ГРОДНА
Аўторак,
18 студзеня
2022 года
 

Курс на Мадрыд

На шляху да святасці

2 мільёны чалавек! Тысячы здарэнняў! Найлепшы арганізатар у свеце! Мадрыд – новая сталіца для моладзі!
Засталося менш чым паўгода да адной з галоўных падзей для каталіцкай моладзі ўсяго свету – XVI Сусветнага дня моладзі. Што гэта – Дзень моладзі? Навошта патрэбна ехаць больш чым за 3000 км аўтобусам некалькі сутак? Навошта жыць у незнаёмай сям’і ці ў гімнастычнай зале школы цэлы тыдзень? Навошта пакутаваць у 40-градусную спёку, прымаючы ўдзел у святой Імшы? Навошта гэтыя намаганні і пакуты, калі за тыя ж грошы можна паехаць на прыгожае ўзбярэжжа і ляжаць на пляжы, цешачыся жыццём? Я, як і ўсе ўдзельнікі СДМ, упэўнена, што варта! Пастараюся кожнаму з вас даказаць гэта. Давайце ўявім сабе Сусветныя дні моладзі ў выглядзе шматкаляровай вясёлкі, у якую ўпісаны розныя колеры. Сем колераў і сем прычын быць з намі там!
Першая дуга вясёлкі – гэта Папа, магчымасць спаткання з паслядоўнікам Пятра ў жывую, магчымасць слухаць Яго навучанне і глядзець на Яго, такога блізкага, быць разам з ім. 1985г. – вялікае спатканне моладзі з нагоды Міжнароднага года моладзі ў Рыме на плошчы св. Пятра ў Пальмовую нядзелю. Святы Айцец Ян Павел II піша апостальскі ліст да моладзі ўсяго свету, а таксама абвяшчае ўстанаўленне Сусветных дзён моладзі. Гэта дае пачатак паломніцтвам моладзі па зямлі. Асабліва цяпер, у гэты надзвычайны год, калі наш каханы Ян Павел II будзе беатыфікаваны, мы павінны адказаць “ТАК” на яго запрашэнне. Мы – Яго пакаленне, Яго выхаванцы, Яго надзея! Бэнэдыкт XVI працягвае справу нашага Папы. Мы не можам яго расчараваць! Другі колер, які надае прыгажосць усёй вясёлцы, – гэта маладыя людзі. Хрыстос шукае моладзь, а яна сустракае Хрыста. Маладосць – гэта не памылка, гэта не супярэчнасць, хвароба ці перапынак. Гэта вартасць сама па сабе, гэта багацце для ўсіх. Падчас такога спаткання Ты знойдзеш сяброў са ўсяго свету, зразумееш, што ў Бразіліі, на Алясцы ці ў Конга таксама ёсць цікавыя, з усмешкай, сардэчныя, прагныя шчасця твае равеснікі. Усе разам мы складаем малады Касцёл, гэта ў нашых сэрцах і руках Яго будучыня, і толькі разам мы можам быць моцныя ў веры!
    Трэці колер азначае, што дзякуючы такому спатканню, ты пазнаёмішся з новымі культурамі, а прымаючы ўдзел ў Фестывалі Моладзі, убачыш мастацкую самадзейнасць моладзі ўсяго свету. Маладыя твораць для маладых. Музыка, танец, тэатр, кіно, выставы карцін, скульптур, фатаграфій, прадстаўленні гістарычных паломніцкіх шляхоў, дыскусіі, майстар-класы, а таксама тысячы іншых спосабаў, якія паказваюць асаблівасць кожнай культуры і нацыянальнасці. Такія сустрэчы дазваляюць моладзі прадставіць і перадаць іншым свае разнастайныя культуры, мовы і разуменне свету. Ты можаш быць іх сведкам або актыўным удзельнікам. Агульнасусветны памер гэтай падзеі дазваляе адкрыць таксама ўласнае багацце і ўласную самасвядомасць як чалавека, хрысціяніна, падстаўніка дадзенага грамадства, паказаць, што я – беларус, паляк, немец, англічанін, італьянец і г.д.
