ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сагрэтыя Божай ласкай, або ўдзел у 26-х Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе

На шляху да святасці

кс. Антоні Грэмза– Ксёндз Антоні, якія па ліку гэта былі Сусветныя дні моладзі, у якіх Вы прынялі ўдзел?
   – Гэта былі другія Сусветныя дні моладзі, якія я перажываў разам з моладдзю ўсяго свету. Першыя Дні моладзі, у якіх я ўдзельнічаў, прайшлі ў Кёльне ў 2005 годзе. Тады я таксама быў галоўным каардынатарам пілігрымкі нашай моладзі.

    – Колькі чалавек з нашай дыяцэзіі прыняло ўдзел у СДМ у Мадрыдзе? Раскажыце, калі ласка, аб пілігрымах у Іспанію.
    – Наша дыяцэзіяльная група налічвала каля 300 чалавек, акрамя гэтага, былі таксама групы францішканскай і сэрцанскай моладзі. У Мадрыд выязджала 6 аўтобусаў, у кожным з якіх быў адказны святар ці клерык. Моладзь паходзіла з розных куткоў нашай дыяцэзіі. Жадаючых паехаць у Мадрыд было значна больш, але, на жаль, не ўсе маглі прыняць удзел у пілігрымцы.

   – Ці была нейкая спецыяльная падрыхтоўка да гэтых Дзён моладзі?
    – У Беларусі кожная дыяцэзія мае свае Дні моладзі. Яны вельмі неабходны. Сёлетнія Дні моладзі ў Воранаве мы перажывалі ў духу падрыхтоўкі. Моладзь хоча быць разам, а Касцёл з’яўляецца для яе месцам супольных спатканняў з Богам. Дзякуючы гэтай супольнасці, моладзь вучыцца сваёй веры і радуецца хрысціянскаму адзінству. Сёлетняя сустрэча ў Воранаве праходзіла таксама для тых, хто не мог прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Іспаніі. Акрамя таго, у Гродне, Лідзе і Шчучыне моладзь, якая збіралася ў Мадрыд, удзельнічала ў катэхэзах на тэму Дзён моладзі. Моладзь з Акадэмічнага душпастырства OPEN і з гродзенскіх парафій прымала актыўны ўдзел у арганізацыі нашай паездкі.

   – Хто ўдзельнічаў у СДМ у Мадрыдзе?
    – У СДМ прыняла ўдзел моладзь, якая актыўна ўдзельнічае ў жыцці сваёй парафіі або належыць да Акадэмічнага душпастырства OPEN. Амаль усе члены нашай групы ўдзельнічалі ў Сусветных днях моладзі ўпершыню. Бацькі некаторых з іх калісьці прымалі ўдзел у Сустрэчы моладзі ў Чанстахове ў 1991 годзе. Моладзь разумее свае абавязкі і адказнасць за Касцёл, прымае актыўны ўдзел у яго жыцці, дапамагае хворым, дзецям, а таксама ўдзельнічае ў каталіцкіх акцыях, звязаных з рэлігійным жыццём.

    – Як распачалася ваша пілігрымка?
    – У нядзелю, 7 жніўня, пасля св. Імшы, якую ўзначальваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, з Гродна выехала адна група. Адвагі, каб вырушыць у пілігрымку, нам дадалі словы кс. Паўла Салабуды, абвешчаныя падчас казання. Ксёндз біскуп заахвоціў кожнага з нас даваць сведчанне веры, а таксама папрасіў маліцца за наш Гродзенскі Касцёл. Пастыр дыяцэзіі блаславіў нас на шчаслівую дарогу.

    – Іспанія знаходзіцца вельмі далёка. Колькі дзён доўжылася падарожжа?
    – У дарозе мы правялі тры дні. Мелі два начлегі. Спачатку нялёгка было прызвычаіцца да клімату Іспаніі. Першым нашым месцам побыту стала Валенсія, якая знаходзіцца амаль над Міжземным морам. Нас сардэчна прымалі жыхары суседняга горада Лірыя. Сустрэў нас мэр горада. На павітальным вечары іграў моладзевы аркестр, былі феерверкі. Усе былі вельмі рады.

   – Перад галоўнымі сустрэчамі ў Мадрыдзе адбыліся падрыхтоўчыя сустрэчы. Якія ўражанні яны выклікалі ў Вас і моладзі?
    –У нас было шмат уражанняў ад сустрэч з іспанскай моладдзю. Нас уразіла іх імпульсіўнасць і радасць. Сустрэчы ў іспанскіх дыяцэзіях далі нам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурай і звычаямі Іспаніі. Мы кожны дзень ездзілі ў Валенсію на супольныя сустрэчы з моладдзю з іншых краін. Вельмі шмат уражанняў засталося пасля побыту ў Лірыі, але найбольшыя ўражанні чакалі нас у Мадрыдзе, дзе сабралася каля 2 мільёнаў людзей з усяго свету. Памяць аб гэтым застанецца надоўга.

