ГРОДНА
Панядзелак,
20 мая
2024 года
 

Мэта + мэта + мэта + … = сэнс жыцця

На шляху да святасці

Штодзень мы ставім мэты. Штодзень іх дасягаем або не дасягаем. Некаторыя з гэтых мэтаў – звыклыя дробязі, іншыя могуць вырашыць лёс.
    Мэта + мэта + мэта + … = сэнс жыцця. Вось такая простая формула, формула штодзённага быцця.
Яшчэ пазаўчора мы былі звычайнымі школьнікамі, якія “працавалі на атэстат”. Сэнс жыцця, невыразна акрэслены, хутчэй вызначаўся бацькамі, чым намі. Учора мы сталі абітурыентамі. Уся ўвага накіроўвалася на ЦТ, на абранне ўніверсітэта і будучай прафесіі. Сёння мы – студэнты. Сёння мы крочым па жыцці самастойна. Бацькі могуць дапамагчы, але больш не могуць засцерагчы і вырашыць наш лёс. Права выбару паўстае на нашым шляху кожны дзень: права вызначэння ўласнага сэнсу жыцця, права веры ці адмаўлення ад яе. Апошняе – гэта страшна.
    Свет складаны. Ён нагадвае бясконцы лабірынт. Мы маладыя. Нам так лёгка заблытацца ў яго калідорах, так лёгка расчаравацца і згубіць уласнае “я”… Але, на вялікае шчасце, заўсёды існуе вышэйшая вера, існуе Касцёл.
    У чым жа бачыць сэнс жыцця сучасная гродзенская моладзь? Чым для яе з’яўляецца рэлігія, Касцёл, Імша? Адказаць на гэтя пытанні мы папрасілі студэнтаў гродзенскага ўніверстэта.

   Вольга:

    Сэнс жыцця – гэта шчасце, якое не перашкаджае іншым людзям. Сэнс жыцця – гэта праца, якая прыносіць карысць, каб не дарма есці хлеб гэтай зямлі. “...Як ён жыў – у імя справы, для справы, дзеля справы, і наколькі пры гэтым не ахвярна, а неяк радасна, весела, цалкам аддаючы сябе сваёй працы…”
    Рэлігія, Касцёл і Імша – важныя элементы майго жыцця. Асабліва ў апошні час штонядзельная св. Імша стала для мяне абавязковай. Я сама адчуваю, калі мне трэба ў касцёл.

    Маргарыта:
    Сэнс майго жыцця ў працы. Дакладней, у кар’ерным росце. Прафесія – гэта адзіная сфера рэалізацыі маіх творчых амбіцый.
    Рэлігія, Касцёл, Імша – для мяне гэта, так сказаць, культурна-гістарычныя аспекты жыцця грамадства. Многія знаходзяць у гэтым суцяшэнне, надзею, сэнс жыцця. Але я да іх не адношуся.

    Аляксандр:
    Як вернік я лічу, што кожнае жыццё мае глыбокі сэнс. Яго сутнасць у тым, каб зразумець Бога, зразумець на ўласным вопыце, што значыць любіць іншых. А яшчэ мы павінны адчуць радасць свабоды. Свабоды, якая вызваляе ад усяго таго, што можа бянтэжыць сэрца.

    Максім:
    Я б увогуле апусціў пытанне пра сэнс жыцця. Яно занадта неабсяжнае і, магчыма, мусіць заставацца ў кожным чалавеку (пытанне не для іншых, толькі для сябе).
    Адпаведна свайму характару і ўнутранай пазіцыі, стаўлюся да рэлігіі складана. Сумленным вернікам пакуль не з'яўляюся.

    Ірына:
    Сэнс жыцця яшчэ не спазнаў ніводзін чалавек на свеце. Для кожнага ён свой. Я жыву дзеля сваіх родных, сяброў, дзеля любага чалавека. Стараюся жыць сумленна, жыць у гармоніі з сабою і з навакольным светам. Канешне, я маю мары, імкнуся да іх.
    Так, я веру ў найвышэйшую сілу, якая вядзе нас па жыцці. Але гэтую сілу кожны абірае сам. Я не веру ў храм як у пасрэдніка паміж чалавекам і Богам. Усявышні заўсёды пачуе нашы малітвы ў душы. Гэта не залежыць ад таго, ці ходзім мы ў царкву і ці ахвяруем на яе грошы. Я лічу, што трэба быць сумленным, дапамагаць людзям, любіць іх – і твой “уласны” Бог будзе задаволены.

    Андрэй:
    З майго пункту гледжання, сэнс жыцця – убачыць Валадарства Нябеснае. Што для гэтага трэба? Калі ўсё пералічваць, то атрымаецца вельмі шмат. Галоўнае – што-дзённая барацьба з грахом, выхаванне моцнай сілы волі. Яшчэ сэнс жыцця ў тым, каб зразумець “свой крыж” і мужна яго несці.

    Аксана:
    Сэнс свайго жыцця я бачу ў дапамозе людзям. Калі дапамагаеш ўсім наўкола, дапамагаеш і сабе. Жыццё ніколі не стаіць на месцы. Таму сэнс – гэта яшчэ і самаўдасканаленне. Можа быць, калі я ствару ўласную сям’ю, мая іерархія каштоўнасцей крыху зменіцца.
    Мой Бог заўсёды са мною. Я веру ў Бога не фанатычна, а папросту. Калі ў мяне здараюцца нейкія няшчасці, я прашу Яго, каб усё было добра. Ён дапамагае, але толькі тады, калі я сапраўды маю патрэбу ў дапамозе.
    Чамусьці прыгадваюцца радкі ўкраінскай песні: “Хіба хтосьці сказаў табе, што будзе лёгка? Ды хіба ты можаш жыць без мэты?” Так, нам не будзе лёгка. Так, без мэты мы не можам. Мэта ёсць сэнс. Сэнс ёсць жыццё. Жыццё ёсць вера.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  225

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.