ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Дзеці – наша вялікая радасць і надзея

З жыцця Касцёла

1 чэрвеня 2011 г. парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (мікрараён Паўднёвы) вітала ўдзельнікаў I Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці Гродзенскай дыяцэзіі. Гэты праект быў рэалізаваны пад дэвізам “Засей зерне любові”.
Ініцыятарамі свята для дзяцей выступілі: ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, моладзь парафіі ў Паўднёвым, а таксама кс. Юрый Марціновіч, які стаў галоўным арганізатарам праекта. Спачатку планаваўся ўдзел некалькіх соцень дзяцей. Аднак 1 чэрвеня ў Паўднёвым сабралася 809 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Дэлегацыі прыбылі з Ваўкавыска, Крамяніцы, Навагрудка, Ліпнішак, Іўя, Адэльска, Дзятлава, Воранава, Сапоцкіна, Квасоўкі, Капцёўкі, Адамавічаў, Падзітвы, Каменкі, Мастоў, Радуні, Мастоў Правых і, зразумела, з парафій Гродна (акрамя гаспадароў - з Дзевятоўкі, Вішняўца, катэдры, св. Юзафа на Сухамбаева, Францішканаў, Аўгустоўка, Пабернардынскага і Пабрыгіцкага касцёлаў).
Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці распачаўся з прывітальнага слова арганізатараў. Потым адна з удзельніц свята перарэзала чырвоную стужку. І распачалося. Спевы, танцы, гульні і радасны дзіцячы смех былі на кожным кроку. На збудаванай на прыкасцёльнай тэрыторыі сцэне дзеці разам з вакальным калектывам “Анёлкі” мясцовай парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ заспявалі песню “Пан Змёртвыхпаўстаў”. Потым выступіў танцавальны калектыў “Радунскія салоўкі” з парафіі Маці Божай Ружанцовай з Радуні. Дарэчы, з Радуні на свята прыехала ажно 43 дзіцяці. Паспявалі, патанцавалі – трэба пагуляць. На сцэну выйшла сястра Марлена з дзецьмі з катэдральнай парафіі св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне. Яны разам сталі вучыць усіх сабраных танцавальным рухам, а потым перайшлі ад тэорыі да практыкі, і на прыкасцёльным пляцы танцавалі ўсе. Потым былі розныя гульні, спеў.
   У 12.10 у будынку касцёла распачалася катэхэза, якую правёў кс. Юрый, вікарый з катэдральнага касцёла. Святар прыгадаў дэвіз Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці – “Засей зерне любові” – і пастараўся растлумачыць дзецям яго сэнс. Між іншым, ён сказаў: “Калі нас хрысцілі, Пан Езус засеяў у нашым сэрцы зерне любові. Аднак часта здараецца так, што мы яго не заўважаем”. Ксёндз Юрый звярнуўся да дзяцей з пытаннямі, а працэс сумеснага пошуку адказаў на іх спрыяў лепшаму засваенню Божай праўды ў маладых сэрцах. Напрыклад, святар запытаўся, як праяўляецца любоў бацькоў да дзяцей. І атрымаў адказ, што бацькоўская любоў праяўляецца ў выглядзе дзеянняў і слоў, адносін да дзяцей. Святар засяродзіў увагу на тым, што наша жыццё складаецца з двух элементаў: слоў і ўчынкаў. Ксёндз папрасіў акрэсліць, якія бываюць нашы дзеянні. “Добрыя і дрэнныя”, – адказалі дзеткі. Святар разважаў: “Калі зробіш добры учынак і за яго падзякуюць – на сэрцы робіцца прыемна, радасна. У вас з’явіцца жаданне рабіць больш добрых учынкаў. Калі мы гаворым брыдкія, дрэнныя словы – людзі адворчваюцца ад нас. Ёсць словы, якія выклікаюць у нас крыўду. Калі нам гавораць такія словы, то ў нас з’яўляецца пачуццё пакрыўджанасці, гневу і злосці. І тады з добрага чалавека атрымліваецца пачвара”. Ксёндз Юрый узяў з дзяцей слова, што яны будуць добрымі, сумленнымі людзьмі. Дзеці ўсе разам гэта пацвердзілі. А на заканчэнне святар пасеяў сярод дзяцей зярняткі, якія тыя з радасцю падабралі. Ксёндз Юрый даў заданне вырасціць гэтыя зярняткі так, каб яны прынеслі плён. Вось такім чынам ксёндз запрасіў дзяцей да ўзрастання ў любові да Бога і бліжняга.