    – Што засталося ў сэрцы? Радасць ад сустрэчы з моладдзю і Святым Айцом ці гарачы клімат і не заўсёды зручныя ўмовы?
    – На палявыя ўмовы, у якіх мы жылі, ніхто не звяртаў увагі. Мы начавалі ў вялікіх залах і на двары, таму што было вельмі горача. Аднак мы хутка прызвычаіліся да гэтай тэмпературы, бо спякота ў Іспаніі адчуваецца не так, як у нас. Да таго ж, гэты гарачы клімат паўплываў на наш стан духу. Мы цешыліся, што разам з моладдзю ўсяго свету складалі адну вялікую сям’ю вернікаў. Гэта было незвычайна, што ўсе маладыя людзі – на вуліцы ці ў метро – адначасова, праз усмешку і размовы, аб’ядналіся ў адным духу адкрытасці адзін да аднаго.

    – Чым спадабаўся Мадрыд?

    – Выдатнай духоўнай атмасферай. Сустрэчамі, канцэртамі, супольнай малітвай, экскурсіямі, якіх было шмат. Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб мы маглі бясплатна наведаць усе музеі і галоўныя помнікі Мадрыда. У гэтым нам дапамаглі цудоўна падрыхтаваныя турыстычныя даведнікі. Сродкамі камунікацыі мы таксама карысталіся бясплатна. Мы адпачывалі, захапляючыся прыгажосцю мастацтва і культуры Мадрыда.

    – Раскажыце, калі ласка, пра сустрэчу са Святым Айцом.
    – Найважнейшымі момантамі СДМ былі прывітальная цырымонія Святога Айца Бенедыкта ХVI і св. Імша на адкрыццё Сусветных дзён моладзі на плошчы Сібелес. З усіх вуліц горада на цэнтральную плошчу Мадрыда збіралася моладзь, каб у гэты час быць са Святым Айцом. Менавіта тады можна было ўбачыць, як шмат моладзі было на сустрэчы. Тыя, хто не мог трапіць на плошчу, маглі ўбачыць усё на тэлебімах. Дух урачыстасці і радасці перадаваўся ўсім: “Святы Айцец разам з намі”. Чуліся ўзнёслыя воклічы на іспанскай мове: “Мы – моладзь Папы!”

   – Падчас сустрэчы з моладдзю Папа заўсёды адпраўляе Крыжовы шлях. Якія пачуцці спадарожнічалі Вам падчас гэтага набажэнства?
    – Так, Крыжовы шлях быў важнай часткай СДМ. Мы сабраліся ў цэнтры горада. Былі падрыхтаваны спецыяльныя фігуры, якія прадстаўлялі сцэны Крыжовага шляху. Іх прывезлі з розных касцёлаў Іспаніі. Моладзь з розных кантынентаў чытала спецыяльныя тэксты-разважанні, прысвечаныя сучасным праблемам, якія мы перажываем – напрыклад, аб пакутах нявінных і безабаронных, аб эксплуатаваных. Гэтыя тэксты былі штуршком да захавання чуллівасці сэрца ў адносінах да таго, што найбольш пагражае сучаснаму чалавеку.

    – Ці шукала моладзь нашай дыяцэзіі магчымасць, каб як мага бліжэй убачыць Святога Айца?
    – Значная частка нашай моладзі ўпершыню так блізка бачыла Папу. Была вялікая радасць, калі хтосьці меў магчымасць сфатаграфавацца з Ім хаця б тады, калі Святы Айцец ехаў у папамабіле. Шмат маладых людзей упершыню ўбачыла Папу так блізка каля сябе. Для многіх гэта было ўзнёслым перажываннем. Варта было пачакаць некалькі гадзін толькі для адной той хвіліны, калі Святы Айцец удзяліў з папамабіля сваё блаславенне.

    – Ці ўсе ў Іспаніі былі рады прыезду Святога Айца?
    – Моладзь мела магчымасць убачыць, як іспанцы рэагуюць на прыезд Папы. Безумоўна, сярод тых, хто радасна Яго вітаў, найбольш было адданых Касцёлу і Святому Айцу, якія радаваліся прыезду Галавы Каталіцкага Касцёла. Тых, хто выказваў сваё негатыўнае стаўленне да Касцёла, Папы і моладзі, было менш.
    Неабходна адзначыць, што гэта былі першыя Дні моладзі, якія фінансаваліся са сродкаў іспанскага Касцёла, розных фірм і прыватных спонсараў. Горад і краіна не панеслі фінансавых страт, наадварот – прыдбалі мноства маладых людзей. За дзень на прыезду Папы адбылася маніфестацыя, згоду на якую даў мэр Мадрыда. Нам быў неабходны гэты вопыт. Наша моладзь убачыла, што ў іспанскім грамадстве не ўсё добра, што яно паволі губляе свае хрысціянскія карані. Мы дзякавалі Богу за тое, што маем такія моцныя карані веры і вялікі давер да Папы. Мы таксама задумаліся над тым, як бы мы прымалі Папу ў Беларусі.

