ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Касцёл св. Францішка з Асізі ў Свіслачы

Парафіі і святыні

Дэканат Вялікая Бераставіца
Упершыню ў пісьмовых крыніцах паселішча Свіслач згадваецца ў канцы XV – пачатку XVI ст. як Свіслач Ваўкавыская, вялікакняcкая маёмасць. З 1542 г. яна належала Заслаўскім, з пачатку XVII ст. – Крышпінам, з другой паловы XVIII ст. па 1831 г. – Тышкевічам.
    Касцёл у Свіслачы быў заснаваны прыватнай фундацыяй яшчэ ў 1550 г., але ў часы рэфармацыі ён дзейнічаў як кальвінісцкі збор. Святыня была вернута каталікам у 1630 г. Новы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны ў 1666 г. літоўскім падскарбіем Геранімам Крышпінам. У 1772 г. быў адноўлены тагачаснай уладальніцай маёнтка Тэрэзай Тышкевіч. У 1782 г. яго ізноў аднавіў і аздобіў Вінцэнт Тышкевіч (…1816), тагачасны ўладальнік Свіслачы. Драўляная святыня мела наступныя памеры: 41 локаць даўжыні і 20 локцяў шырыні (прыблізна 26 на 13 м). Двух’ярусная шатровая вежа пазначала ўваходны фасад. Высокі гонтавы дах над алтаром завяршала сігнатурка. Асобна стаяла двух’ярусная чацверыковая званіца з гадзіннікам. Касцёльны ўчастак быў абнесены штакетнай агароджай на цагляных слупках з такой жа ўваходнай брамай.
Да cвіслацкай парафіі ў ХIХ ст. належалі капліцы ў Грынках, Краснай і Рудні. У цэнтры рынкавай плошчы стаяла мураваная “памятная калона” – цагляны і атынкаваны высокі чацверыковы абеліск пад шарам з крыжам. У самой жа Свіслачы па вуліцы Брэсцкай (цяпер вуліца Леніна) з другой паловы ХIХ ст. знаходзілася драўляная капліца Анёла-ахоўніка – ратондападобнае гранёнае збудаванне пад шатровым дахам з глаўкай, якое стаяла паміж дзвюх брам. За горадам, на мясцовых парафіяльных могілках, стаяла мураваная капліца-пахавальня ў стылі класіцызму, у якой была пахавана Юзэфа з Салагубаў, жонка апошняга ўладара Свіслачы, генерала Тадэвуша Тышкевіча. Гэта прамавугольная ў плане з паўкруглай апсідай (за якой быў дабудаваны вулічны сход у крыпту) капліца была пабудавана з каменю і атынкавана. Галоўны фасад завяршала невялікая чацверыковая вежачка. У 1867 г., верагодна, у сувязі з палітыкай царскага ўрада пасля паўстання 1863 г., астанкі Юзэфы былі эксгумаваны і перавезены на Павонзкаўскія могілкі ў Варшаве. На могілках пачалі хаваць сваіх памерлых і праваслаўныя. Таму на пачатку ХХ ст. яшчэ далей па шашы на Бераставіцу каталікі заснавалі новыя парафіяльныя могілкі. У 1941 г. капліцу Тышкевічаў рэканструявалі як праваслаўную Крыжа-Узвышанскую царкву. У савецкі час святыня была зруйнавана, а ў дзевяностых – адбудавана з чырвонай вонкавай цэглы і па-ранейшаму дзейнічае як праваслаўная царква. Але паўкруглая апсіда каталіцкай капліцы і сёння бачна на алтарным фасадзе. Акрамя таго, побач захавалася шмат старажытных каталіцкіх надмагільных помнікаў, а перад паўднёвым фасадам храма засталася нават магіла Віктара Каліноўскага (…1863) і мемарыяльны камень змагарам за незалежнасць краіны.
    Пасля Першай сусветнай вайны капліцы ў Грынках і Рудні ўжо не ўзгадваюцца, затое капліца Святога Анёла-ахоўніка атрымала статус філіяльнага касцёла. У трыццатых гадах у Свіслачы працавалі сёстры Сям'і Марыі, суперыярыса і 4 манахіні. Колькасць вернікаў cвіслацкай парафіі перад Другой сусветнай вайной складала амаль 4000 чалавек.
    13 ліпеня 1943 г. у лесе каля паселішча фашыстамі быў расстраляны пробашч свіслацкага касцёла кс. Юзаф Казлоўскі, доктар кананічнага права, выкладчык Пінскай семінарыі. У гады вайны згарэў парафіяльны касцёл, а філіяльны касцёл Анёла-ахоўніка быў знішчаны пасля вайны. Цяпер на месцы касцёла Найсвяцейшай Тройцы знаходзіцца адміністрацыйны будынак (на скрыжаванні вул. Леніна і Дзяржынскага, каля пл. К. Маркса). Захавалася толькі частка касцёльнай агароджы.
    1 мая 1990 г. парафія ў Свіслачы была перададзена ксяндзом біскупам Тадэвушам Кандрусевічам пад апеку айцоў францішканаў. Першым пробашчам адноўленай пасля доўгага часу панавання атэізму парафіі і будаўніком новага касцёла стаў а. Францішак Навакоўскі. Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы пачалі будаваць у 1991 г. У архітэктуры святыні былі выкарыстаны рысы неагатычнага і неараманскага стыляў. Касцёл быў асвечаны 2 кастрычніка 1994 г. ксяндзом арцыбіскупам Зянонам Грахалеўскім з Рыма. Падчас першай святой Імшы касцёлу надалі тытул св. Францішка з Асізі.
    4 кастрычніка 2004 г. у касцёл быў перанесены з Гродна старажытны абраз св. Францішка ў сярэбраных шатах. У 2005 г. распачаўся грунтоўны рамонт інтэр’ера, які працягваецца да сённяшняга дня.
    Сёння пры касцёле працуюць айцы францішкане. У парафіі дзейнічае хор дарослых, дзіцячы хор і ружанцовыя колы. Зараз пробашчам парафіі св. Францішка з Асізі ў Свіслачы з’яўляецца а. Міраслаў Міклашэвіч.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.