    Наступным элементам гэтай рознакаляровай мазаікі з’яўляюцца Іспанія і іспанскі народ. Іспанія – гэта стыль жыцця, гэта людзі, якія заўсёды ўсміхаюцца, гэта шматлікія рэстараны, апельсіны, добрае сонца, шлях св. Якуба, Эль-Грэка і Таледа, чырвоныя ружы ў чорных валасах, фламенка… У Іспаніі, як рэдка ў якім іншым месцы, спраўджваюцца стэрэатыпы. Іспанцы маюць гарачую кроў, любяць віно, гучныя вечарыны ў кавярнях, эмоцыі на арэне баёў быкоў. Практычна кожны дзень у якім-небудзь горадзе адбываецца мясцовая фіеста з працэсіяй і танцамі на вуліцах. Фонам прыроды з’яўляюцца самыя прыгожыя гарады свету – Барселона з дыханнем зялёных Рамбляс і заблытаных будынкаў Гаўдзі, каменнае Таледа, сонечная Сівілія, поўныя марскога ветру Сан-Себасцьян і Кадзікс. Вобраз Іспаніі дапаўняюць залатыя пляжы і цёплыя моры, якія акружаюць краіну з чатырох бакоў свету. Гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць, аднак калі туды не паедзеш, то ніколі гэтага не адчуеш. Тады іспанская тарцілья, рухі сальсы і стадыён для карыды будуць узнагародай для іншых. Дзякуючы ўдзелу ў Дыяцэзіяльных днях моладзі, можна ўбачыць сапраўдную, будзённую Іспанію.
    Пяты колер – гэта сам Мадрыд і яго незвычайныя музеі і паркі. Музей пры Пасэа-дэль-Прада, дзе знаходзяцца вялікія тварэнні такіх творцаў, як Францыск Гойя і Дыега Веласкес; парк Буэн-Рэціра – 120 гектараў дрэў, кустоў і газонаў у самым цэнтры горада; музей Рэал у Мадрыдзе, а таксама яшчэ некалькі дзесяткаў вядомых ва ўсім свеце ўнікальных месцаў, якія, прымаючы ўдзел у СДМ, ты зможаш наведаць зусім бясплатна!
    І яшчэ два апошнія, але хіба найважнейшыя колеры гэтай вясёлкі, якая называецца Сусветныя дні моладзі. 6 гадоў таму, прымаючы ўдзел у такім спатканні ў Кёльне, я перажыла адзін з хіба найбольш эмацыянальных і шчаслівых момантаў жыцця. На святой Імшы на заканчэнне, падчас малітвы “Ойча наш”, больш чым 2 мільёны маладых людзей узяліся за рукі, і кожны на сваёй мове, стоячы перад Папам, гаварыў словы той самай малітвы… У гэты момант, як ніколі раней і ніколі потым, я адчула, што значыць Сусветны Каталіцкі Касцёл, што значыць быць яго часткай…
    Шосты колер – гэта моц і веліч Каталіцкага Касцёла ў свеце, якую можна адчуць толькі ў Мадрыдзе падчас святой Імшы! Каб перажыць гэты момант, варта эканоміць і збіраць грошы на гэтую паездку, варта пераадолець усе цяжкасці і быць там разам з маладым Касцёлам!
    І апошні, але найважнейшы колер – гэта сам Хрыстос. Яго сустрэнеш у кожным напатканым пілігрыме, у вачах, напоўненых слязамі з-за таго, што Папа знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі, у танцору фламенка, у Крыжовым шляху вуліцамі Мадрыда, у ціхай ранішняй малітве, у шуме цёплай жнівеньскай ночы, ва ўсмешцы іспанца… Там Ён заўсёды будзе каля цябе, будзе вадзіць цябе і паказваць усе колеры гэтай вясёлкі, таму што Ён – гэта фундамент, надзея і любоў! Ён будзе чакаць там кожнага, каб, як гэта не парадаксальна, сустрэцца ў натоўпе з кожным асабіста.
    Можна заўсёды знайсці якую-небудзь прычыну і застацца дома або паехаць на адпачынак, але ведай, Дарагі Чытач, што час ляціць хутка. Праз некалькі гадоў будуць ужо іншыя абавязкі і іншая краіна, а можа нават і іншы кантынент, дзе арганізуюць наступныя Сусветныя дні моладзі. Трэба дзейнічаць тут і цяпер, бо Касцёл разлічвае на нас, наша прысутнасць аднаўляе Яго і дае Яму сілу! Дай сведчанне тваёй веры, падзякуй Яну Паўлу II, таму што Ён верыў нам і мы былі Яго надзеяй, пазнаёмся з Іспаніяй і з моладдзю ўсяго свету, а таксама перажыві самую вялікую прыгоду ў сваім жыцці! Гарантую, што ты не пашкадуеш!!!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  348

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.