ГРОДНА
Аўторак,
15 кастрычніка 2024 года |
Пасябраваць з часам!
Хвала Хрысту!
Зноў мы сустракаемся на старонках газеты ў рубрыцы “На скрыжаванні”. Пра што цікавае можна даведацца на гэты раз? У нашай чэрвеньскай рубрыцы – добрыя людзі, якія заслугоўваюць увагі, добрая песня, кніга, магчымае планаванне спраў і некалькі радкоў напрыканцы. Што ж, з Богам!
Зноў мы сустракаемся на старонках газеты ў рубрыцы “На скрыжаванні”. Пра што цікавае можна даведацца на гэты раз? У нашай чэрвеньскай рубрыцы – добрыя людзі, якія заслугоўваюць увагі, добрая песня, кніга, магчымае планаванне спраў і некалькі радкоў напрыканцы. Што ж, з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, Якога не бачыць” (1 Ян 4, 20).
Аснова ўсяго – любоў да Бога. У гэтым выказванні – глыбокі сэнс спазнання Усявышняга. Чалавеку амаль заўсёды патрэбны доказы замест даверу да Бога. Няўжо інакш немагчыма?
Калі мы бачым у бліжнім Бога, нам лягчэй жыць. Тады разумееш, дзеля Каго прабачаеш, дапамагаеш, Каму ўсміхаешся, Каму ціснеш руку. Тады і з’яўляецца давер. †
Мэта месяца: пачаць разважаць
Даволі проста? Але не так, як можа здацца на першы погляд. Разважанні – гэта пошук праўды, пошук карыснага, патрэбнага, таго, што цікавіць або яшчэ ў перспектыве. Калі разважаеш, тваё рашэнне напэўна не будзе няправільным. Бо калі ты мудры чалавек, то ў тваёй свядомасці з’явяцца шалі, якія будуць узважваць станоўчыя і адмоўныя бакі. І гэта абавязкова дапаможа прыйсці да праўды.
Прадмет разважанняў месяца: час
Калі ўявіць, што жыццё – гэта куфар, то золата ў ім – гэта час. І зачыніцца куфар тады, калі скарбонка будзе запоўнена багаццем. Не, не золатам, а тым, што паспеў зрабіць чалавек. Ты можаш быць багатым як на добрыя ўчынкі, так і на дрэнныя словы, як на шчырыя малітвы, так і на праклёны. Таму варта не забываць пра тое, што з кожнай хвілінай мы набліжаемся да таго часу, калі куфар зачыніцца. І паспець пакласці туды больш добрага, чым дрэннага, можа не хапіць часу.
Асоба месяца: Св. Паулін міласцівы
Нарадзіўся Паулін у Францыі ў сям’і рымскага сенатара. Атрымаўшы добрую адукацыю, даслужыўся да пасады консула ў адной з абласцей Італіі. Ажаніўся.
Але толькі ва ўзросце 25 год яны з жонкаю прынялі хрышчэнне, пасля чаго сэнс іх жыцця кардынальна змяніўся. Разам з жонкай Тэрэзай яны прадалі сваю маёмасць і раздалі грошы тым, каму яны былі больш патрэбны. Пачалі браць на выхаванне дзяцей-сірот, раздзяляючы з імі веру і любоў.
Затым Паулін стаў святаром. Пасяліўся ў горадзе Нола. У хуткім часе быў абраны на пасаду біскупа наланскага. Яго памятаюць таму, што ён заўсёды спачуваў жабракам, сіротам і ўдовам. І не толькі спачуваў, але і заўсёды дапамагаў ім.
Да нас дайшла такая гісторыя. Калі на Італію напалі вандалы, яны адразу ж пачалі вывозіць палонных у Афрыку. Паулін выкупляў іх за царкоўную маёмасць. Але аднойчы не хапіла сродкаў, каб выратаваць сына адной беднай удавы, і тады Паулін сам пайшоў за яго ў рабства.
Ён працаваў садоўнікам у аднага вандальскага князя. Той любіў паразмаўляць са сваім падданым і заўважыў, што ў яго служыць мудры, добры чалавек. Тады Паулін прызнаўся, што ён біскуп. Князь вырашыў адпусціць яго і сказаў, каб той прасіў, чаго хоча. Паулін скарыстаўся гэтым, і ўсе рабы з яго краіны апынуліся на свабодзе. Такім чынам, ён зрабіў яшчэ адну вялікую справу.
Памёр святы Паулін у 431 годзе, 22 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень яго ўспамінае Каталіцкі Касцёл.
Справа месяца: паклапаціцца аб будучыні
Для пачатку паразважаць, а потым – дзейнічаць. Усё падлічана і падказана.
Што для цябе будучыня? Шчаслівая сям’я? Тады пачні зараз маліць Бога аб тым, каб паслаў табе добрага чалавека, які будзе разам з табою. І рабі ўсё так, каб тваім дзецям у далейшым не было за цябе сорамна. А можа, ты проста не ведаеш, што зрабіць у пятніцу вечарам? Хаця б заплануй, каб не ўцячы ад таго, што хацелася б зрабіць у адпаведны час. Калі ты адказны, то зробіш гэта. І будзе прыемна, што ты здольны давяраць сам сабе.
Kніга месяца: “Рай і праўда ёсць”, Тод Бэрпа і Лін Вінсэнт
Гэтая кніга выйшла вясною 2011 года ў ЗША. І ўжо было продана больш за 3 мільёны экзэмпляраў. Тыраж даволі паспяховы, калі не сказаць ашаламляльны.
Пра што ў ёй апавядаецца? Бацькі расказваюць, што іх чатырохгадовы хлопчык бачыў рай! Цяпер яму 11. Але бацькі адважыліся расказаць аб гэтым толькі цяпер.
Хлопчык кажа, што ў раі ўсё ярка і прыгожа. Там спяваюць анёлы. Яшчэ ён расказаў, што сядзеў на каленях у Езуса. Самае цікавае тое, што ён бачыў на небе сваю сястру! Але не ведаў, што тая памерла, бо ў яго маці быў выкідыш. А яшчэ ён бачыў прадзядулю, аб якім увогуле нават не чуў, але пазнаў па фотаздымках, на якіх той у маладосці. Хлопчык сказаў, што ў раі ўсе маладыя.
Мабыць, трэба прачытаць гэтую кнігу. Факты сведчаць, што гісторыя ў ёй - рэальная. Знак ад Бога?
Песня месяца: “Малітва”, Дзіяна Гурцкая
У рэпертуары вядомай усім сляпой спявачкі, якая мае моцны прыгожы голас, шмат пранікнёных песень. Яна не злуецца на Бога, але прадаўжае маліцца нават у песнях. Бог усё ж не вяртае ёй зроку, мабыць, і да лепшага. Цяпер свет такі злы і неабачлівы. Але Ён падараваў ёй любага мужа, дзіця, творчасць і магчымасць дапамагаць такім жа, як і яна. Дзіяна стварыла фонд дапамогі дзецям з парушаным зрокам “Па закліку сэрца” і актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю. У “Малітве” яна просіць супакою “на зямлі і ў душах”, адагрэць любоўю заблукаўшых і паказаць усім нам светлы шлях у цемры. “Прабач нас, Божа пад нябёсамі, / за тое, што мы часам вырабляем…”. Трапна і актуальна.
Як жа пасябраваць з часам?
-Успамінаць мінулае, думаць пра будучыню, а жыць сённяшнім.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 78 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.