ГРОДНА
Аўторак,
20 лютага
2024 года
 

Вывучыць яшчэ адну мову: “добрую”

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Не буду хлусіць, калі скажу, што заўсёды рада сустрэчы з Вамі. Бо калі я рыхтую матэрыялы ў рубрыку, то разам з Вамі даведваюся шмат цікавага і карыснага. Разам з Вамі планую справы і раблю нейкія маленькія адкрыцці для сябе. Радкі, паверце, шчырыя.
    Што датычыцца матэрыялаў ліпеньскай рубрыкі, магу толькі сказаць, што пры жаданні Вы можаце вывучыць яшчэ адну мову або паглыбіцца ў чытанне і нават атрымаць ацаленне!
    Зацікавіла? Тады сустрэнемся на ліпеньскім планаванні месяца.

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё сваё цела”
(Як 3, 2).
    Сапраўды, калі чалавек здольны кіраваць сваім словам, ён будзе здольны кіраваць і сваімі дзеяннямі. Бо кіраваць словам цяжэй: яно вылятае вельмі хутка ды яшчэ і не заўсёды тады, калі гэта патрэбна. Дык давайце паразважаем.
  
  Мэта месяца: дапамагчы словам

    Усе мы ведаем, што словам можна суцешыць, паспачуваць, пахваліць, падарыць надзею, а таксама пересцерагчы або нават зберагчы. Дык чаму ж не выкарыстаць такі рэсурс, як язык, і такі сродак, як мова?
    Усё ў Тваім распараджэнні.
    На адным форуме ў Інтэрнеце я прачытала пытанне: “Ці магчыма дапамагчы словам?”. Прыводжу найбольш яркія выказванні. “Слова цывілізацыі будуе, што тут казаць аб нейкай там дапамозе” (Solid T), “Мы так на “хуткай” абвастрэнне гіпертаніі часам лечым. Перахваляваўся чалавек – ціск скокнуў. І перш чым магнезію калоць і эналапрыл з метапралолам пад язык саваць – пагаворым, супакоім, глянеш – і панізіўся ціск. Часта дапамагае” (inCUBE). Робім высновы.
   
   Асоба месяца: Святая Ізабэла (Лізавета) Партугальская

    Нарадзілася Ізабэла каля 1271 г. у Іспаніі. Атрымала ад бацькоў набожнае выхаванне. Ва ўзросце васьмі гадоў ужо пачала пасціць. Калі ёй было дванаццаць, яе аддалі замуж за партугальскага караля Дыянісія. Ён не захоўваў вернасці сваёй жонцы, меў дзяцей па-за шлюбам. Ізабэла ведала аб гэтым, але гаварыла: “Ці трэба да грахоў караля дадаваць яшчэ маю раздражнёнасць? Лепш я даверу свой сум Богу і буду спадзявацца вярнуць мужа каханнем”.
    І сапраўды, калі кароль моцна захварэў, Ізабэла клапацілася пра яго на працягу ўсёй хваробы. Малілася за яго пакаянне. І, на дзіва, перад смерцю кароль пакаяўся.
    Ізабэла была адметная тым, што, маючы статус каралевы, яна даволі проста апраналася, ужывала простую ежу і заставалася простай у зносінах з іншымі. Фінансавала будаўніцтва шпіталяў, дзіцячых дамоў, прытулкаў. Дапамагала матэрыяльна кляштарам і касцёлам. Большую частку сваёй маёмасці яна аддала бедным.
    Калі Ізабэла несла ім міласціну, каралю здавалася, што яна трымае ў руках ружы. Таму на многіх абразах яна паказана менавіта з ружамі.
    Ізабэла памерла 4 ліпеня 1336 г. У той дзень, калі яе мэтай было не дапусціць вайны. Дзеля гэтага яна паехала, каб размаўляць з сынам і яго зяцем, нягледзячы не тое, што ўрачы забаранілі ёй выязджаць у сувязі з цяжкім станам здароўя. І ў сонечны ясны дзень 4 ліпеня яна аддала Богу сваю душу.
    Ізабэла Партугальская была кананізавана ў 1625 г.
   
