі шасці кандыдатам на першы год, а алюмны трэцяга курса на святой Імшы ў капліцы семінарыі прайшлі цырымонію аблучынаў: упершыню апранулі сутаны.

    Вітаючы першакурснікаў, ксёндз біскуп падкрэсліў, што “ўрачысты пачатак новага акадэмічнага года – гэта важная гістарычная падзея, якая, дзякуючы Божай волі, назаўсёды ўпісваецца ў жыццё каталіцкага Касцёла, бо аблічча нашых вернікаў, аблічча Касцёла ў Беларусі вельмі моцна залежыць ад фармацыі алюмнаў, а пазней ад іх удзелу ўжо як Хрыстовых святароў у пастырскім служэнні”.

У прывітальнай прамове кс. бп Аляксандр згадаў таксама блаславёнага Яна Паўла II, які ў сваёй Апостальскай адгартацыі “Pasteres dabo Vobis” пісаў аб чатырох вымярэннях падрыхтоўкі клерыка да святарства: перш за ўсё – духоўная фармацыя, але таксама і інтэлектуальная, і душпастырская, і чалавечая. Ксёндз біскуп падкрэсліў важнасць усіх гэтых вымярэнняў, адзначыўшы, што адкрытасць на такую фармацыю ў семінарыі ў пэўным сэнсе з’яўляецца іконай святара па ўзоры Сэрца Езуса.

    “Свет сёння патрабуе вас, – звярнуўся да семінарыстаў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Ён патрабуе выдатных, святых святароў, ён патрабуе вашай святасці і вашага аўтэнтычнага хрысціянскага сведчання. Таму што відаць, што людзі XXI стагоддзя больш ахвотна слухаюць сведкаў, чым тых, хто павучае, і больш падатлівы на жывы прыклад, чым на слова”.

    Ксёндз рэктар Юзаф Станеўскі, вітаючы першакурснікаў, заўважыў: “Мы ведаем трывогу вашага сэрца”. І падкрэсліў важнасць любові на шляху да святарскага паклікання: “Мы знайшлі Езуса, а дакладней, Ён знайшоў нас. Таму чым больш мы дазваляем, каб гэтая любоў закранула нас у нашым сакраментальным, малітоўным, навуковым жыцці і ў вольным часе, тым больш мы здольны зразумець, што фактычна знайшлі сапраўдную жамчужыну. Усё іншае не лічыцца. Усё з’яўляецца важным настолькі, наколькі гэта дар любові Бога. Калі я трываю ў гэтай любові, то я сапраўды багаты”.

    Ксёндз віцэ-рэктар Юрый Павайба пасля прывітальнай прамовы ўзгадаў найважнейшыя падзеі мінулага акадэмічнага года, у якім Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя адзначала сваё 20-годдзе. Ён адзначыў: “Адным з самых яркіх момантаў для семінарыстаў стала пілігрымка падзякі ў Рым, якой і распачаўся мінулы навучальны год у Гродзенскай ВДС. У час гэтай пілігрымкі клерыкі з цяперашняга чацвёртага курса падчас святой Імшы пры Папскіх магілах прайшлі цырымонію аблучынаў. Акрамя гэтага, нам пашчасціла памаліцца каля магілы бласлаўлёнага Яна Паўла II, а таксама прыняць удзел у генеральнай аўдыенцыі Святога айца Бенедыкта ХVI, падчас якой мы атрымалі папскае бласлаўленне”.

    Ксёндз віцэ-рэктар нагадаў, што пра інтэлектуальнае і духоўнае развіццё алюмнаў дбаюць 28 выкладчыкаў, 10 з якіх прыязджаюць з розных куткоў дыяцэзіі, а іншыя жывуць на тэрыторыі семінарыі або па суседстве, і ад імя семінарыйнай супольнасці падзякаваў выкладчыкам за іх працу і самаадданасць.

    Напрыканцы ўрачыстасці ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў заліковыя кніжкі і студэнцкія білеты шасці першакурснікам: Раману Вайцяховічу (пар. Божай Міласэрнасці, Гродна-Вішнявец), Валерыю Каралю (пар. Яна Хрысціцеля, Воўпа), Андрэю Коўшуку (пар. Святога Францішка Асізскага, Свіслач), Эрнэсту Мікалайчыку (пар. Узвышэння Святога Крыжа, Ліда-Фара), Алегу Пшэцінскаму (пар. Найсвяцейшай Троіцы, Зэльва) і Эдварду Шыгелю (пар. Святога Юды Тадэвуша, Прывалкі).

    Валерый Кароль, які выступіў са словамі падзякі ад імя ўсіх першакурснікаў, марыць стаць сапраўдным святаром: “Як і кожны алюмн, я хачу стаць сапраўдным святаром. Гэта значыць такім, які можа забыць пра самога сябе, але пра Бога памятае заўсёды; памятае пра тое, што ён патрэбны людзям”.

    На заканчэнне ўрачыстасці прысутныя традыцыйна праспявалі студэнцкі гімн “Gaudeamus”.

    Наступнай важнай часткай цырымоніі стала св. Імша ў семінарыйнай капліцы, на якой семінарысты трэцяга курса прайшлі ўрачысты абрад аблучынаў. Падчас яго алюмны ўпершыню апранулі сутаны, якія ў час св. Імшы асвяціў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

    Цырымонія аблучынаў – гэта першы крок у жыцці студэнта-семінарыста на шляху да святарства. У гэты час алюмны заканчваюць цыкл вывучэння філасофскіх навук і распачынаюць знаёмства з тэалагічнымі дысцыплінамі. Аднак тое, што малады чалавек апрануў сутану, яшчэ не азначае, што ён стаў духоўнай асобай. Гэта толькі знешняя праява намеру, які мае ў сэрцы будучы святар. Праз год семінарысты пройдуць абрад лектарату, пасля – акалітату, а яшчэ пазней – кандыдатуры, падчас якога публічна абвесцяць Касцёлу, што знаходзяцца на правільным, свядома абраным шляху, і ў хуткім часе будуць асвечаны на дыяканаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.