    – Раскажыце, калі ласка, пра апошнія моманты СДМ.
    – На заканчэнне сустрэчы, ноччу з 20 на 21 жніўня, адбыліся чуванне і св. Імша. Начное чуванне, якое ўзначальваў Святы Айцец, зрабіла вялізнае ўражанне на моладзь. Калі Папа распачаў сваю прамову, узняўся моцны вецер, бліскалі маланкі, ліў дождж. Аднак моладзь засталася. Была поўная радасці, спявала і танцавала пад дажджом. Гэта было непаўторна. Праз 20 хвілін вецер сціх, і чуванне працягвалася далей. Святы Айцец прамаўляў да моладзі на розных мовах. Вялікай радасцю было для нас, калі Святы Айцец прамовіў па-польску. Святая Імша ў 9.30 мела для нас вялікае значэнне: у ёй прыняло ўдзел каля 2 мільёнаў людзей і каля 12 тысяч ксяндзоў. Я меў магчымасць быць разам са святарамі каля алтара. Знізу я ўглядаўся ў Святога Айца, які ўзначальваў літургію. Падчас гэтай св. Імшы Святы Айцец звярнуўся да моладзі са сваім пасланнем. Ён заклікаў, каб у гэтым свеце, які перажывае розныя крызісы, маладыя людзі былі перш за ўсё сведкамі Хрыста і мелі моцна ўкаранёную ў Хрысце веру. Мы таксама бачылі, якая вялізная радасць запанавала сярод ксяндзоў і моладзі з Лацінскай Амерыкі, калі яны пачулі, дзе адбудуцца наступныя Сусветныя дні моладзі ў 2013 годзе. Гэта будзе Бразілія.

    – Ці сустрэча ў Мадрыдзе ўзбагаціла нашу моладзь?
    – Так, дзякуючы гэтай сустрэчы з моладдзю ўсяго свету мы ўзбагаціліся духоўна і інтэлектуальна. Пашырылі свае веды пра Касцёл, які з’яўляецца Паўсюдным. Словы падзякі ад імя гродзенскай групы я выказваю нашаму мітрапаліту кс. абп. Тадэвушу Кандрусевічу, які для моладзі з Беларусі на працягу трох дзён праводзіў у Мадрыдзе спецыяльныя катэхэзы на тэму веры. Яны былі крыніцай духоўнага абагачэння і выпрацоўкі хрысціянскага погляду на праблемы, з якімі сёння сустракаецца малады чалавек.

    – Што яшчэ засталося ў памяці з гэтай доўгай і цяжкай пілігрымкі ў Іспанію?

    – Перажываючы Дні моладзі, мы таксама маглі наведаць розныя святыя месцы і вельмі важныя для хрысціянскай культуры Еўропы гістарычныя помнікі. Акрамя Валенсіі, мы былі таксама ў Вене, Таледа, Мюнхене і іншых гарадах. Па дарозе мы затрымаліся ў Арс у Францыі, дзе служыў і памёр св. Ян Марыя Віянэй. Перад яго рэліквіямі мы маліліся за нашу дыяцэзію. Дадому мы вярнуліся стомленыя, але поўныя ўражанняў і пазітыўнага настрою. Можна сказаць, што мы былі сагрэты не толькі іспанскім сонцам, але і Божай ласкай Сусветнай сустрэчы ў Мадрыдзе, якая будзе дадаваць нам сілы ў далейшым жыцці.

Дарагая моладзь, уважліва слухайце словы Пана, каб яны былі ў вас «духам і жыццём» (пар. Ян 6,63), каранямі, якія ажыўляюць ваша існаванне, кры­тэрыямі ўчынкаў, якія прыпадабняюць нас да асобы Хрыста: быць убогімі ў духу, прагнуць справядлівасці, міласэрнасці, мець чыстае сэрца, любіць спакой. Рабіце гэта штодня з вытрымкай, як робіце гэта з сапраўдным сябрам, які ніколі не падманвае і з якім мы хочам разам ісці па жыцці. Вы добра ведаеце, што калі мы не ідзём побач з Хрыстом, які вядзе нас, то губляемся на іншых шляхах, хоць бы на тым нашых уласных сляпых і эгаістычных схільнасцей, тых пра­паноў, якія ліслівяць, але з’яўляюцца карыслівымі, хлус­лівымі і змен­лівымі і пакідаюць пасля сябе пустку і фрустрацыю.
   
Фрагмент гаміліі Святога Айца Бенедыкта XVI 18 жніўня 2011

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.