   Прадмет разважанняў месяца: мова

    Якая яна? Як мы ёю карыстаемся? З пашанаю ці з ганьбай? З вуснаў вылятаюць добрыя словы ці толькі дрэнныя? Калі задумацца, добрым словам можна зрабіць добрую справу. І наадварот.
    Т. Карлейль аднойчы сказаў: “Не будзь рабом слоў”. Ён правільна сказаў, бо трэба ўмець кіраваць сваімі словамі. І толькі.
   
   Справа месяца: паразмаўляць на “добрай мове”

    А што, калі ўвогуле не гаварыць дрэнных слоў? Нават слоў з адценнем гневу, нянавісці або проста раздражнёнасці? Можна паэксперыментаваць. Напрыклад, замест “у мяне сёння дрэнны настрой” сказаць “у мяне сёння нядобры настрой”. Замест “горш ужо і быць не можа” – “магло быць і лепш”. Адчуваеце розніцу?
    У чым жа крыецца сэнс? Ён у тым, што калі вымаўляеш слова, якое мае негатыўнае значэнне, адчуваецца нейкі прысмак гэтага слова. А людзі зараз проста настолькі разбэшчаныя, што ўжо нічога не адчуваюць. Пры слове “гром” у некаторых людзей можа разбалецца галава, а слова “цяжар” прымусіць некаторых згорбіцца.
    Паспрабуй хаця б некаторы час гаварыць толькі добрыя словы. І Ты напэўна адчуеш, як Тваё жыццё зменіцца.
   
   Kніга месяца: “Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё”, Ян Рэчэк

    На першых старонках кнігі можна прачытаць такія словы: “Няхай час чытання стане часам ацалення”. Менавіта такую мэту праследуе аўтар. Ксёндз Ян Рэчэк кажа, што хоча, каб у чытача нарадзілася жаданне ўнутранага ацалення. Яго задача – даць сведчанне і параду.
    Перш чым атрымаць ацаленне, трэба ачысціцца ўнутрана. Але часам гэта не так ужо і проста! У кнізе ксёндз паказвае вытокі праблем, якія замінаюць таму, каб поўнасцю раскрыць сваё сэрца на Бога. Рэальныя жыццёвыя сітуацыі прымушаюць задумацца над сваім жыццём.
    … Хто ж мог ведаць, што продкі маладой сям'і звярталіся да варажбіткі, каб тая прадказала лёс. Гэта пакрыўдзіла Бога, і пара доўга не магла мець дзяцей, пакуль Езус не адкрыў у малітве прычыну, чаму наступныя пакаленні пакутуюць.
    Кніга складаецца з дзвюх частак: “Ацаленне” і “Умацоўвайся ў ласцы”. У кожнай з частак – духоўныя практыкі, прыклады, малітвы, разважанні. Падчас чытання можна ўпэўніцца, што часам Езус адкрывае чалавеку цуды. Яго ж задача – зразумець іх і правільна выкарыстаць.
    Для даведкі: Ян Рэчэк – вядомы ў Польшчы і за яе межамі рэкалекцыяніст.
   
    Песня месяца: “Вядзі мяне, мой Бог”, Стас Міхайлаў

    Думаю, многія згодзяцца са мной, што ў Стаса Міхайлава даволі добрыя песні. Згодзіцца і старэйшае пакаленне, і моладзь. Але менавіта тыя, хто слухае, прыслухоўваецца.
    Адна з яго пранікнёных песень – “Вядзі мяне, мой Бог”. Гэта споведзь чалавека, які разумее, што трэба рабіць, каб Бог быў ласкавы. Чалавек прызнае сваю нікчэмнасць і просіць прабачэння. Яму цяжка, таму ён просіць моцы і сілы. Ён нічога не баіцца, калі ён разам з Богам.
    Найбольш запамінальныя радкі: “Я хацеў быць толькі першым. Нават думаў я, што геній, але я проста грэшны і недарэчны, і я жыву пад гэтым небам…”.
    Для прыхільнікаў творчасці Стаса Міхайлава: 15 чэрвеня спявак выпусціў новы альбом “Толькі ты”.

  А мову вывучыць усё ж пад сілу кожнаму…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  315

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.