ГРОДНА
Панядзелак,
02 снежня 2024 года |
Хлеб жыцця, Цела Хрыста – лякарства несмяротнасці
“Дазвольце і аднаму, і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: “Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно” (Мц 13, 30).
Лета – гэта месяцы зорных начэй і спякотных дзён, але перш за ўсё – “пазалочанага збожжа, пасярэбранага жыта”. Менавіта жніво, час плёну працы земляробаў, якая працягвалася вясной і летам. Час на забеспячэнне нас штодзённым хлебам.
Дарагія міністранты, карыстаючыся нагодай нашай чарговай сустрэчы, я хацеў бы паразмаўляць з Вамі менавіта пра хлеб – пра гэтую такую простую і адначасова неабходную ў нашым жыцці рэч, адначасова параўноўваючы яго са службай міністранта. †
Такім чынам, чым з’ўляецца хлеб?
Хлеб – гэта зямная звычайнасць і разам з тым - постаць Велічы Бога ва Эўхарыстыі. Хлеб – гэта неабходная страва, якая ёсць амаль у кожным доме. Калі няма чаго есці, мы ядзім хлеб. Ён мае просты, нават часам незаўважальны смак, бо хлеб - гэта хлеб. Але мы ведаем, што выпечка хлеба - гэта сур’ёзны і цяжкі працэс. Для міністранта таксама шлях да хрысціянскай сталасці і дасканаласці з’яўляецца цяжкай і сур’ёзнай задачай, якая патрабуе шмат стойкасці і духоўнай загартаванасці і з якой ён стараецца справіцца праз прыклад і паслугу ля алтара.
У чым сэнс хлеба?
Сэнс хлеба – у даступнасці, у адноснай таннасці ці бясплатнасці, незаўважальнасці ў хаосе падзей. Таму, нягледзячы на сваю непрыкметнасць, хлеб будзе заўжды, пакуль будзе чалавек. Гэты самы хлеб ядуць розныя людзі: бедныя і багатыя, сябры і ворагі, блізкія і чужыя, знакамітасці і маргіналіі, уладары і слугі, вернікі і атэісты, святыя і грэшнікі. Гэтак жа і ў міністранцкай службе, таму што міністрант павінен быць заўжды гатовы для свайго Настаўніка, Езуса Хрыста. Служачы ля алтара, ён амаль незаўважальны, але вельмі дапамагае святару падчас св. Імшы і рознага роду набажэнстваў.
Мы бачым, якое вялікае значэнне мае хлеб міністранцкай паслугі. Але цяпер я хацеў бы звярнуць увагу на іншы хлеб, Хлеб Эўхарыстыі – Езуса Хрыста. Хрыстус стаў для нас Хлебам, каб мы маглі падсілкавацца на шляху да хвалебнай вечнасці.
Як карыстаюцца Езусам?
Ці Езус не з'яўляецца тым Хлебам, які ўсе выкідваюць, пакрыты гніллю выгаднага выкарыстання, каб зарабіць на Ім грошы? Кожны чалавек па-свойму ставіцца да Езуса: ад нянавісці, варожасці і ігнаравання - па сяброўства і любоў. Розныя пачуцці да Езуса можа мець і міністрант. Гэта бачна ў яго паводзінах ля алтара, у адносінах з Богам і людзьмі. У кожным чалавеку ёсць Бог, а таму як мы ставімся да іншых людзей, так ставімся і да Хрыста.
У чым заключаецца сэнс Эўхарыстычнага хлеба?
Ён з'ўляецца Хлебам жыцця і душы. Езус ціхі перадаецца не толькі ва Эўхарыстыі ў Сваёй сапраўднай прысутнасці, але таксама праз адорванне нас ласкамі, аб якіх мы не ведаем, якіх не бачым, у якія, можа быць, не верым або не хочам іх заўважыць ці ўбачыць. Тыя, хто Яго не хоча, усё роўна карыстаюцца Ім, Яго дабрынёй і любоўю. Калі б мы заўжды свядома перажывалі Эўхарыстыю, у нас ніколі б не паўставала праблема «прэснай» звычайнасці хлеба.
Таму і вы, дарагія міністранты, знаходзячыся ў найбліжэйшай лучнасці з нашым Панам, Езусам Хрыстом, падчас цуду Эўхарыстыі павінны станавіцца хлебам для іншых людзей, каб яны, падмацоўваючыся вашай дабрынёй, станавіліся бліжэй Бога.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 30 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.