   Пасля катэхэзы адбыўся кароткі канцэрт, якому папярэднічала тэатральнае прадстаўленне групы дзяцей з францішканскай парафіі. Яны паказалі прадстаўленне аб сейбіце, які сеяў зерне (паводле тэксту Святога Пісання). Затым на сцэну выйшлі дзеці з квасоўскага калектыву “Іскрынка”, якія выканалі некалькі песень. Выступалі таксама гурты „“Soli Deo”, „“Dies Domini”.
   Пасля абеду арганізатары прапанавалі дзецям новую форму паглыблення ў навуку любові – сустрэчу з Бібліяй. Дзяцей падзялілі на 5 груп, кожная з якіх мела свайго кіраўніка.
   У 16.15 распачалася св. Імша, якую цэлебраваў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Арцыпастыр нашай дыяцэзіі быў вельмі рады бачыць такое мноства дзяцей у касцёле. Эўхарыстыю ўпрыгожваў спеў гурта з парафіі св. св. Пятра і Паўла з Іўя. Казанне прамовіў кс. Павел Салабуда. Святар заклікаў дзяцей любіць Пана Езуса і ўкараняць любоў у нашых што-дзённых адносінах. На заканчэнне св. Імшы прадстаўнікі кожнай парафіяльнай групы падаравалі ксяндзу біскупу плакаты, якія прадстаўлялі іх парафіяльныя дэлегацыі. Арцыпастыр блаславіў дзяцей і выказаў надзею, што Пан Бог дапаможа, каб падобныя мерапрыемствы адбываліся ў дыяцэзіі штогод.
   Пасля св. Імшы адбылася мультымедыйная прэзентацыя “Пазнаём нашу дыяцэзію”, а потым – канцэрт мінскага гурта “Небасхіл”. Першы Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці завяршыў салодкі стол з вялікім тортам з нагоды 20-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі.
   Падчас гэтага радаснага свята я размаўляў з некаторымі дзецьмі. Міністрант Славік з Радуні расказаў мне, што прыехаў сюды, каб бліжэй пазнаць Пана Бога, каб усе мы былі ў адзінстве, як наш Касцёл. А таксама каб пазнаёміцца з іншымі дзецьмі і памаліцца. Яго сяброўка спадзявалася ўбачыць Гродна, пазнаёміцца з іншымі дзецьмі і павесяліцца разам з імі. “Трэба любіць Бога, і Бог дапаможа любіць іншых людзей”, – падказвала дзецям апякун групы Тэрэза Клімовіч, калі тыя адказвалі на мае пытанні.
   Я размаўляў таксама з групай з Навагрудка: “Мы прыехалі, каб пазнаёміцца бліжэй з дзецьмі з іншых парафій, праславіць Пана Езуса”. Адна з дзяўчынак сказала, што ёй вельмі спадабалася мясцовая святыня. Іншым дзецям спадабаліся катэхэза, танцы і гульні з сястрой Марленай.
   – Чаго вы чакалі ад сённяшняга дня? – запытаўся я ў дзяўчынак з Квасоўкі.
   – Я вельмі хацела пачуць мінскі гурт “Небасхіл”. Яны прыехалі, і я вельмі рада, – адказала Караліна.
   – Што вам найбольш спадабалася?
   – Мне спадабалася выступаць перад дзецьмі. Гэта вельмі шчырая аўдыторыя, – падзялілася Віка.
   – Чаму вы навучыліся за сённяшні дзень?
   – Таму, што трэба любіць іншых людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.